Пачатак года для тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыўся важнай падзеяй. 10 студзеня ўстанове споўнілася 15 год. Юбілей святкавалі ў коле калег, блізкіх сяброў, паважаных гасцей.
Ахінуць увагай адзінокага нямоглага чалавека, прыўнесці яркіх фарбаў у будні сталага пенсіянера і маладога інваліда, псіхалагічна і матэрыяльна падтрымаць тых, хто збіўся з жыццёвага шляху, трапіў у бяду, страціў сябе. Гэта толькі вяршыня айсберга мэт і задач, спраў і клопатаў.
Экскурс у гісторыю зрабіла дырэктар Алена ШАМЁНАК. Першапачаткова тэрытарыяльны цэнтр размяшчаўся ў адным будынку з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Займаў два з паловай памяшканні. Наваселле на Камуністычнай, 36 справілі ў верасні 2004-га. Фундаментам, на якім закладвалася ўстанова, стала аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму. Дарэчы, праз год гэтай службе добрых спраў споўніцца 30. Разам з цэнтрам нарадзілася аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. Самаму маладому—аддзяленню дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту, якое дзейнічае ў Дзісне—толькі год. Усяго ў тэрытарыяльным цэнтры сем аддзяленняў, атрымліваюць дапамогу на даму 520 жыхароў раёна, працуюць 83 сацыяльныя работнікі. Алена Венядзіктаўна заўважыла, што патрабаванні да іх высокія, шмат увагі надаецца павышэнню кваліфікацыі. У мінулым годзе дыстанцыйнае навучанне ў Відзаўскім прафе-сійна-тэхнічным каледжы прайшлі 18 сацработнікаў цэнтра. На юбілейнай урачыстасці ім уручаны дыпломы.
Для сваіх падапечных—пенсіянераў, інвалідаў, дзяцей-сірот—супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра становяцца роднымі людзьмі. Павінны знайсці падыход да кожнага, нягледзячы на характар, настрой і эмоцыі. Неабходнасць такой службы бясспрэчная. Як і тое, што справіцца з ёй пад сілу далёка не кожнаму. Пра гэта гаварыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна СТАЛЬМАЧОНАК. Прафесіяналізм і старанне не застаюцца незаўважанымі. Ганаровай граматай райвыканкама адзначана сацыяльны работнік Таццяна Нарэйка. Падзяка аб'яўлена кіраўніку гуртка Алене Плехтан і цырульніку Таццяне Бабуль. Падарунак тэрытарыяльнаму цэнтру—грашовы сертыфікат.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна РЫМША падкрэсліла, што сацыяльная служба—хлеб нялёгкі, і заняты ў ёй адданыя справе работнікі. Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама ўзнагароджаны сацыяльны работнік Таццяна Прашкевіч і супрацоўнік аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў Жанна Баркоў-ская. Загадчыцы аддзялення кругласутачнага знаходжання Наталлі Кураш аб'яўлена падзяка. Таксама заслужылі падзяку спецыяліст па кадрах Юлія Шчэпінава і сацыяльны работнік Ніна Саковіч.
Прагучалі віншаванні ад кіраўнікоў раённай ветэранскай арганізацыі Часлава Кашкура і раённага аб'яднання "Беларускі Фонд міру"Алы Смерцьевай. Гэтыя грамадскія арганізацыі ў ліку даўніх добрых сяброў цэнтра. У падарунак ад "Белай Русі"ўстанова атрымала тэлевізар, які адправіўся ў Дзісну ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў.
Без торта і іншых ласункаў дзень нарэджэння—несапраўдны. За чаяпіццем па вартасці ацанілі прыгатаваную сацыяльнымі работнікамі выпечку. На памяць госці атрымалі сувеніры з "Лаўкі цудаў"—майстэрні маладых інвалідаў.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
На здымках: уручэнне дыпломаў Відзаўскага каледжа аб атрыманні спецыяльнай адукацыі сацыяльным работнікам Міёрскага ТЦСАН; іншыя моманты мерапрыемства.