Дарожнае пытанне застаецца актуальным у любую пару. Вось і цяпер міярчан непакоіць, што асфальт на гарадскіх вуліцах, які месцамі і так пакідае жадаць лепшага, дадаткова разбіваецца фурамі, якія ездзяць праз горад. Ці ёсць управа на вялікагрузы і ці маюць яны права рухацца праз цэнтр?
Сітуацыю пракаменціраваў начальнік ДАІ Міёрскага РАУС Мікалай Мікалаевіч Шамёнак:
"Праезд для фур у межах горада пазначаны адпаведнымі абмежавальнымі дарожнымі знакамі. Рух транспарта залежыць ад маршруту: калі ён пралягае па ўскраіне згодна знакам у бок выезду, там, як правіла, праезд не забаронены. Калі ж гаварыць пра рух па цэнтральных вуліцах — тут дзейнічае катэгарычная забарона. Звычайна такія парушэнні прасочваюцца, а вадзі-целі атрымліваюць заслужанае пакаранне.Асобнай увагі заслугоўвае пытанне стаянкі. Пакідаць вялікагрузны транспарт па-за спецыяльна адведзеных месцаў нельга. Штраф — 5 базавых велічынь. У дадзеным выпадку на першы план выходзіць грамадзянская пазіцыя кожнага. Многія становяцца сведкамі нядбайных адносін вадзіцеляў да гэтай забароны, пры гэтым не праяўляючы належнай увагі да сітуацыі. Пракантраляваць абсалютна ўсё нельга. Між тым інфармацыя, прадастаўленая работнікам ДАІ па нумары 102, дазволіць прыцягнуць парушальніка да адміністрацыйнай адказнасці. Калі глядзець на сітуацыю скрозь пальцы, то дабіцца парадку будзе складана.Дарэчы, у горадзе прадугледжаны спецыяльныя стаянкі для фур. Адна з іх — на тэрыторыі Міёрскага райаграсэрвіса, шэраг мясцовых прадпрыемстваў таксама прадастаўляе плошчу для часовага размяшчэння вялікагрузнага транспарта".
Арына БАРКОЎСКАЯ.