Драздовіч – легендарны чалавек, яго дасёння памятаюць у нашым краі. У маладыя гады ён далучыўся да нацыянальнага руху і ўсё жыццё прысвяціў беларускаму народу. Маляваў ілюстрацыі да беларускіх кніг. Замалёўваў беларускія замкі, гарадзішчы, прадметы сялянскага побыту. Выкладаў маляванне ў беларускіх гімназіях. Цікавіўся космасам.
Калі аўтарытарная польская дзяржава заціснула беларускі рух у вузкія рамкі, Драздовічу не стала працы ў Вільні. Ён вярнуўся на родную Дзісненшчыну, хадзіў па вёсках, размалёўваў людзям дываны на сцены (так нашы прадзеды ўпрыгожвалі свае хаты). Мог бы маляваць у Вільні для багацеяў, але свядома выбраў іншы шлях.
Сёлета – 125 год з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Прыйшоў на свет 13 кастрычніка 1888 года ў Пуньках, што за Падсвіллем на ўскрайку Галубіцкай пушчы. Пайшоў у лепшы свет 15 верасня 1954-га і пахаваны на могілках каля Ліпляняў, кіламетраў пяць ад радзімы.
Юбілей – добрая нагода звярнуць увагу на жыццё і творчую спадчыну мастака.
Апошнім часам шмат цікавых матэрыялаў пра Язэпа Драздовіча з’явілася ў Сеціве.
Найбольшай увагі заслугоўвае сайт drazdovich.byЯго стваральнікі пастараліся сабраць як мага больш інфармацыі пра творчасць Драздовіча. На сайце можна знайсці і карціны Драздовіча, і фотаздымкі маляваных дываноў, і артыкулы пра творчасць мастака. Ёсць відэаматэрыялы: фільм Ірыны Волах “Зямля і неба”, “Лабірынты мастацкай культуры Заходняй Беларусі” Аляксея Матафонава, “Галерэя Ады” Уладзіміра Коласа. Фільмы далёка схаваныя на старонцы “Спасылкі”.
Большасць карцінаў, відавочна, адсканаваныя з альбома Драздовіча, выдадзенага ў 2002 годзе. Той альбом быў найбольш поўным зборам Драздовічавых працаў, але цяпер яго днём з агнём не знойдзеш.
Стваральнікі сайта падпісаліся сціпла – “група зацікаўленых асоб”.
Шырокай публіцы імя Язэпа Драздовіча адкрыў мастацтвазнаўца Арсен Ліс, калі выдаў у 1984-м кнігу “Вечны вандроўнік”. Пару год таму яе тэкст увайшоў у зборнік Ліса “Gloria Victis”. Папяровую версію можна замовіць у сеціўных кнігарнях Knihi.by i Prastora.by, а спампаваць PDF – у сеціўнай бібліятэцы Kamunikat.org.
Блогер stanislav_05 апублікаваў сканы дзённікаЯзэпа Драздовіча, які зберагаецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі і друкаваўся ў 1991-м у часопісе “Маладосць”. Публікацыя дзённіка аздобленая малюнкамі Драздовіча. На жаль, не найлепшай якасці – гэта скан з ксеракопіі.
Хто жадае бегма азнаёміцца з біяграфіяй Язэпа Драздовіча – можна прачытаць на Вікіпедыі.