Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Майстэрня "Лаўка цудаў"пры Міёрскім ТЦСА

$
0
0

Працоўную майстэрню "Лаўка цудаў", якая дзейнічае пры Міёрскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, наведваюць аматары творчасці. Кіруе аб'яднаннем Алена Плехтан, якая закончыла ўніверсітэт імя П.М. Машэрава па спецыяльнасці педагог-мастак. Галоўная асаблівасць яе работы ў тым, што далучае да творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Прыемна адзначыць, што нават тыя, хто першапачаткова баяўся брацца за справу, цяпер дзякуюць інструктару па працоўнай тэрапіі за прапанову, а таксама за карпатлівае навучанне. Прыемна адзначыць, што некаторыя творы з "Лаўкі цудаў"займаюць прызавыя месцы ў абласных конкурсах,—расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Таццяна Паўлаўна Шульга.—Напрыклад, у конкурсе, прысвечаным жыццю і творчасці вядомага мастака Іллі Рэпіна, трэцяе месца прысуджана рабоце "Сядзіба Рэпіна". Аляксандр Наркевіч выканаў яе, выкарыстоўваючы гліну, скуру і гузікі ў якасці дэкору. Другое месца заняў трыпціх "Любімыя жанчыны Рэпіна", аўтарам якога Юрый Рынкевіч. Ён падрыхтаваў тры карціны, аб'яднаныя адной тэмай,—з выявамі жонкі і дзвюх дочак знакамітага мастака.
Заняткі ў працоўнай майстэрні штодзённыя, але наведванне іх вольнае. Хтосьці прыходзіць часцей і падоўгу шчыруе над сваімі работамі, іншым жа затрымлівацца не дазваляе здароўе. Аднак, са слоў інструктара па працоўнай тэрапіі Алены Плехтан, у кожнага вучня ёсць творчыя зярняткі і жаданне ствараць.

Роспісам па дрэве ў майстэрні займаюцца Юрый Савуць, Юлія Мароз, Люміла Бакевіч, Юрый Рынкевіч, Яўген Піскун… Іх работы і іншых гурткоўцаў заўсёды можна пабачыць на выставах народнай творчасці, што арганізуюцца падчас раённых свят.
—Калі хтосьці ацэньвае якасць роспісу па дрэве, то звяртае ўвагу не толькі на малюнак, акуратнасць нанясення фарбы, але і на якасць выкарыстанай драўніны,—расказвае Алена Анатольеўна.—Дрэва—унікальны матэрыял, з якім працаваць адно задавальненне. Бяры ў рукі—і стварай. Можна выразаць, выпальваць, выпілоўваць, канструяваць. Навучыцца роспісу па драўлянай паверхні можа кожны, гэта вельмі цікавы раздзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з тэхнікай якога і знаёмімся на занятках.

—З чаго пачынаецца творчая работа?
—З падбору нарыхтоўкі. Найчасцей выкарыстоўваем уласнанарыхтаваныя спілы са ствала дрэва. Не падумайце, што для гэтага псуём лясныя насаджэнні. Калі хто-сьці нарыхтоўвае дровы, то не саромеемся папрасіць прыдатныя нам для работы цурбаны. На спіле не павінна быць сукоў, а калі ёсць такія "аздобінкі", то павінны ўпрыгожваць будучае пано.

Інструктар па працоўнай тэрапіі падкрэсліла, што незаменныя ў рабоце па роспісе бескаляровы лак, акрылавыя фарбы, пэндзаль, калька, аловак… і шліфавальныя прыстасаванні для апрацоўкі. Раней для паліроўкі паверхні выкарыстоўвалі толькі наждачную паперу, што вымагала шмат часу, каб дабіцца патрэбнай якасці. Сёлета работа значна аблегчылася дзякуючы электраінструменту, які падарыла раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд міру".
—Матывы роспісу розныя: ад вельмі складаных да самых просценькіх. Галоўнае, каб занятак прыносіў задавальненне. Бо любая творчасць менавіта для гэтага і існуе,—кажа кіраўнік "Лаўкі цудаў".

Алена Плехтан дэманструе адну з творчых работ—невялікая, але прыгожая, з адлюстраваннем Міёраў. Тлумачыць, што падрыхтавала гатовыя карціны і неабходны матэрыял для майстар-класу па роспісе па дрэве. Праўда, на гэты раз збіралася дэманстраваць работу юным творчым асобам са спадзяваннем, што гэты від дэкаратыўна-прыкладной творчасці ім спадабаецца. Спецыяліст сацыяльнай службы адзначыла, што дастаткова асвоіць самыя простыя прыёмы роспісу, і ў кожным доме з'явяцца ўпрыгожанні, куды лепшыя, чым купленыя ў магазіне сувеніраў. А натхнёная праца, па меркаванні кіраўніка "Лаўкі цудаў",—гэта своеасаблівы элексір, які надае бадзёрасці і ўпэўненасці, нараджае адчуванне сваёй значнасці. Нездарма ж такія заняткі ў тэрытарыяльным Цэнтры называюць працоўнай тэрапіяй.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles