Няма сумнення, што лёсавызначальнай падзеяй для Міёр стаў паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Ён пачаўся 17 верасня 1939-га і доўжыўся толькі 6 дзён, але адразу пасля гэтага сталі перакройвацца палітычныя карты краін і адміністрацыйныя — нашай мясцовасці. У кастрычніку ўтворана Вілейская вобласць, у якую спачатку ўвайшлі сем раёнаў, у тым ліку Браслаўскі і Дзісенскі.
15 студзеня 1940-га стала зорным днём для Міёр — Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР яны аб'яўлены новым раённым цэнтрам.
Можна толькі меркаваць, чаму звычайнае беларускае мястэчка нядаўняга валаснога і гміннага ўзроўню стала ўпоруч са старажытнымі павятовымі гарадамі Браславам (а ён калісь быў нават ваяводскім!) і Дзісной, прыхапіўшы значную частку іх зямельных уладанняў. У якасці галоўнай перавагі звычайна называюць чыгунку, якая наблізілася да Міёр недзе ў 1929-ым. Магчыма, і так. Толькі хутка намаганнямі тутэйшага люду да гэтай транспартнай артэрыі дабавіліся іншыя шляхі зносін, выраслі прамысловыя прадпрыемствы, з'явіліся розныя ўстановы і жылыя кварталы. Адным словам, адміністрацыйны цэнтр стаў гаспадарчым, культурным, грамадскім. Міёры змаглі рэалізаваць свой унутраны патэнцыял, зноў 15 студзеня 1972-га яны сталі горадам. Комплекснае развіццё атрымала народная гаспадарка раёна. Падзеі сённяшняга дня сведчаць аб новых перспектывах гэтых цудоўных мясцін.
Мы верым у цябе, наша Міёршчына, і ўсе разам зробім усё магчымае, каб родны край квітнеў, развівалася яго эканоміка, лепшым станавілася жыццё людзей.
З 75-годдзем цябе, Міёрскі раён!