У міжваенны час зямля ў нашым раёне была, за невялікім выняткам, прыватнай. Захоўвалася буйное землеўладанне - ў Мёрскай гміне налічвалася 40 уладальнікаў, якія мелі болей за 50 га зямлі.
Ад 50 да 100 га мелі 17 уладальнікаў. Ад 100 да 200 га - 16 уладальнікаў. Ад 200 да 1000 – 7 землеўласнікаў. А далей ідзе “суперэліта”. Трое землеўласнікаў мелі ад 3-х да 4 тысячаў га. Адзін - ад 4-х да 5-ці тысячаў га. І ў вялікім адрыве ад ўсіх – браты расіяне Харчанкі, якія мелі – адзін 12980 га, другі 5000 га - яны валодалі практычна ўсімі Чэрасамі і іх ваколіцамі.
Ад 600 да 700 дзесяцін мелі Ігнат Стацэвіч з Забор’я, Эльвіра Святаполк-Мірская з Букава і Ядвіга Святаполк-Мірская з Загор’я. Далей ішлі Мар’ян Шалкевіч з 400 дзесяцін у Любінове. Станіслаў Выганоўскі у Алесандрове з 300 дзесяцін, Антон Яблонскі з 224 дзесяцінамі, Ян Клёт з 240 дзесяцінамі.
Усяго ў Мёрскай гміне налічвалася каля 2000 двароў. Значыць, гаспадаркі буйных уласнікаў складалі каля 2%. Гэта нават крыху перавышае сярэднезаходнебеларускі паказчык. Буйныя ўласнікі складалі ў Заходняй Беларусі крыху больш за 1% насльніцтва. Увогуле ж Заходняя Беларусь пакутвала ад гэтак званага аграрнага перанасялення. Многія сяляне мелі зусім мала зямлі, а былі і зусім беззямельныя.
Большасць буйных землеўласнікаў у Мёрскай гміне - нашчадкі шляхты Вялікага княства Літоўскага. Некаторыя ж мелі сялянскае паходжанне. Двое землеўласнікаў - Мінчын і Кац – былі габрэямі. Багацеі браты Харчанкі мелі расійскія карані, набылі Чэрасы ў часы Расійскай імперыяй. А раней Чэрасы былі ўласнасцю Радзівілаў. Дарэчы, Харчанкі не мелі дваранскага паходжання.
На тэрыторыі сучаснага Мёрскага раёна здаўна валодалі маёнткамі роды Святаполк-Мірскіх і Клётаў. Святаполк-Мірскія былі нашчадкамі цвярскіх князёў, а Клёты – лівонскіх рыцараў.
Дарэчы, існавала і расійскае адгалінаванне князёў Святаполк-Мірскіх. Князь Святаполк-Мірскі у 1906 г. быў міністрам унутраных спраў Расійскай імперыі. Але расійская герольдыя не падцвердзіла іх княскае паходжанне, за тое, што гэтая галіна роду перайшла ў канцы XVII стагоддзя ў каталіцтва і потым апалячылася. Мясцовая шляхта ў ХІХ стагоддзі, есць таму сведчанні, звярталася да паноў Мірскіх ”пан ксёнжэ”, гэта значыць “князь”.
Мірскія жылі ў сваіх маёнтках да 1944 г., да прыходу гэтак званых “другіх саветаў”. Кажуць, што ў 90-х гадах ХХ стагоддзя ў Камянполле прыязджалі нашчадкі Мірскіх з Аўстраліі і спрабавалі заявіць правы на свой маёнтак.