Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

“Пачынаць трэба з сябе”. Гутарка з маладымі, якія размаўляюць па-беларуску

$
0
0

Westki.info паразмаўлялі з вучнямі школ і студэнтамі, якія актыўна ўжываюць у сваім жыцці беларускую мову. Мы распыталі іх пра тое, як яны зацікавіліся беларускай мовай і культурай, як на гэта рэагуюць бацькі і аднагодкі, і якім чынам маладзёны пашыраюць ужытак роднай мовы.

Словы маладых абвяргаюць міф пра заняпад беларускай мовы. На самай справе мы назіраем адваротны працэс – на мову прадзедаў пераходзіць моладзь.

Ганна Пракаповіч, студэнтка 1 курса БНТУ, скончыла школу №2 ў Паставах:

- З першага класа штогод хадзіла на алімпіяду па беларускай мове. Настаўніца казала – я ішла. Але ў класе восьмым я зразумела, што вывучаю родную мову не толькі для таго, каб атрымаць добрую адзнаку: гэта яшчэ і вельмі цікава.

Дзякуючы настаўніцы Тамары Мікалаеўне Захарэвіч, прыйшло разуменне: столькі ёсць цудоўнай беларускамоўнай музыкі! А кнігі!!! Яны сталі больш цікавымі, бо, напэўна, падрасла, каб падыйсці да больш грунтоўнага чытання і разумення класікі беларускай літаратуры.

А размаўляю па-беларуску я толькі год. Зараз задаюся пытаннем, чаму я не раней перайшла са звыклай трасянкі да гнуткай, спеўнай, мілагучнай беларускай мовы. Магчыма, у малым узросце я проста не магла адчуць увесь яе смак. І вось адчула! Адным са штуршкоў да маёй беларускасці стала песня беларускага выканаўцы Вінсэнта “Наша слова ў небяспецы”. Пачуўшы яе, я нарэшце зразумела : “Пачынаць трэба не з іх, не з яго, не з яе, а з сябе”.

Бацькі размаўляюць не па-беларуску, але і не па-руску: тутэйшая гаворка з перавагай беларускіх слоў. Сябры - тут ужо іншая справа - некаторыя былі здзіўленыя і не надта задаволеныя, некаторыя ўспрынялі нармалёва, але з цягам часу прывыклі. На выпускным я заўважыла, што шмат хто з аднакласнікаў у гутарцы са мной ужывае па аднаму-два адметныя беларускія словы. І гэта цешыць.

Я заўсёды імкнуся прыдумаць нешта, каб зацікавіць людзей роднай мовай. Запрашаю пайсці разам са мной на разнастайныя імпрэзы, вечарыны, прэзентацыі. На сваім дні народзінаў, напрыклад, усіх гасцей я прымусіла гаварыць па-беларуску. Увесь вечар гучала родная мова з вуснаў блізкіх мне людзей, хоць некаторым было цяжкавата.

Мая спецыяльнасць у БНТУ называецца “Вытворчасць экспазіцыйна-рэкламных аб’ектаў”, і я вельмі спадзяюся, што, адвучыўшыся пяць год, я змагу ствараць якасную беларускамоўную рэкламу.

Алег Русін, вучань 11 класа Удзельскай школы (Глыбоцкі раён):

- Асэнсаванне таго, што беларуская мова для мяне родная, прыходзіла паступова. Спачатку стаў цікавіцца беларускай гісторыяй. Я ніяк не мог уцяміць, чаму прадмет гісторыя Беларусі можа выкладацца на рускай мове. Са школьных прадметаў мне найбольш падабаецца беларуская літаратура.

Беларускую мову ў размове выкарыстоўваю не вельмі часта: я стараюся не навязваць свае погляды. Хай кожны дойдзе да разумення сам. Па-беларуску я пішу на сваёй старонцы ”ВКонтакте”. Ёсць некалькі сяброў у сацыяльных сетках, якія могуць падтрымаць зносіны на роднай мове. Пісаў па-беларуску артыкулы ў газету.

Цяпер я навучаюся ў 11 класе Удзелаўскай школы. Збіраюся паступаць на гістарычны факультэт. І я ўжо цяпер выдаю, што мовай майго навучання будзе беларуская. Доўгатэрміновых планаў на жыццё я будаваць не люблю. Хацелася б працаваць выкладчыкам гісторыі ў школе або ва ўніверсітэце. І, канешне, выкладаць па-беларуску.

З мастацкіх твораў магу параіць творы Васіля Быкава. Яны вельмі праўдзівыя, рэалістычныя. І сам Васіль Быкаў быў вельмі цікавай асобай. Ён прадказаў нацыянальнае адраджэнне беларусаў, быў яго правадніком. Яшчэ я лічу, што трэба больш здымаць беларускіх фільмаў на беларускай мове. Без роднай мовы мы загінем як нацыя. На мой погляд, кожны можа прыкласці намаганні для выратавання мовы.

Вольга Янковіч, вучаніца 11 класа Ваўкалацкай школы (Докшыцкі раён):

- Беларускую мову і літаратуру люблю з дзяцінства, але глыбока цікавіцца беларушчынай я пачала адносна нядаўна, гады тры таму. У той час я адкапала бібліятэку свайго таты, дзе ўсе кнігі былі беларускімі. Творы Караткевіча, Быкава, Чорнага, Глобуса, Янішчыц і яшчэ многіх-многіх сталі ўлюбёнейшымі і дагэтуль застаюцца на першых месцах маіх чытацкіх рэйтынгаў :)

Настаўнікі асаблівай увагі на пераход на беларускую мову не звярнулі – беларускамоўная школа, як-ніяк! Аднагодкі спачатку смяяліся (“Калхоз…”, “Апазіцыя…”), але потым некаторыя пачалі спрабаваць размаўляць па-беларуску.

Многія людзі, калі пачаць з імі размаўляць роднай мове, адкажуць таксама па-беларуску, ды яшчэ ўсміхнуцца, а хтось і руку пацісне: “Паважаю!”.

Я размаўляю (ну, стараюся размаўляць :) на беларускай мове, раю сябрам і знаёмым музыку беларускіх гуртоў, кнігі беларускіх аўтараў… Маю старонкі ў сацыяльных сетках на беларускай мове і перапісваюся з людзьмі па-беларуску. Вось мая прапаганда! :)

* * *
А як Вы пачалі размаўляць па-беларуску? Напішыце ў каментарах.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles