Калектыў ААТ "Міёрскі камбікормавы завод" 28 студзеня ўзначаліў Аляксандр Казіміравіч Шокель. Да гэтага ён на працягу трох гадоў паспяхова кіраваў перадавой на Міёршчыне гаспадаркай — ААТ "Туркова".
Аднак, значная частка яго працоўнай біяграфіі звязана з работай на камбікормавым заводзе, дзе сваю прафесійную дзейнасць пачынаў у якасці грузчыка.
Аляксандр Казіміравіч мае вышэйшую адукацыю—у 2014-ым завочна закончыў БАТУ па спецыяльнасці інжынер-механік.
Жанаты, выхоўвае дваіх дзетак.
Дырэктарам ААТ "Туркова" 27 студзеня абраны В. І. Сташкевіч.
Нарадзіўся Віктар Іванавіч 12 студзеня 1961 года на Міёршчыне—у вёсцы Стальмакова. У 1984-ым закончыў агранамічны факультэт Вялікалукскага сельгасінстытута. Прыехаў на працу ў калгас "Іскра", але праз месяц трапіў на службу ў армію. Вярнуўся ў гэтую гаспадарку і пасля дэмабілізацыі—у 1985-ым, кіраваў раслінаводчай галіной. У 1991-ым узначаліў калгас імя Дзяржынскага, які ў 2002-ым рэарганізаваны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў, а ў 2010-ым—у адкрытае акцыянернае таварыства. На кіруючай пасадзе працаваў да студзеня 2013 года. Затым па стане здароўя на тры гады змяніў месца работы, але свой калектыў не пакідаў, і цяпер зноў ўзначаліў яго.
На пасаду начальніка Міёрскага раённага аддзела абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва прызначана Надзея Іванаўна Лісічэнка.
Нарадзілася ў Міёрах 27 чэрвеня 1983 года. Скончыла СШ №3. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Гомельскім гандлёвым універсітэце па спецыяльнасці "Фінансы і крэдыт".
Працоўную дзейнасць пачынала бухгалтарам у транспартным аддзеле райспажыўтаварыства.
У аддзел ФСАН уладкавалася ў сакавіку 2012 года на пасаду інспектара, а сёлета з 28 студзеня ўзначаліла арганізацыю.
Замужам, выхоўвае дзвюх дочак.