Калега Зміцер Лупач апублікаваў добры, але вельмі сумны відэарэпартажз горада Дзісна, насельніцтва і эканоміка якога няспынна скарачаюцца.
Шкада, што Зміцер не здолеў перадаць у сваім рэпартажы прыгажосць прыроды, краявіды і гістарычна-культурную спадчыну Дзісны. Можа, таму што надвор'е не спрыяла гэтаму. У Дзісну варта прыехаць вясной або летам. Гэта адзін з самых прыгожых гарадоў, якія я бачыў.
Зміцер - не першы рэпарцёр, які піша пра Дзісну як пра горад, які памірае. Перад ім быў прынамсі Ялю Курэк з Кракава, які ў 1934 годзе дзяліўся змрочнымі ўражаннямі з чытачамі газеты "Ilustrowany Kuryer Codzienny".
"Дзісна - адно з нямногіх местаў, якое перажыло такую макабрычную катастрофу, такую нязвыклую трагедыю. Як бы які незвычайны тайфун праляцеў над Дзісной: ёсць сляды места, але места ўжо няма. Некаторыя дамы пакінутыя, напалову разваленыя - могілкі руінаў і ўспамінаў. Вокны на другім паверсе жалосна забітыя дошкамі, дамы пазбаўленыя жыхароў. Кажуць, што ў Дзісне можна жыць амаль задарма - толькі за падтрыманне ў прыдатным стане памяшкання", - пісаў Ялю Курэк. (IKC, Nr. 302, 31.XI.1934 - спампаваць нумар цалкам можна па спасылцы).
Яшчэ перад ІІ Сусветнай вайной склалася некалькі чыннікаў, якія прадвызначылі заняпад Дзісны. Па-першае, гэта заняпад гандлю па Дзвіне - пасля адкрыцця ў 1866 годзе Рыга-Арлоўскай чыгункі гандлёвы рух па Дзвіне скараціўся на некалькі парадкаў.
Па-другое, перанос у 1920 годзе павятовага цэнтра ў Глыбокае - Дзісна перастала быць адміністрацыйным цэнтрам, а "сярэдні клас" - чыноўнікі павятовай адміністрацыі, суда, самакіравання - жылі і трацілі грошы ў Глыбокім, а не ў Дзісне.
Па-трэцяе, разрыў эканамічнай сувязі з тэрыторыямі, якія апынуліся пад кантролем Саветаў. Дзісненцы не маглі гандляваць з Полацкам, Віцебскам, Пецярбургам, не маглі выязджаць туды на заробкі, гэта быў вялікі ўрон для эканомікі горада і наваколля.
Грамадскасць змагалася за інтарэсы Дзісны. Гэтак, у 1934 годзе дзісненцы пераканалі адміністрацыю адмовіцца ад ідэі перанесці дзяржаўную гімназію з Дзісны ў Паставы. Стварылі таварыства, якое лабіявала ідэю будаўніцтва чыгункі Шаркоўшчына - Дзісна. У 1938 годзе чыгунка ў Дзісну трапіла ў план развіцця чыгуначнай сеткі Міністэрства камунікацый Польшчы - але вайна перакрэсліла гэтую ідэю.
Дзяржаўная эканоміка і змены адміністрацыйнага падзелу ў савецкі час, а таксама няўвага дзяржавы да развіцця прыватнай эканамічнай ініцыятывы пры Лукашэнку сталіся чарговымі чыннікамі, якія працягнулі заняпад Дзісны.
Фадзей Шымуковіч распавядае пра росквіт і заняпад Дзісны. Рэпартаж Змітра Лупача, Westki.info.