Ёсць у нашым раёне невялікая і ўтульная вёсачка Пестуны. Аднойчы ў дзяцінстве я там бываў, але ў памяці пра паездку ўжо нічога не захавалася. Можа быць, таму з'явілася задума раскрыць таямніцу гэтай назвы. Яна простая і разам з тым незвычайная.
Пестуны ўзніклі ад простага і часта ўжывальнага беларускага слова "пестун". Спытаеце: хто ці што гэта? Жыў некалі ў нашых ваколіцах чалавек з незвычайна добрай душой, вельмі любіў дзяцей. Іх многа гадавалася ў сям'і. Ды жонка раптоўна злягла, захварэла, а потым і зусім памерла. На руках у мужчыны засталася малеча. Гараваць не ставала часу. "Прападзе адзін", — казалі ў вёсцы. Іншыя меркавалі: "Справіцца!"
Словам, мужчына выхаваў і паставіў на ногі ўсіх дзяцей. Вяскоўцы яго назвалі дзядзькам Пестунам — значыць, "нянька", "выхавальнік". Пра гэтую сям'ю ведалі далёка за межамі нашага краю. Людзі адусюль з'язджаліся да Пестуна, каб спытаць у яго парады. У выніку назва прыжылася і да самой вёскі. Прыдумка ці сапраўднасць гэта — цяпер устанавіць немагчыма, шмат часу з той пары сплыло. Але ў Пестунах жывуць і шчыруюць такія ж працаўнікі, як дзядзька Пестун.
Дзмітрый ВАСІЛЕНКА.