У наш час моладзь імкнецца выехаць у вялікія гарады. Тых, хто пасля вучобы вяртаецца на малую радзіму, каб на ёй і застацца, адзінкі. Выбіраць паміж жыццём у Віцебску або Міёрах некалі давялося і Максіму Платонаву. Перавагу аддаў роднаму краю, дзе зараз працуе намеснікам начальніка ФСК "Атлант", шчыруючы на ніве спорту.
Вучыўся ў Чапукоўскай школе. У дзявятым класе задумаўся над тым, якую прафесію давядзецца атрымліваць у будучым, таму едзе ў Верхнядзвінск, дзе атрымлівае адукацыю ў юрыдычным класе мясцовай гімназіі. Праз год Максім разумее, што абраная спецыфіка яго не вабіць, таму вяртаецца ў былую школу.
Вялікіх разважанняў наконт таго, якую спецыяльнасць атрымаць, перад хлопцам ужо не паўставала—у школе быў пастаянным удзельнікам разнастайных спаборніцтваў, на якіх паказваў нядрэнныя вынікі. Канечне, давялося пастарацца, каб здаць высокія спартыўныя нарматывы, падцягнуць веды па біялогіі, а вось з беларускай мовай праблем не ўзнікла — у школе яе ведаў на "выдатна". Старанні акупіліся, і Максім становіцца студэнтам факультэта фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.
Акрамя прафесіі настаўніка, тут давалася магчымасць вывучыцца на трэнера. З прапанаваных відаў спорту Максім выбраў непрывычны для большасці гандбол.
Чатыры гады студэнцкага жыцця праляцелі ў імгненне, тым больш што сумаваць не было часу—з другога курса пачалася практыка ў летніх лагерах, потым—у школах.
У апошні год вучобы Максім пачаў працаваць трэнерам па гандболе ў адной з ДЮСШ горада Віцебска. Калі адбылося размеркаванне, там і застаўся. Дзяцей для набору ў групу хапала, цікава было асвойвацца на трэнерскай пасадзе. Атрымаў судзейскую катэгорыю і нават судзіў чэмпіянат Рэспублікі. За два гады адпрацоўкі паспеў прымерыць ваенную форму—быў прызваны на службу ў войскі сувязі ў Барысаве. Хлопец жартуе, што армія дазволіла паспрабаваць сябе ў новай сферы і пераключыцца на нешта акрамя работы.
Максім прызнаецца, што мітусня вялікіх гарадоў яго ніколі не вабіла, а вось вярнуцца ў Міёры яму прапаноўвалі яшчэ падчас паступлення ва ўніверсітэт. Заканамерна, што праз два гады яго пацягнула дадому. Адразу па вяртанні прапанавалі заняць пасаду намесніка начальніка ФСК "Атлант". Праца чакала абсалютна новая — шчыльная работа з насельніцтвам, арганізацыя і правядзенне спартыўна-масавых мерапрыемстваў, дадалася папяровая работа. Хлопец смяецца, што за два гады трэнерства не афармляў столькі дакументаў, колькі за два тыдні на новым месцы. Спраў хапае, тым больш, што спаборніцтвы, як правіла, выпадаюць на выхадныя, а значыць шчыраваць даводзіцца 7 дзён у тыдзень.
Каб не сумаваць па трэнерскай рабоце, Максім дадаткова трэніруе дзіцячую футбольную каманду. Ад-значае, што спорту ў яго жыцці прысвечаны не толькі рабочы, але і вольны час. Так хлопец выступае за каманду ФК "Міёры", ходзіць на валейбол, гуляе ў настольны тэніс і шахматы, ён заўзяты футбольны баллельшчык.
Перакананы, што ўсё ў жыцці робіцца да лепшага. "Ва ўсім ёсць свае плюсы і мінусы, — зазначае Максім. — Ніколі не шкадаваў ні пра выбраную прафесію, ні пра тое, што вырашыў вярнуцца дадому. Упэўнены, што прыняў правільнае рашэнне".
Арына БАРКОЎСКАЯ.
Фота Казіміра БЛАЖЭІЧА