На гэтым доме яшчэ няма нумарной шыльдачкі—плануецца, што будзе вул. Партызанская, 1, а вось урачыстасць з нагоды ўводу яго ў эксплуатацыю адбылася 19 кастрычніка ў дванаццатай гадзіне ў прысутнасці высокіх гасцей.
Чырвоную стужачку перарэзалі старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, кіраўнік прадстаўніцтва ТАА "Метпрамбуд"Сяргей Акілаў-Елін і генеральны дырэктар ТАА "ММПЗ-груп"Пётр Шымуковіч. За колькі хвілін перад гэтым Ігар Валер'евіч выказаў задавальненне, што будучы металапракатны завод пачаў увод сваіх аб'ектаў, а жыллё ў гэтым плане—прыярытэт. "Маленькія святы для калектыву трэба рабіць",—падтрымаў тэму Пётр Мікалаевіч.
Потым—невялікая экскурсія па будынку. Яго агульная плошча 703 квадратныя метры. Гаспадароў гатовы прыняць 8 кватэр—двух- і трохпакаёвых з вялікімі кухнямі і самай неабходнай пярвічнай мэбляй—ложкамі, сталамі і табурэтамі. Дарэчы, акт прыёмкі дома, які ўзводзілі спецыялісты ПМК-55, а даводзілі да ладу аддзелачнікі мінскай фірмы"Артстилкам"падпісаны яшчэ 31 жніўня. Работы па падрыхтоўцы інжынерных сетак, на якіх працавалі меліяратары Міёрскага ПМС і ўмельцы іншых служб, закончаны ў кастрычніку, што засведчыў акт ад 14.09. І вось—урачысты ўвод.
Ввод в эксплуатацию нового дома в Миорах Першым жыхаром новага дома стаў генеральны дырэктар. Цікаўлюся, як ён ацэньвае бытавыя зручнасці.
—Пазітыўна,—адзначае Пётр Мікалаевіч —водаправод, каналізацыя, электра- і газазабеспячэнне дзейнічаюць. Ацяпленне аўтаномнае для кожнай кватэры і рэгулюецца, так што цяперашняга пахаладання не адчуў. Дагаворы на абслугоўванне з камунальнай службай афармляюцца.
І дадае, што на наступным тыдні ў доме стане ажыўлена, бо сюды пераязджаюць спецыялісты са Жлобіна—тэхнічны дырэктар, галоўныя энергетык, электрык, механік, кіраўнік цэха і іншыя, недзе каля дзесяці чалавек.
А як ідуць справы на асноўнай будаўнічай пляцоўцы?
—14 кастрычніка атрыманы дакументы пасля дзяржаўнай экспертызы, дадзены дазвол на разгортванне работ. Разумею іронію сітуацыі, што будаўнік выходзіць на пляцоўку, калі пачынаюцца дождж і снег. Але мы са сваімі задачамі пастараемся справіцца.
—Жадаем у гэтым поспеху.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота аўтара