Вось і надыходзіць 2016 год. У гэты час мы зычым адно аднаму ўсяго самага лепшага, каб год наступны быў лепшым за мінулы. Наперад мы глядзім са спадзевам і верай у лепшае. Але ад нас з вамі, кожнага з нас, залежыць, якім наступны год будзе, ці будзе ён сапраўды лепшым. Таму я хацеў бы не проста пажадаць нешта абстрактнае, але і напісаць некалькі канкрэтных рэчаў, якія лічу вартымі агучыць у гэты святочны дзень.
Будзьце добрымі адно да аднаго. Цаніце кожны момант, калі вы разам. Беражыце адно аднаго, спрабуйце не крыўдзіць і не крыўдаваць па дробезях. Дабрыня пераможа зло, калі мы будзем добрымі не толькі да сям’і і бліжэйшых сваякоў, але і да ўсіх тых, хто нас атачае: суседзі, землякі, суграмадзяне, людзі і іншыя жывыя істоты, што жывуць на гэтай планеце. Любіце і цаніце жыццё і Зямлю, на якой жывеце.
Вучыцеся і пашырайце веды. Калі наступны год і стане лепшым за мінулыя, дык гэта праз новыя дасягненні чалавецтва, якія мы прывыклі называць словам прагрэс. Гэта і лекі ад пакуль яшчэ невылечных хваробаў, і больш экалагічныя ці больш хуткія віды транспарту, і новыя крыніцы энергіі, і новыя інфармацыйныя тэхналогіі, што будуць дапамагаць чалавеку ў штодзённай працы і адпачынку.
Навуковы прагрэс – гэта тое, што рухае чалавецтва наперад. І гэта ні нешта такое, у чым вы не можаце дапамагчы. Можаце! Не забывайцеся пра нашых землякоў Паўла Сухога і Барыса Кіта, пра многіх іншых выбітных выхадцаў з нашага краю. Спрабуйце даць вашым дзецям найлепшую адукацыю. Магчыма ў вашай сям’і падрастае малады геній, які ў літаральным сэнсе зробіць гэты свет лепшым.
І, канешне, працягвайце самаадукацыю. Вучыцца ніколі не позна. Чытайце кніжкі, хадзіце ў бібліятэкі, шукайце адукацыйную літаратуру ў інтэрнэце. Атрымайце яшчэ адну адукацыю. Усё ў вашых руках.
Хочаце, каб гэты свет быў лепшым? Пачынайце з сябе! Кіньце піць, паліць, займайцеся спортам, больш рухайцеся, але таксама чытайце кнігі і самаадукоўвайцеся. Сартуйце смецце, дапамагайце рабіць ваш горад ці вёску больш прыгожым і чыстым. Ініцыюйце суботнікі, запісвайцеся валанцёрам у грамадскія арганізацыі, рабіце добрыя рэчы бескаштоўна.
Атрымлівайце зарад энергіі ад высокага. Цікаўцеся культурай, слухайце музыку, хадзіце ў музеі (ці шпацыруйце па музеях праз інтэрнет. Тэхналогія на шчасце дазваляе!). Хадзіце ў храмы, слухайце словы святароў, царкоўныя спевы, медытуйце. Але майце розум і не верце кожнай догме. Галоўнае, будзьце добрым чалавекам і не рабіце шкоды гэтаму свету і навакольным, нават калі нейкі аўтарытэт кажа, што рабіць шкоду вы абавязаны.
Пашырайце мір і згоду. Рашуча кажыце “не” вайне. Кажыце “не” тым палітыкам, што распачынаюць войны ці заклікаюць да іх, шукаюць ворагаў, а не сяброў. Ганіце тых палітыкаў, што пашыраюць несвабоду.
Стварайце. Пішыце музыку, вершы, апавяданні, вяжыце, малюйце, фатаграфуйце, завядзіце блог, выказвайце свае думкі, спрачайцеся, пераконвайце, прызнавайце памылкі.
Не сядзіце ў клетцы, самы час яе разбіць, расправіць крылы і пабачыць, які прыгожы гэты свет. Зрабіце шэнгенскую візу, наведайце Вільню, пахадзіце па ейных старажытных вулках, адчуйце дух вялікай гісторыі, якую камусьці хацелася б, каб мы забыліся. Любіце свой край.
Вось усяго некалькі простых рэчаў, якія мы можам рабіць, каб гэты свет стаў лепшым. Многія з іх даволі простыя і не вымагаюць вялікіх высілкаў. Іншыя – больш складаныя, але яны таго вартыя. Уявіце, якім бы гэты свет быў, калі б мы ўсе спрабавалі жыць паводле гэтых простых прынцыпаў.
З Новым годам вас, сябры!