Па традыцыі напярэдадні святаў Westki.info падводзяць вынікі года. Што варта вылучыць з падзеяў, якія адбыліся цягам 2015 года ў паўночна-заходняй Беларусі і Віленшчыне?
Палітычная падзея года
Найважнейшая палітычная падзея года – прэзідэнцкія выбары прайшлі фактычна незаўважна. Гэта была самая нецікавая прэзідэнцкая кампанія, што калі-кольвек адбывалася ў Беларусі. Узровень палітычнай барацьбы быў не проста нізкім. Яго, варта прызнаць, не было. Хоць у бюлетэні і была Таццяна Караткевіч, кандыдат ад кампаніі “Гавары праўду”, але яна фактычна не крытыкавала свайго галоўнага канкурэнта, а частка апазіцыі лічыла, што яна сваім удзелам у выбарах гуляе на карысць рэжыму.
Суды года
Незадоўга да выбараў у Глыбокім адбыліся суды над незалежнымі журналістамі Таццянай Смоткінай і Зміцерам Лупачам. Апошняга спрабавалі прымусіць супрацоўнічаць з КДБ, але ён адмовіўся і публічна заявіў пра гэта. Пэўнай салідарнасцю з глыбоцкімі журналістамі можна лічыць тое, што ў 2015 годзе менавіта ў Глыбокім прайшлі “БАЖынкі”, карпаратыўны фэст незалежных журналістаў.
Яшчэ адной гучнай справай сёлета стаў суд аб будаўніцтве царквы на запаведным возеры Балдук. Супраць гэтай будоўлі выступілі жыхары бліжэйшых вёсак Вайшкуны і Станчыкі, бо, як яны лічаць, будоўля прынясе шкоду возеру. Але ні праваслаўны прыход райцэнтру Паставы, ні мінскі спонсар, ні мясцовыя ўлады, ні суд не захацелі слухаць іхных аргументаў.
Вясной у турме апынуўся вядомы краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць. “Самы беларускамоўны мытнік краіны. Завадатар культурнага жыцьця на Астравеччыне. Сябра соцень, калі ня тысяч людзей, многім зь якіх празь яго адкрылася Беларусь, якія ўбачылі і палюбілі сваю краіну. (Гэта словы, вядома. Але я сустракаў шмат такіх, хто жыве тут, а сходу і сказаць ня можа – дзе. Як яно называецца. Кусок зямлі.)” – пісаў пра яго Сяргей Дубавец. Працаваў Алесь на мытні, узялі ўсю змену мытнікаў. Кажуць, Юркойць з калегамі патрапіў пад каток “спрадвечнай” міжведамаснай барацьбы мытнікаў з гэбэшнікамі. Варта адзначыць, што Алесь актыўна выступаў супраць будаўніцтва АЭС у нашым рэгіёне.
Магчыма, ужо ў хуткім часе адбудзецца суд па крымінальнай справе аб патрыятычных графіці. Сярод фігурантаў справы – Вадзім Жаромскі са Смаргоні. Яму пагражае да 6 гадоў зняволення.
Рэлігійныя падзеі года
Вельмі важная рэлігійная падзея - адкрыццё Святых дзвярэй у Браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў. Паводле загаду Папы Францішка, у кожнай дыяцэзіі былі вызначаныя святыні, за ўваход праз дзверы якіх вернік, які каецца ў грахах, атрымлівае індульгенцыю (адпуст). Гэта першы раз, калі Святыя Дзверы адчыняюць па ўсім свеце, у тым ліку ў Браславе. Раней гэтак рабілі толькі ў Рыме. Такім чынам, навацыі Папы Францішка адгукнуліся і ў нашым рэгіёне.
Францішкане ў Удзеле ўпершыню ўвялі традыцыю пасвячэння хатніх жывёлаў. Гэта старая традыцыя ордэна францішканаў, якая паходзіць з таго, што святы Францішак з Асізі шанаваў прыроду, бо бачыў у ёй прыгажосць Створцы-Бога.
У Глыбокае прызначаны новы пробашч. Ксёндз Мікалай Ціхановіч. Ён уразіў людзей глыбокімі і мудрымі казаннямі, якія можа сказаць толькі чалавек, які жыве Богам і Божым Словам. Біскуп запрасіў яго з Гарадзенскай дыяцэзіі, і гэта сведчанне таго, што біскуп лічыць Глыбокае важным пунктам на мапе дыяцэзіі, бо паклапаціўся, каб прызначыць у наш горад інтэлектуальна і духоўна моцнага святара. Праўда варта адзначыць, што прызначэнне гэтае адбылося пасля рэзананснага канфлікту ў глыбоцкай парафіі, у выніку якой з Глыбокага былі адазваныя ўсе ксяндзы, у тым ліку і былы пробашч Мечыслаў Янчышын, а таксама стваральнік газеты “Каталіцкі Веснік” ксёндз Віктар Місевіч.
Эканамічныя падзеі года
Будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі адмыслоўцы называюць “афёрай стагоддзя”: яно адбываецца без адпаведнага праекта, неабходнай экспертызы і згоды суседняй Літвы. У незалежных СМІ з’явіліся артыкулы пра крадзяжы на аб’екце, што сталі паўсядзённасцю ў сувязі з істотным змяншэннем заробкаў працоўных. Недалёка ад месца будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі інтэнсіўнымі тэмпамі ўзводзяцца прыватныя дамы мясцовых жыхароў. Будаўнічы “бум” выкліканы таннымі матэрыяламі, якія па нізкіх коштах прапаноўваюць насельніцтву будаўнікі станцыі.
У Глыбокім збанкрутаваў Кансервавы завод, а вось у Мёрах пачалі будаваць завод па выпуску бляхі. Там 500 чалавек маюць працаваць, гэта самая буйная інвестыцыя ў рэгіёне ад савецкіх часоў. Для Мёраў, дзе праблема беспрацоўя стаіць востра, гэта выратаванне.
У сельскай мясцовасці як ніколі сумны стан з заробкамі і беспрацоўем. Людзі павярталіся з заробкаў з Расіі, а працы няма. Дзяржаўная дапамога скарацілася, і справы сталі кепскія. У калгасах месяцамі не плацяць заробкі ці плацяць мізэр, ды часам даюць не грашыма. а траціну заробку мукой, гарохам, каўбасамі (непатрэбнымі, бо ў чалавека на вёсцы сваё мяса ёсць) ды чэкамі на набыццё тавараў у крамах "Белкаапсаюза".
Гарадская легенда года
У Шаркаўшчыне прынёс чалавек у банк кілбасы, выдадзеныя замест заробку і настойліва патрабаваў, каб іх прынялі ў якасці плацяжу за крэдыт. Супрацоўнікі банка выклікалі міліцыю, чалавека пасадзілі на суткі. Міліцыя гэтую гісторыю адмаўляе.
Культурная сталіца года
У грамадскім і культурным жыцці рэгіёна як ніколі варта адзначыць Браслаў. Менавіта там сёлета культурнае жыццё было найбольш яскравым і актыўным. У Краязнаўчым музеі і Музеі традыцыйнага мастацтва штогод адбываецца некалькі якасных і цікавых выставаў. У Музеі ТМ ладзіцца батлейка. Зладзілі "Браслаўскія чытанні". Праводзяцца канцэрты - Viva Braslav збірае тысячы людзей. Адзіны ў рэгіёне рыцарскі фэст. Самы масавы і важны рэлігійны фэст у дыяцэзіі - Маці Божай Валадаркі Азёраў, з сустрэчай моладзі Віцебскай дыяцэзіі - ладзіцца таксама ў Браславе. Тамсама крама сувеніраў працуе - адзіная такога кшталту ў рэгіёне. І гэта заслуга не мясцовых начальнікаў, як тое любяць пісаць раёнкі, а ініцыятыўных людзей - журналістаў, музейных работнікаў, рамеснікаў, святароў.
Грамадскае жыццё
У Паставах грамадскія актывіста зладзілі "Школу Залатога Узроста", правялі цыкл сустрэч (больш 20-ці) з вядомымі краязнаўцамі, гісторыкамі, мастакамі, літаратарамі, эколагамі, навукоўцамі. Выдавецкая ініцыятыва "Сумежжа"выдала 12 кніг. было шмат прэзентацый). ТБМ паставіла спектакль пастаўскіх аўтараў, быў зняты дакументальны фільм прысвечаны творчасці Уладзіміра Дубоўкі. Заснавалі ініцыятыву "Локіс"па раскрутцы развіцця турызма ў Лынтупскім рэгіёне (ужо існуе сайт).
Варта адзначыць
Наогул, сёлетні год быў бедным на падзеі, але быў працягам тых годных і шляхетных традыцый, якія былі закладзеныя ў нашым рэгіёне ў мінулыя гады. Святы, пачатак якім быў дадзены ў мінулыя гады, сёлета ізноў святкавалі: "Журавы і журавіны"ў Мёрах, Viva Braslav - рэальна вялікі рок-фэст рэгіянальнага маштабу, бо на яго задоўга планавалі сваю паездку людзі і з Глыбокага, і Паставаў. Каталіцкія фэсты - у Друі, у Браславе, у Лучаі - па-ранейшаму цікавыя, адметныя, з культурнай праграмай, якая складае хіба найлепшую частку культурнага жыцця рэгіёна.
Асобна варта адзначыць, як добры прыклад, Насту Забалатнюк, маладую дзяўчыну, што паехалі па сваім жаданні па размеркаванні ў Лужкі, каб тут працаваць з дзецьмі - і стала сапраўды вельмі адданай настаўніцай. Робіць тут ужо трэці год. Пра ейную гісторыю былі публікацыі і на Тут.баі, і ў Настаўніцкай газеце, і на Навінах.бай, і ў Звяздзе. Хіба што ні пра каго з нашага рэгіёну столькі не пісалі сёлета. А яна зрабіла тое, да чаго неяк заклікаў у "Нашай Ніве"Андрэй Дынько - што беларускай моладзі варта ісці настаўнікамі ў школы, выхоўваць маладое пакаленне, а не ўцякаць у эміграцыю.
Вынікі года беларускага жыцця Вільні Весткі падвядуць асобным артыкулам, які выйдзе праз некалькі дзён.