7 снежня ў Перабродскай школе ўшаноўвалі Аляксандра Сяргеевіча Сяліцкага з нагоды яго 90-гадовага юбілею. Паважаны маэстра больш за 40 гадоў кіраваў Перабродскім хорам — адным з першых, якому ў 1975-ым у Беларусі прысвоена званне "народны". Пра гэты калектыў ведалі далёка за межамі раёна. Яго творчасцю вельмі цікавіліся народныя артысты СССР Рыгор Раманавіч Шырма і наш зямляк Генадзь Іванавіч Цітовіч.
У адрас Аляксандра Сяргеевіча гучалі цёплыя словы, песні. Юбіляра адорвалі падарункамі і кветкамі, віншавалі начальнік аддзела ідэалагчнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Тронькін, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Рыгораўна Фёдарава, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Станіслававіч Кашкур, старшыня Перабродскага сельскага Савета Віктар Мікалаевіч Дзеравянчык, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Перабродскай ДС-БШ Святлана Сяргееўна Смерцьева, дырэктар мясцовага СДК Ларыса Феафанаўна Нікіціна.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Алегаўна Стальмачонак уручыла Аляксандру Сяргеевічу Ганаровую грамату райвыканкама і грашовае ўзнагароджанне. Падчас віншавальнага выступлення прыгадала выпадак, калі прыехалі карэспандэнты з абласной газеты "Віцебскі рабочы"і спыталі "Як можна сустрэцца з Аляксандрам Сяргеевічам?"
— Мяне вельмі ўразіла і здзівіла, што далёка за межамі нашага раёна ведаюць пра Вас. Гэта ўсё дзякуючы стараннай працы, — гаварыла Таццяна Алегаўна.
І сапраўды, імпэт да працы ў Аляксандра Сяргеевіча невычэрпны.
"Ён апантаны ідэяй, самаўдасканаленнем. Самастойна вывучыў музычную грамату, асновы харавога майстэрства, наведваў розныя курсы, а пасля скончыў Полацкае педагагічнае вучылішча. Разам з яго прафесіяналізмам расло і выканаўчае ўменне харыстаў", — адзначаў вядучы свята, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Васіль Сямёнавіч Мядзюха.
На самым пачатку мерапрыемства гледачы з відэафільма пачулі галасы спевакоў Перабродскага хору, як 65 год таму падчас яго ўтварэння, як 15 год таму, калі хор адзначаў сваё пяцідзесяцігоддзе, як 10 год таму, калі святкавалі 80-гадовы юбілей кіраўніка…