Актывісты партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя"збіраюць у Мёрах подпісы пад зваротам у Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Генеральную пракуратуру з патрабаваннем вызваліць каталіцкага святара Уладзіслава Лазара.
Па словах аднаго з актывістаў, некаторыя людзі адмаўляюцца падпісвацца, бо баяцца, іншыя кажуць, што нічога не ведаюць пра арыштаванага ксяндза. "Без пытанняў падпісваюцца толькі старыя", - кажа актывіст.
Подпісы за вызваленне ксяндза збіраюць актывісты БХД і ў Глыбокім.
Каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар служыў у Барысаве. Быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ 1 чэрвеня 2013 года. Спецслужбы не паведамляюць, па якой прычыне арыштаваны святар і па якім артыкуле заведзеная крымінальная справа. Тым часам Лукашэнка прагаварыўся, што ў Беларусі нібыта быў злоўлены шпіён, звязаны з замежжам праз каталіцкіх святароў.
Многія ў Беларусі перакананыя, што ксёндз Лазар - ніякі не шпіён, а арыштавалі яго, каб шантажаваць Касцёл.