Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Жизнь — эпоха

$
0
0

Што такое сто год? Цэлы век, эпоха са сваімі падзеямі, з'явамі. Цяжка ўявіць, што значыць столькі пражыць. З жанчынай такога ўзросту давялося пазнаёміцца 12 снежня. У гэты дзень сваё стагоддзе адзначыла жыхарка вёскі Пераброддзе Сафія Антонаўна Пальчэўская.
Павіншаваць жанчыну са значным юбілеем, а заадно ўручыць ёй новы пашпарт, прыехалі старшыня Перабродскага сельсавета Віктар Мікалаевіч Дзеравянчык і старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі, маёр міліцыі Алена Юр'еўна Ракшня.

Гасцей сустрэлі дачка Сафіі Антонаўны Міраслава Францаўна, а таксама суседка і сяброўка сям'і Наталля Віктараўна Самсановіч.

Першым імянінніцу павіншаваў Віктар Мікалаевіч. Ён уручыў ёй кветкі і пажадаў і надалей не губляць жыццёвай сілы.

— Захапляюся Вамі, бо лічу, што сто год можа пражыць толькі той чалавек, які знаходзіцца ў згодзе не толькі з людзьмі, але і з Богам, — зазначыў старшыня сельсавета.

— Вось Вам новы пашпарт. Мяняць яго давядзецца толькі праз 25 год, — заўважыла Алена Юр'еўна. — Так што ў 2038-м зноў чакайце нас у госці. Вось Вам яшчэ цукеркі, каб жыццё было саладзейшым.

Імянінніца шчыра дзякуе гасцям за ўвагу. Нягледзячы на тое, што падводзіць слых, вастрыня розуму ў Сафіі Антонаўны ранейшая. Узрост не з'яўляецца для яе прычынай, каб сядзець без справы. "Бывае гатую на кухні, а яна прыходзіць і напрошваецца ў дапамогу, — расказвае дачка. — І не адыдзецца, пакуль для яе не знойдзецца праца. Як своеасаблівая размінка для мамы расчыстка двара ля хаты ад снегу".

Калі госці пачалі фатаграфавацца з Сафіяй Антонаўнай на памяць, захацеў пабыць у цэнтры ўвагі і кот Мурзік, які ні на крок ад гаспадыні.

За святочным сталом, галоўным упрыгожаннем якога стаў спецыяльна заказаны з нагоды юбілею торт, пра лёс маці гасцям расказала яе дачка.

— Нельга назваць пражыты мамай век лёгкім, — падзялілася Міраслава Францаўна. — З чацвярых дзяцей толькі я адна і засталася. Канешне, ёсць яшчэ пяць унукаў і сем праўнукаў, аднак так склалася, што ўсе родныя рассяліліся па іншых краінах: у Польшчы, Латвіі, Расіі. У Беларусі толькі мы ўдваіх і засталіся.

Мама вельмі мудрая і памяркоўная жанчына. Колькі сябе памятаю, яна ніколі не ўмешвалася ў сямейныя справы дзяцей. Парады давала толькі тады, калі за імі звярталіся. Нікому не прыпомніла зла, а дрэннага ад людзей за свой век яна бачыла шмат.

— Я заўсёды захапляюся, што чалавек перажыў столькі падзей: дзве рэвалюцыі, прыход савецкай улады, стварэнне і распад Савецкага Саюза, — дадае суседка Наталля Віктараўна. — А якая яна моцная духам! Уявіце толькі, калі муж памёр, Сафіі Антонаўне давялося адной падымаць траіх дзяцей.

— Мама на сабе зведала раскулачванне, — прадоўжыла расказ дачка. — Доўгі час сям'ю адносілі да шляхты. Аднак галоўнае, што насуперак усім выпрабаванням, мы можам сёння віншаваць яе з такім значным юбілеем.

І сапраўды, гледзячы на Сафію Антонаўну, нельга не захапляцца яе жыццёвай гісторыяй, душэўнай сілай і векавой мудрасцю ў вачах.

Крыніца: 
mijory.by
mijory.by

Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles