Хто ведае, ці існуюць на самой справе добры дзед у чырвонай шубе і яго спадарожніца прыгажуня-ўнучка? Напэўна, тут трэба не ведаць, а верыць. Калі пусціць казку ў сваю душу, то яна стане рэальнасцю. І толькі тады ў яе павераць іншыя. Так лічаць рэжысёр народнага тэатра РДК Аляксей Гайдзель і галоўны спецыяліст аддзела загса Вольга Пашкоўская, на якіх у гэтым годзе ўскладзена вялікая адказнасць — падарыць дзецям цуд і ажыццявіць іх мары.
На навагодніх ранішніках у РДК Аляксей і Вольга выступаюць у ролі Дзеда Мароза і Снягурачкі. Для абодвух гэта не ў навінку. Вольга прымярае на сябе ролю снежнай дзяўчыны ў пяты раз, у Аляксея "дзедамарозаўскі стаж"крыху большы. Хоць перад кожным выступленнем прысутнічае хваляванне, і на сцэне, і ў карагодах ля елкі адчуваюць сябе ўпэўнена, і ў маленькіх удзельнікаў свята наўрад ці ўзнікаюць сумненні ў сапраўднасці Дзеда Мароза і яго ўнучкі.
— Калі выходзім у залу да дзяцей, то адразу чуюцца іх сцішаныя захопленыя воклічы "Ах…!", — дзеліцца ўражаннямі Вольга. — Як жа гэта прыемна! Увесь год малышы чакалі сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай, і вось гэты час надышоў. Мне вельмі падабаецца выступаць перад юнымі гледачамі. Яны вельмі чулыя, не хаваюць сваіх эмоцый і могуць праявіць да героя як сімпатыю, так антыпатыю. Гэта адчуваецца адразу, і асабліва радасна разумець, што цябе добра прынялі.
Па меркаванні Вольгі, роля Снягурачкі куды прасцей за місію Дзеда Мароза і справіцца з ёй зможа любая дзяўчына. Але ў той жа час гэта значнае фізічнае і маральнае выпрабаванне. Не так і проста пяць ранішнікаў запар заставацца бадзёрай, танцаваць, весяліцца і аддаваць сябе дзецям. І ўсё ж разам з вялікай стомленасцю пасля выступлення адчуваецца прыемнае задавальненне ад чарговага падарожжа ў навагоднюю казку. Дарэчы, у адрозненні ад большасці людзей, якія Новы год сустракаюць адзін раз, для Дзеда Мароза і Снягуркі кожны новы выхад— гэта яшчэ адна радасная сустрэча любімага свята.
Кожны ранішнік складаецца з дзвюх частак: тэатралізаванае прадстаўленне на сцэне, якое апошнія некалькі год рыхтуецца па сюжэтах любімых казак, і карагоды ля елкі разам з абаронай касцюмаў.
— Падчас выступлення на сцэне зараджаешся энергетыкай дзяцей, а калі дзеянне пераносіцца да елкі, то чарга аддаваць сваю энергію малышам, — гаворыць Аляксей. — Дзіця адразу зразумее: сапраўдны перад ім Дзед Мароз ці пераапрануты дзядзька. Трэба прыкласці максімум намаганняў, каб цябе не "выкрылі", а таму важна ўдзяліць увагу кожнаму, выслухаць, зазірнуць у вочы. І самая вялікая ўзнагарода за гэта — упэўненае дзіцячае сцвярджэнне "А ты сапраўдны Дзед Мароз!"Праўда, цяпер у дзяцей вера ў казачнага дзеда праходзіць раней. Калі некалькі год назад яго чакалі нават у 14-гадовым узросце, то цяпер ужо большасць дзесяцігадовых дзяцей упэўнены, што падарункі пад елку кладуць тата і мама.
Цікаўлюся ў вопытнага Дзеда Мароза, ці варта бацькам пераапранацца ў казачнага персанажа, каб павіншаваць дзяцей. На гэта адказвае, што лепш папрасіць на такую ролю кагосьці са знаёмых, бо тату ці маму дзіця ўсё роўна пазнае і гэтае "выкрыццё"парушыць веру ў цуды. Самому Аляксею наведваць дзяцей дома амаль не даводзіцца, яго месца дзеяння—ранішнікі.
Як правіла, яны займаюць максімум паўтары гадзіны. Для дзяцей — гэта цудоўная казка з сюрпрызамі і падарункамі. А што запамінаецца пасля вяртання ў рэальнасць Дзеду Марозу і Снягурачцы?
— Зарад бадзёрасці і пазітыву, якога хапае на ўвесь наступны год, — адказваюць Аляксей і Вольга.
Аляксей прызнаецца, што касцюмы, у якіх прыходзяць дзеці на свята, запомніць складана. Іх шмат і ўсе вельмі прыгожыя. Вольгу асабліва ўражваюць уборы, створаныя сваімі рукамі.
— Так здорава, калі навагоднія касцюмы для дзяцей рыхтуюцца ўсёй сям'ёй, — гаворыць яна. — Гэта збліжае, стварае дома асаблівую атмасферу. Напэўна, многім дзяўчатам нашага пакалення памятаецца, як мамы прышывалі дожджыкі на сукенкі. Прачынаешся раніцай, — а ўбор гатовы. Вось яно — адчуванне цуду!
Дарэчы, Вользе ў дзяцінстве, а потым і яе дачцэ Аляксандры на касцюмы шанцавала. Умелыя рукі і фантазія маці і бабулі Святланы Барысаўны Яроменак кожны раз стваралі новыя ўборы. Цяпер Святлана Барысаўна "апранае"удзельнікаў тэатралізаваных прадстаўленняў у РДК.
— У гэтым годзе на навагодніх ранішніках наша сям'я прадстаўлена ў трох пакаленнях, — заўважае Вольга. — Я — Снягурачка, а маці і дачка іграюць ролі ў казачным спектаклі. Трэба абавязкова адзначыць, што ў РДК вельмі дружная творчая каманда. Цікава назіраць, як дарослыя людзі, ужываючыся ў ролі казачных герояў, становяцца на сцэне дзецьмі і атрымліваюць ад гэтага неверагоднае задавальненне.
Відаць, гэтым і тлумачыцца сімпатыя юных гледачоў. Каб пачуць ад іх заслужанае "Веру!", разам з акцёрскімі талентамі трэба валодаць добрай вынослівасцю і насіць у сэрцы любоў да дзяцей і веру ў цуды.