Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Пра Свята-Адзігітрыеўскую царкву ў Дзісне распавядае краязнаўца Фадзей Шымуковіч

$
0
0

Гэты храм знакаміты сваёй іконай і тым, што пад яго падлогай доўгі час захоўваліся парэшткі шаркаўшчынскага святара Канстанціна Жданава, замучанага бальшавікамі ў 1919 годзе.

Знаходзіцца гэта царква на могілках. Першапачаткова яна была драўляная, але ў пачатку ХХ стагоддзя яе перавязлі ў Стэфанполле, а на яе месцы быў збудаваны цагляны храм, які стаіць і зараз.

Калі і як з’явілася ў Дзісне ікона Маці Божай Адзігітрыі дакладна не вядома. Паданне кажа, што гэта ікона прыплыла ў Дзісну па Дзвіне. Яна лічыцца цудадзейнай. Як сцвярджаюць старажылы, асаблівым чынам яна дапамагала дзісенцам падчас пажараў, ад якіх горад не раз цярпеў.

Праўда, зараз ікона знаходзіцца ў Свята-Уваскрасенскай царкве. Там жа зараз знаходзяцца і мошчы Канстанціна Жданава, які ў 2011 годзе быў кананізаваны. У мінулым годзе ў Шаркаўшчыне быў адкрыты помнік святару-мучаніку.

Канстанцін Жданаў — (22 сакавіка 1875 — 29 красавіка 1919) — праваслаўны святар, ахвяра бальшавісцкага тэрору, кананізаваны ў 2011 годзе Беларускай Праваслаўнай Царквой, мучанік за веру.

Айцец Канстанцін быў вядомым прапаведнікам, шмат часу прысвячаў на малітву. Таксама святар выкладаў Закон Божы ў трох вясковых школах, а ў 1916 годзе пачаў выконваць абавязкі загадчыка Беразвецкай жаночай вучэльні, якая была эвакуяваная ў Шаркаўшчыну.

Святар працягваў служэнне і пасля ўсталявання камуністычнай улады, якая разгарнула жорсткі тэрор у Дзісненскім павеце. Вясной 1919 года айца Канстанціна арыштавалі адразу пасля багаслужбы і пад канвоем перавезлі ў Дзісну. Бальшавікі расстралялі жанчын, якія спрабавалі заступіцца за святара. Айца Канстанціна павялі на расстрэл разам з айцом Міхаілам Сіняўскім, настаяцелем прыхода ў Язне. Айцец Міхаіл здолеў уцячы ад п'яных канваіраў; айцец Канстанцін не спрабаваў уцякаць. Я нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог спашле, тое і буду цярпець— сказаў ён.

Схаваўшыся, айцец Міхаіл бачыў, як п'яныя камуністы катавалі айца Канстанціна. Святара білі рыдлёўкай па галаве, адсеклі вуха, вырывалі валосы на галаве, пераламалі нагу. Перад смерцю ў яго запыталі апошняе жаданне — і святар папрасіў дазволу памаліцца. Пасля кароткай малітвы святара аглушылі моцным ударам і жывога закапалі ў яму.

Пахаваць цела айца Канстанціна ўдалося толькі праз два месяцы, пасля таго як у чэрвені 1919 года польскія войскі, падтрыманыя мясцовымі паўстанцамі, вызвалілі Дзісненскі павет ад камуністаў. Святара пахавалі ў падвале пад алтаром Свята-Адзігітрыеўскай царквы ў Дзісне.

Мясцовае насельніцтва дзесяцігоддзямі захоўвала памяць пра айца Канстанціна Жданава. У 1995 годзе ў шаркоўшчынскай царкве пачалі служыць адмысловыя набажэнствы ў памяць святара-мучаніка. У 2010 годзе Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл даў дабраславенне на кананізацыю святара. Урачыстае далучэнне айца Канстанціна Жданава да ліку святых адбылося 4 чэрвеня 2011 года ў Свята-Уваскрасенскім храме Дзісны. У гэтым жа храме цяпер захоўваюцца мошчы мучаніка.

Біяграфічныя звесткі пра святара ўзяты зВікіпедыі.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles