Народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч 23 сакавіка выступілі ў райцэнтры. "Завіруха", "Малінаўка", "Я ў бабулі жыву"і іншыя хіты гледачы з задавальненнем падпявалі, а ў дублях "на біс"нават спявалі самі.
Мінулы раз гэтыя артысты ў Міёры прыязджалі шэсць год таму. Запомніўся іх візіт у СПК "Цітова", калі былы старшыня Марыя Сцяпанава запрасіла, але не папярэдзіла сяльчан, хто менавіта прыедзе. Цвецінцы думалі, што ў іх зданкі: "Ідзём па вуліцы, едзе машына, а за рулём Ціхановіч. Ці можа такое быць?"
Як пачыналася музычная кар'ера? Пасля канцэрта "Песняроў"думка пра свой калектыў не дае студэнтцы Паплаўскай спакою. Запаветная мара—дзявочая група. Аднадумцы знайшліся хутка. Аказваецца, іграць кансерваторскія гамы і ўверцюры надакучыла не толькі Ядвізе. На свой страх і рызыку юныя анархісткі спешна аранжыруюць народныя песні і бягуць у адміністрацыю мясцовай філармоніі. Ад жаночых "Верасоў"цяпер засталіся толькі плакаты. Ансамбль хутка набраў папулярнасць. Але… Дзяўчаты пачалі сыходзіць. Цудоўнай басістцы Раі Тарасавай раз'езды забараніў муж. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. На гарызонце філармоніі, дзе рэпеціравалі "Верасы", з'явіўся малады хлопец з моднымі вусамі, як у "Песняроў". Іграў у аркестры на кантрабасе.
Ядвіга: "Ён для мяне быў такім самым, як і астатнія".
Аляксандр: "Прыйшоў з войска, пачаў працаваць у філармоніі, паралельна заўважаў Ядзю. Першая наша сустрэча разам з іншымі дзяўчатамі і хлопцамі адбылася ў парку пасля канцэрта. І я пайшоў праводзіць Ядзіну сяброўку. Спасаваў. Але на Ядзю паклаў вока жалезна. Мне прапанавалі легендарны ансамбь "Тоніка", але я выбраў "Верасы", дзе іграла Ядзя. Адразу патэлефанаваў ёй дадому і сказаў, што будзем выступаць разам. Яна вельмі холадна адказала: "Ну, віншую".
Ядвіга: "Памятаю, едзем пасля канцэрта на аўтобусе. Дарогі жудасныя. Я заснула. Прачынаюся, а мая галава ў Сашы на плячы. Своечасова падсеў".
Аляксандр: "Я баяўся варухнуцца. Дзяўчына да самага Мінска праспала. Потым падняла галаву:"Ой-ой-ой!".
Ядвіга: "Так вузельчык і завязаўся. Але на вяселлі ўсе зніякавелі. Пасля пытання: згодная выходзіць замуж ці не, я стала думаць: Божа мой, што мне рабіць? "Не"не магу сказаць, тут Сашава мама, яна глядзела на мяне спалоханымі вачыма. Саша знаходзіўся ў такім жаху, для яго гэтыя 30 секунд доўжыліся вечнасцю. Тут я падумала: ладна, пагаджуся, калі што—можна развесціся".
30 секунд—і 40 гадоў гэтая пара разам.
У Сашы здараліся складаныя моманты, яму і нам здраджвалі, патрабавалася выстаяць. Не аналізавала. Проста жыву і стараюся зберагчы сям'ю, тое крохкае і прыгожае, што з'явілася паміж намі, калі вузельчык звязаўся",—расказвае Ядвіга Паплаўская.
Як ён калісьці пайшоў за ёй у "Верасы", так і яна кінула групу і пайшла за ім у бэк-вакал. У 1987 годзе Паплаўская і Ціхановіч пачалі кар'еру з чыстага ліста. "Нас запрасілі ў аркестр Фінберга. Там мы стаялі на бэк-вакале, і людзі бралі аўтографы ў нас, а не ў салістаў".
Сям'ю Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча можна смела назваць музычнай дынастыяй. Спіраль зрабіла чарговы віток: талент прадоўжыўся ў дачкі Анастасіі і, верагодна, стане спадчынай наступных пакаленняў.
Міярчане заўсёды рады вітаць любімых артыстаў. Апладзіравалі стоячы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка вітала Паплаўскую і Ціхановіча кветкамі і падарункамі ад раёна. Прыхільнікі засталіся пасля выступлення для фота і аўтографаў на плакатах. А Марыя Сцяпанава не хавала ўражанняў перад салістамі не толькі ад цяперашняга канцэрта, але і колішняга выступлення ў Цвеціне.
Падрыхтавала Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота аўтара.