Хлеб заўсёды быў і застаецца адным з асноўных прадуктаў на нашым стале. Нездарма ў кожным вялікім горадзе або раённым цэнтры працуюць хлебазаводы, каб жыхары заўсёды маглі набыць духмяны свежы бохан або салодкую булачку, спечаную ўмелымі рукамі мясцовых працаўнікоў. У мінулым годзе на Міёрскі хлебазавод прыбыло папаўненне — пасаду галоўнага інжынера прадпрыемства заняў выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Павел Сярко.
Геаграфія "падарожжаў"хлопца па Беларусі ўражвае: ураджэнец вёскі Асавец Любанскага раёна, што на Міншчыне, атрымаў адукацыю ў Магілёве, практыку праходзіў на Брэстчыне, а размеркаваўся на Міёршчыну. Малады спецыяліст адзначае, што аддаленасць ад дома яго не палохае, тым больш што месца працы выбіраў сам.
— Ва ўніверсітэце харчавання на інжынера-механіка раней вучыўся мой брат, паступаць туды вырашыў і я, бацькі падтрымалі. Цяпер я таксама інжынер, але, у адрозненні ад брата, тэхнолаг, — расказвае Павел. — Калі надышоў час размеркавання, паўстаў выбар: ехаць у Міёры або на Брэстчыну. Дэкан парэкамендаваў першы варыянт, і я захацеў самастойна наведацца на будучае месца працы.
Прапанова хлопца не расчаравала — прадпрыемства аказалася добрым, кіраўніцтва забяспечыла пакоем у інтэрнаце. Спадабаліся і самі Міёры — прыгожыя і дагледжаныя, такія, як апісвалі іх знаёмыя, тым больш, як прызнаецца малады спецыяліст, у вялікі горад яму прынцыпова не хацелася.
За апошнія месяцы Павел абжыўся на новым месцы, пачаў унікаць ва ўсе тонкасці справы. Галоўны інжынер — адказная пасада, нездарма гэтага спецыяліста яшчэ называюць правай рукой кіраў-ніка. Даводзіцца вырашаць шмат пытанняў, звязаных з вытворчасцю, транспартам, будаўніцтвам і г.д. Хапае нюансаў, у якія маладому спецыялісту яшчэ давядзецца паглыбіцца.
— Галоўнае, не спяшацца, адказна ставіцца да абавязкаў, бо высокая пасада гэтага патрабуе, — зазначае Павел. — Вельмі прыемна, што заўсёды магу разлічваць на падтрымку калектыву і вопыт сваіх калег.
А яшчэ Павел з'яўляецца студэнтам магістратуры пры універсітэце дзе вучыўся, такім чынам працягвае павышаць адукацыю. Дадому ездзіць рэдка, часцей наведваецца ў госці да брата, які жыве і працуе ў Віцебску. Адзначае, што бацькі даўно прывыклі, што сыны раз'ехаліся далёка.
Заняткаў хапае: акрамя работы і вучобы хлопец актыўна ўдзельнічае ў маладзёжных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў райцэнтры.
— Мне па душы мой выбар: і праца, і горад, у якім я зараз жыву, — прызнаецца Павел. — Спадзяюся, ён стане для мяне родным.
Арына БАРКОЎСКАЯ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.