Вугор водзіцца ў Перабродскіх азёрах, таму з выдатным смакам гэтай незвычайнай рыбы многія на Міёршчыне знаёмы. Менш мы ведаем пра яе асаблівасці. А яна гадамі жыве ў прэснай вадзе, а дасягнуўшы палавой спеласці, для нерасту скіроўваецца ў далёкае Саргасава мора, што размешчана ў авеяным сучаснымі легендамі Бярмудскім трохкутніку. Што і як там адбываецца за 8 тысяч кіламетраў і на глыбіні 400 м, да гэтага часу застаецца невядомым навуцы, але потым моладзь вугра з Атлантычнага акіяна праз Балтыйскае мора вяртаецца ў нашы вадаёмы. Яна засяляе 48 беларускіх азёр, 37 з якіх размешчаны ў Паазер'і на Віцебшчыне. Лічыцца, што ўвесь гэты працэс рэгулюе прыродны інстынкт.
Каб у натуральных умовах набраць вагу больш за кілаграм пры даўжыні за метр, патрэбна 10-12 гадоў. Але ж да такога ўзросту дажывае толькі 5-8% асобін. Дабірацца да нашях угоддзяў ім перашкаджаюць не толькі марскія драпежнікі, а яшчэ і гідраэлектрастанцыі на Дзвіне-Даўгаве, а ў Беларусі спецыялізуецца па здабычы дэлікатэсу з дзясятак прамысловых арганізацый (дарэчы, лавушкі стаяць і на плаціне ў пачатку ракі Хараброўкі, што выцякае з возера Набіста), не лічачы шматлікую армію добрасумленных рыбаловаў-аматараў і нядобрасумленных браканьераў. Хаця і ад іх змеяпадобная рыбіна яшчэ можа ўцячы нават з лодкі.
Аднак пасля такой масавай "аблавы"выжыць у натуральных умовах вугру ўсё цяжэй, яму патрэбна дапамога чалавека. Вось такім, пакуль адзіным у Беларусі, і аказаўся Анатоль Міхайлавіч Саўчук. Ён захапіўся справай, няпростай па многіх прычынах: малавывучана біялогія гэтага віду, патрэбна дорагакаштуючае абсталяванне, праблематычная акупнасць праекта. Атрымліваецца, што намаганні, час і сродкі апраўдваюцца пакуль толькі імкненнем захаваць і памножыць біяразнастайнасць водных аб'ектаў раёна, вобласці, краіны. Але і гэта цяпер важкі аргумент, пад які на закупку патрэбнага ўжо на першапачатковым этапе з абласнога бюджэту было выдзелена 2,76 млрд. рублёў
Пра працу вугровай фермы расказвае інжынер-рыбавод Людміла Андрэеўна Снапкоўская:
— Беларуска-расійскае абсталяванне завезена ў РФГ "Актам-Фіш"два гады таму, манціравалі яго беларускія фірмы. Вось так з'явілася першая ў краіне ўстаноўка замкнутага водазабеспячэння па вырошчванні лічынкі вугра. Пакуль выкарыстоўваецца адна лінія, у якой сем круглых металічных басейнаў, кожны метра ў паўтара вышынёй і 1,2 м у дыяметры. У другой падобнай лініі 8 басейнаў. Вада ў іх паступае са звычайнай мясцовай артэзіянскай свідравіны, але праходзіць блок падрыхтоўкі з сямі ёмістасцяў-фільтраў. Спачатку з яе адбіраецца жалеза, потым праводзіцца змякчэнне, зваротны осмас выдаляе ўсе іншыя металы, атрымліваецца амаль што дыстылят. Ён затым праходзіць тры блокі фільтраў: лаўсанавыя яршы затрымліваюць механічныя часцінкі, бактэрыі "распраўляюцца"з рэшткамі арганікі, кармоў і аміяку ад жыццядзейнасці рыб пры паўторным выкарыстанні вады, працэс заканчваецца асвятленнем на фільтры тонкай ачысткі. Аэратар насычае ваду кіслародам. З гэтай бочкі яна самацёкам трапляе ў басейны, з іх зноў па трубах вяртаецца ў блок падрыхтоўкі
Працяг "МН"№9.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
На здымку: інжынер-рыбавод Л.А. Снапкоўск