Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Мнагаборства сабрала мацнейшых з Міёршчыны

$
0
0

Зімовае мнагаборства "Здароўе"на мінулым тыдні сабрала ў райцэнтры самых моцных спартсменаў школ раёна. Прыехалі змагацца за перамогу і права ўдзельнічаць у абласных спаборніцтвах найбольш фізічна падрыхтаваныя вучні 5-11 класаў. Разгортваліся дзеянні на базе Міёрскай СШ №2 і ля ДЮСШ на стадыёне.

Зімовае мнагаборства — гэта стартавы (першы) від абавязковых спаборніцтваў у праграме школьнай круглагадовай спартакіяды,—адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларыса Вячаславаўна Малецкая.—Затым будзе яшчэ шэраг спартыўных мерапрыемстваў: "Абаронца Айчыны", "Снежны снайпер", лыжныя гонкі… У апошнім месяцы навучальнага года школьнікі прыедуць на раённыя спаборніцтвы па летнім мнагаборстве, дзе вызначацца пераможцы, якія адправяцца ў вобласць. Упэўнена, што сярод іх будзе нямала тых, хто праяўляе спрыт у зімовую пару.

Многоборье собрало сильнейших с МиорщиныГэта пацвердзіў і настаўнік фізкультуры Міёрскай СШ №3 Васіль Яўгенавіч Паўлоўскі. У складзе судзейскай калегіі ён ацэньваў скачкі ў даўжыню з месца і, зразумела, найбольш хваляваўся за падапечных—пяцікласнікаў Ульяну Вальмус і Ігара Жука, сямікласніцу Аляксандру Невядомскую, васьмікласніка Віталя Лапкоўскага, дзевяцікласнікаў Мікіту Панкрата і Дзмітрыя Маскалькова, дзесяцікласніцу Веру Кузняцову.
—Дзіма—спрактыкаваны ўдзельнік раённых спаборніцтваў. У мінулы раз яму не хапіла аднаго бала, каб трапіць на абласное мнагаборства. А вось Віталік і Вера ўжо ўдзельнічалі ў важным мерапрыемстве: прызавыя месцы не занялі, але па некаторых відах спаборніцтваў атрымалі нядрэнны вынік. У мнагаборстве можна заняць лідзіруючую пазіцыю па скачках і набраць шмат балаў, але не праявіць сябе на лыжні ці ў іншым і аказацца ў пройгрышы, бо асабістыя месцы ўдзельнікаў вызначаюцца па найбольшай агульнай суме ачкоў у час спаборніцтваў,—патлумачыў суддзя.

—Шмат хваляванняў, а таму не кожны можа пацвердзіць свае школьныя рэкорды. Але пастараюся,—кажа мінулагодняя ўдзельніца абласнога мнагаборства Вера Кузняцова.—Раней мне давялося абараняць гонар раёна на летнім абласным мнагаборстве. Аднак бегаць па цвёрдай дарожцы—гэта зусім не тое, што пераадольваць слізкую двухкіламетровую дыстанцыю на лыжах, хаця мне гэты від спорту падабаецца.
Настаўнік фізкультуры Міёрскай СШ №2 судзіў спаборніцтвы па згінанні і разгінанні рук ва ўпоры лежачы, у якіх удзельнічалі дзяўчынкі, і адзначаў, што некаторыя вучаніцы надта падрыхтаваныя—змаглі "адціснуцца"ад падлогі ад 40 да 60 разоў. Парадаваўся, што яго вучні нядрэнна скакалі ў даўжыню. Юля Драпеза, напрыклад, дацягнулася да адзнакі ў 180 сантыметраў, а Анатоль Хмельнік—да 240 см, Аляксей Юршэвіч—да 251 см, Максім Смерцьеў—да 263 см.

Гутарка суддзі з карэспандэнтам на некалькі хвілін прыпыніла спаборніцтвы, але перашкаджаць не хацелася. І вось бачу, як юныя спартсменкі адна за другой кладуцца на падлогу, ставяць рукі на шырыню плячэй і, разагнуўшы іх, завісаюць у паветры, выцягнуўшыся як струна. На кожнае "адцісканне"траціцца не больш за дзве секунды. Прычым, за ўвесь перыяд выканання практыкавання дазваляюцца толькі дзве паўзы не больш чым па 5 секунд. Рэкорд ставіць васьмікласніца Іна Драба з Чапукоўскай ДС-СШ, якая адціскаецца 60 разоў і займае лідзіруючую пазіцыю не толькі ў сваёй узроставай катэгорыі, але і сярод старэйшых дзяўчынак. А шасцікласніца Вера Вайшуля з той жа школы-адціскаецца 50 разоў, і гэта найвышэйшы паказчык у яе ўзроставай групе. У ліку мацнейшых Яна Хадасевіч ( 5 кл; Дварнасельская СШ), Анастасія Касцюкевіч (7 кл; Перабродская ДС-СШ), Крысціна Лапкоўская (9 кл; Дварнасельская ДС-СШ), Вера Кузняцова (10 кл; СШ №3) і Марыя Пальчэўская (11 кл; Дварнасельская ДС-СШ).

Спаборніцтвы сярод хлопчыкаў па падцягванні строга судзіў педагог з Чапукоўскай ДС-СШ Віктар Уладзіміравіч Маскалёў:
—За перакладзіну хапацца рукамі толькі зверху.. Не згінаць тулава … Не разгойдвацца… Калі падбародак не падняўся вышэй за перакладзіну, практыкаванне не залічваецца…
Лідзіраваў 11-класнік Чапукоўскай ДС-СШ Дзмітрый Байчук, які падцягнуўся 26 разоў. У іншых узроставых групах мацнейшымі сталі Аляксей Юршэвіч (10 кл; СШ №2), Віктар Баслак з Завуццеўскай ДС-СШ (9 кл), Аляксандр Шчарбіцкі (8 кл; Язненская ДС-СШ), Мікіта Тамашэвіч (7 кл; Дзісенская СШ), Дзмітрый Каршакоў (6 кл; Сіцькоўская ДС-СШ), Ілья Стрэха з Новапагосцкай ДС-СШ (5 кл).
Цікаўлюся вынікамі спаборніцтваў па скачках у даўжыню з месца. Рэкорд сярод дзяўчынак у Марыі Пальчэўскай (11 кл; Дварнасельская ДС-СШ) і Веры Кузняцовай (10 кл; СШ №3), абедзве яны пераадолелі рубеж у 210 см. Добрыя "прыгунні"Крысціна Астукевіч (9 кл; Павяцкая ДС-СШ), Даша Грэцкая (8 кл; Узмёнская ДС-СШ), Насця Касцюкевіч (7 кл: Перабродская БШ), Валерыя Краюхіна (6 кл; Язненская СШ) і Ульяна Вальмус (5 кл; СШ №3). Сярод хлопчыкаў лепшыя Уладзіслаў Кулянок (10 кл; Дзісенская СШ), які забяспечыў рэкорд у 271 см, Максім Смерцьеў (11 кл; СШ №2), Дзмітрый Маскалькоў (9 кл; СШ №3), Даніла Дарашкевіч (8 кл; Міёрская БШ), Мікіта Тамашэвіч (7 кл; Дзісенская СШ), Вячаслаў Гарноўскі (6 кл; Новапагосцкая ДС-СШ), Андрэй Арцімовіч (5 кл; Павяцкая ДС-СШ).

Многоборье собрало сильнейших с МиорщиныНа "агнявы рубеж"з пнеўматычнымі вінтоўкамі выйшлі вучні 9-11 класаў. У ціры суддзі Міхаіл Пятровіч Сушко і Леанід Леанідавіч Мятла ўважліва сачылі не толькі за трапнасцю, але і за строгім захаваннем правіл бяспекі. Стралялі ў мішэнь з 10-метровай дыстанцыі з пазіцыі "стоячы, без апоры і без прымянення ружэйнага рэменя". Кожнаму ўдзельніку па 1,5 хвіліны на выстрал, а ўсяго—па восем, з іх па 3 спробныя і 5—заліковых. Нярэдка кулі ляцелі міма мішэні, але было нямала і трапных выстралаў—у "яблычка". Найбольш меткімі аказаліся Максім Цярэшка (9 кл; Мілашоўская БШ), Уладзіслаў Кулянок (10 кл; Дзісенская СШ), Аляксандр Асетнік (11 кл; Чапукоўская ДС-СШ), Крысціна Лапкоўская (9 кл; Дварнасельская ДС-СШ), Люба Мароз (10 кл; Чапукоўская ДС-СШ), Марыя Пальчэўская (11 кл; Дварнасельская ДС-СШ).

Вельмі напружана праходзілі спаборніцтвы на лыжні, дзе самым юным удзельнікам (ад 11 да 13 гадоў) належыла пераадолець дыстанцыю ў 1 км, школьнікам 14-15-гадовага ўзросту—2 км і старшакласнікам (каму споўнілася 16 гадоў і больш)—3 км. Усім лыжнікам было горача ў прамым сэнсе. А вось суддзі Славамір Іосіфавіч Урублеўскі, Генадзь Яўгенавіч Хахель і Аляксандр Антонавіч Кляшчонак адчувалі моцны мароз. Але стрэлкі іх секундамераў не прыпыняліся, адмяраючы час пераадолення кожным удзельнікам вызначанай дыстанцыі, і аўтаручкі не замярзалі, дазваляючы зафіксаваць у пратаколе вынікі. У гэтым відзе спорту найбольш балаў набралі пяцікласнікі Яна Хадасевіч з Дварнасельскай ДС-СШ, Рыта Раманава з Чапукоўскай ДС-СШ і Ілья Стрэха з Новапагосцкай ДС-СШ, а таксама Валерыя Краюхіна з Язненскай СШ і Вячаслаў Гарноўскі з Новапагосцкай ДС-СШ (6 кл), Аляксандра Бабышка з Павяцкай ДС-СШ і Мікіта Тамашэвіч з Дзісенскай СШ (7 кл), Іна Драба з Чапукоўскай ДС-СШ і Аляксандр Шчарбіцкі з Язненскай СШ (8 кл), Аўхаронак Тамара з Узмёнскай ДС-СШ і Віктар Баслак з Завуццеўскай ДС-БШ (9 кл), Ульяна Барысенка з Павяцкай ДС-СШ і Анатоль Хмельнік з Міёрскай СШ №2 (10 кл), Сняжана Кубліцкая і Дзмітрый Кабяк—абодва з Цвецінскай ДС-СШ (11 кл).

Многоборье собрало сильнейших с МиорщиныУсе спаборніцтвы прайшлі за дзень. Суддзям спатрэбіўся час, каб вызначыць пераможцаў. Назвалі тых, хто па ўсіх відах спорту, уключаных у мнагаборства, аказаўся найбольш фізічна падрыхтаваным і набраў шмат балаў.
Першыя месцы занялі Яна Хадасевіч з Дварнасельскай ДС-СШ і Ілья Стрэха з Новапагосцкай ДС-СШ (5 клас), Валерыя Краюхіна з Язненскай СШ і Вячаслаў Гарноўскі з Новапагосцкай ДС-СШ (6 кл), Анастасія Касцюкевіч з Перабродскай БШ і Мікіта Тамашэвіч з Дзісенскай СШ (7 кл), Іна Драба з Чапукоўскай ДС-СШ і Даніла Дарашкевіч з Міёрскай БШ (8 кл), Крысціна Лапкоўская з Дварнасельскай ДС-СШ і Віктар Баслак з Завуццеўскай ДС-БШ (9 кл), Вера Кузняцова з СШ №3 і Уладзіслаў Кулянок з Дісенскай СШ (10 кл), Марыя Пальчэўская з Дварнасельскай ДС-СШ і Аляксандр Асетнік з Чапукоўскай ДС-СШ.
Другія месцы ў раённым зімовым мнагаборстве заваявалі Святлана Кезік з Павяцкай ДС-СШ і Максім Паўлоўскі з Дзісенскай СШ (5 кл), Анжэліка Булышка з Дварнасельскай ДС-СШ і Дзмітрый Каршакоў з Сіцькоўскай ДС-СШ (6 кл), Таццяна Трэпша са Слабадской ДС-БШ і Дзмітрый Загорскі з Сіцькоўскай ДС-СШ (7 кл), Даша Касцюкевіч з Цвецінскай ДС-СШ і Аляксандр Шчарбіцкі з Язненскай СШ (8 кл), Крысціна Астукевіч з Павяцкай ДС-СШ і Мікіта Панкрат з СШ №3 (9 кл), Ульяна Барысенка з Павяцкай ДС-СШ і Анатоль Хмельнік з СШ №2 (10 кл), Сняжана Кубліцкая з Цвецінскай ДС-СШ і Дзмітрый Байчук з Чапукоўскай ДС-СШ (11 кл).

У ліку прызёраў, якія ўзняліся на трэцюю прыступку спартыўнага п'едэстала Раната Раманава з Чапукоўскай ДС-СШ і Андрэй Арцімовіч з Павяцкай ДС-СШ (5 кл), Надзея Мацвеева з Перабродскай БШ і Яўген Маліноўскі з Язненскай СШ (6 кл), Аляксандра Невядомская з СШ №3 і Данііл Смірноў з Міёрскай БШ (7кл), Эма Баравік з Павяцкай ДС-СШ і Уладзіслаў Алтыннікаў з Завуццеўскай ДС-БШ (8 кл), Тамара Аўхаронак з Узмёнскай ДС-СШ і Андрэй Панізнік з Павяцкай ДС-СШ (9 кл), Вікторыя Шавякова з Дзісенскай СШ і Аляксей Юршэвіч з СШ №2 (10 кл), Таццяна Кашкур з Павяцкай ДС-СШ і Максім Смерцьеў з СШ №2 (11 кл).
Дзесяць мацнейшых спартсменаў, якія занялі першыя месцы ў розных узроставых групах, змагаліся на абласных спаборніцтвах зімовага мнагаборства.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымках: на спаборніцтвах падчас зімовага
раённага мнагаборства.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles