8 чэрвеня адышла ў вечнасць Гэлена Блін, маці біскупа Віцебскага на пенсіі Уладзіслава Бліна. Спачылай было 87 гадоў.
Пахавальная святая Імша адбудзецца 11 чэрвеня ў 16.00 па беларускім часе ў парафіяльным касцёле святых Мікалая і Добрага Пастыра ў Слезіне каля Коніна (Польшча). Адрас парафіі: Слезін, вул. Касцёльная, 22.
8 чэрвеня ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць святую Імшу ў інтэнцыі спачылай.
«Для цябе, Мамуся, што туліла мяне да свайго сэрца, Мамуся — як шмат каштуе гэта слова...
Матулька — Ты дала жыццё мне, колькі ночак не спала над маёй калыскай, калі быў хворы, калі быў малы...
Матуля — рукі Твае залатыя і сэрца, адкрытае для кожнага, так шмат каштуюць.
Матуля — Ты частка жыцця майго, таму хацеў бы прытуліцца да сэрца Твайго.
Але яно ўжо не б’ецца... Я нямею, Мамуся.
Для цябе, Матуля, найпрыгажэйшыя кветкі, букет з найлепшых сноў, у якім змагу яшчэ раз пачуць Твой прыгожы, чулы голас і адчуць дотык Тваіх аксамітных рук... Дзякую табе, Мама!»
, — гэтыя словы прысвяціў у гонар сваёй маці біскуп Блін.
Вечны адпачынак дай ёй, Пане…