Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь—галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк 26 лютага наведаў Міёры. Разам са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Ігарам Кузняцовым ён агледзеў будаўніцтва жылля для будучага металапракатнага завода. Больш увагі нададзена завяршэнню новага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы.
Высокі госць прайшоў па тэрыторыі і паверхах, выслухаў тлумачэнні намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве Леаніда Лясовіча і начальніка ПМК-55 Валерыя Брыля.
Сітуацыя на будоўлі наступная: пакрысе тут вядуць работы спецыялісты ПМК-55. Але на іх фінансаванне сёлета выдзелены 4 мільярды рублёў, што вельмі мала. Цяпер перад абласным кіраўніцтвам стаіць пытанне, на што накіраваць асноўныя намаганні. Падобныя перадпускавыя медыцынскія будоўлі на Віцебшчыне дзве—бальніцы ў Оршы і Міёрах. Закончыць абедзве фінансавых сродкаў не хопіць. У Оршы гатоўнасць аб'екта большая, але і для завяршэння будаўнічых работ патрэбна больш сродкаў. У Міёрах, па сцвярджэнні начальніка ПМК-55 Валерыя Брыля, асноўныя работы на галоўным корпусе выкананы прыкладна на 70%. На забеспячэнне астатняга патрэбна каля 40 мільярдаў рублёў, значна менш, чым у Оршы. Спецыялісты перасоўнай калоны і субпадрадных арганізацый гатовы неадкладна прыступіць да заканчэння работ па вентыляцыі, сантэхніцы, электразабеспячэнні, сувязі і іншых напрамках, каб потым заняцца чыстай аддзелкай.
Вядома, прагучала пытанне аб тым, ці хопіць мясцовых сіл, каб асвоіць вялікія сродкі, неабходныя для заканчэння будоўлі, калі яны будуць выдзелены. На яго Валерый Мікалаевіч даў станоўчы адказ.
Аднак рашэнне будзе прымацца на абласным узроўні. Чакаем.
У час размовы з памочнікам Прэзідэнта— галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці Валерый Брыль узняў пытанне аб заканчэнні фінансавання ўжо ўзведзенага аб'екта, прадугледжанага рэспубліканскай праграмай будаўніцтва і рэканструкцыі жывёлагадоўчых ферм. Цяпер бы гэтыя 3 мільярды вельмі падтрымалі нашых будаўнікоў.
Леанід МАТЭЛЕНАК.