Гэтым музычным пажаданнем распачалі святочны канцэрт міёрскія спевакі Дар'я Шук, Святлана Атопкіна, Аляксей Конах і Ігар Мятла. У такт вясёлай песні загучалі апладысменты гледачоў, якіх у зале пад адкрытым небам сабралася шмат. Нават адсутнасць вольных месцаў на лаўках не стала перашкодай для прыхільнікаў творчасці артыстаў-землякоў: добры канцэрт можна і стоячы глядзець.
Вядучыя Аляксей Гайдзель і Вольга Галімбоўская, вітаючы гасцей, заўважылі, што для ўрачыстасці маюцца вартыя нагоды: Дзень Незалежнасці, які ўся краіна святкавала 3 ліпеня, і Дзень вызвалення Міёр ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што адзначаецца 4 ліпеня.
"Цвети, мой город ..."З прывітальным словам звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Ігар Валер'евіч Кузняцоў. Ён адзначыў, што Міёры становяцца прыгажэй, утульней і з кожным годам маладзеюць. Ігар Валер'евіч падзякаваў жыхарам горада і раёна, якія сваёй працай, любоўю і пашанай да малой радзімы клапоцяцца пра яе шчаслівую будучыню, пажадаў усім святочнага настрою і ўручыў узнагароды кіраўнікам мастацкіх калектываў, якія сталі лепшымі ў раённым аглядзе-конкурсе "Пра веліч народ мы песні спяваем", што традыцыйна праводзіўся на пачатку года.
"Цвети, мой город ..."Пераможцы творчага спаборніцтва і вядомыя артысты раёна на працягу дзвюх гадзін дарылі ўсмешкі і пазітыўныя эмоцыі гледачам. Вясёлымі народнымі песнямі радавалі жаночыя вакальныя групы Узмёнскага і Язненскага СДК, мужчынская вакальная група Паташнянскага СК.
—Мы жывём на зямлі, якая ніколі не скаралася ворагам. Ганарымся сваім народам, які, нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, не стаў жорсткім і абыякавым,—гаварылі вядучыя, нагадваючы пра ваеннае ліхалецце.
"Цвети, мой город ..."У год, калі споўнілася 70 Вялікай Перамозе, асаб-ліва важна памятаць цану мірнага неба і ўшаноўваць ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Для ўсіх, хто на сабе зведаў, што такое вайна, праспявала "Кацюшу"юная салістка Аляксандра Мацвеева. Харэаграфічны калектыў РДК, якім кіруе Максім Антанёнак, падарыў танцавальны нумар "Смуглянка".
"Цвети, мой город ..."Тое, якім будзе заўтрашні дзень Міёршчыны, у многім залежыць ад сённяшніх дзяцей. Колькі святла і дабрыні ім падорыцца, столькі і назад вернецца. Калі меркаваць па самых юных удзельніках канцэрта, з нашым заўтра ўсё ў парадку. Шчодрымі апладысментамі ўзнагароджвалі гледачы Данілу Астукевіча і дзіцячы калектыў Дзісенскага ГЦК, Віку Савейка і танцавальны калектыў ДШМ, Цімафея Фёдарава, Сашу Пашкоўскую, дзіцячую эстрадную студыю.
Як было адзначана са сцэны, 2015-ты нездарма аб'явілі Годам моладзі. Маладыя людзі ў нашай краіне цікавыя і таленавітыя, у тым ліку і на Міёршчыне. Як сведчанне—выступленні Паліны Казачонак, Яўгеніі і Дар'і Шук, танцавальнага калектыву ДШМ, Анастасіі Дзмітрыевай, Дзіяны Маляўка, танцавальнага калектыву "Азарт", тэатра авангарднай моды з калекцыяй "Карункавая казка".
З цеплынёй дарылі музычныя віншаванні артысты, што даўно сталі любімцамі міёрскай публікі—Аляксей Астукевіч, Валянціна Пундзіс, Тамара Якімёнак і Святлана Ішчук, Таццяна Бялевіч, народны калектыў "Азярніцы"УП ЖКГ.
Пакінуўшы прыемныя ўражанні і паабяцаўшы новыя сустрэчы, артысты развіталіся з гледачамі і са-ступілі сцэну для паказальнага выступлення ўдзельнікам секцыі кіокушынкай каратэ-до. Затым эстафету перанялі мастацкія калектывы з абласнога цэнтра і сталіцы, якія забаўлялі публіку да самага вечара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.