Ёсць добрае выказванне: футбол—гульня № 1 у свеце! З гэтым згодныя і міёрскія хлопцы, якія заўсёды рады паганяць мяч, было б месца і час. У лістападзе на двухдзённым Кубку па міні-футболе спартыўная зала фізкультурна-аздараўленчага клуба "Атлант"сабрала 7 каманд: ААТ “Любінова”, аддзел адукацыі,спорту і турызму, аддзел надзвычайных сітуацый, мясакамбінат, 2 дружыны дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (выхаванцы высокакваліфікаванага трэнера Алега Грыгаровіча) і “Ва-банк” (актыўныя хлопцы, для якіх спорт—адзін з відаў баўлення вольнага часу). Жараб’ёўка вызначыла групы, і ўжо можна было "ставіць стаўкі": хто пазмагаецца за прызавыя месцы. “Артэлі” атрымаліся амаль роўныя, ды тым не менш вылучаліся фаварыты, запэўненыя ў праходзе ў фінал, іншыя спадзяваліся толькі на ўдачу, ды яна ўсміхнулася не ўсім. Замест нядзельных гульняў некаму прыйшлося адправіцца на рынак за пакупкамі. Пра гэта падрабязней.
У групу А трапілі ААТ “Любінова”, мясакамбінат, “Ва-банк”, “ДЮСШ-1”. У колькасным складзе група Б атрымалася меншай: аддзел адукацыі, спорту і турызму, РАНС, “ДЮСШ -2”. Своеасаблівасць Кубка па міні-футболе—мажлівасць уключаць неабмежаваную колькасць легіянераў, але толькі якія жывуць у нашым раёне. Так што каманды з радасцю ўкамлектаваліся ігракамі ФК “Міёры” і “Прыазер’е”. Склады атрымаліся моцныя. Варта адзначыць, аддзел надзвычайных сітуацый выставіў толькі сваіх супрацоўнікаў, але за гэта і паплаціўся, саступіўшы “ДЮСШ-2” з лікам 9:4 і ААСіТ—9:1. Для выратавальнікаў на гэтым баталіі скончыліся. Засталося вырашыць, хто ў групе стане першым. Ва ўпартай барацьбе з “ДЮСШ-2” мацнейшымі апынуліся работнікі адукацыі і спорту з лікам 5:4.
У іншай “артэлі” ўсё нашмат складаней, пераможным катком па іншых прайшлося толькі “Любінова” пад кіраўніцтвам Андрэя Чарняўскага, пераканаўча абыграўшы “ДЮСШ-1” з лікам 6:1, “Ва-банк”— 7:2 і мясакамбінат—2:0. Затое саступіўшыя адчулі смак лідарства ў гульнях паміж собой. “ДЮСШ-1” адужвае “Ва-банк”, які ў сваю чаргу вярхуе над мясакамбінатам. А ён аказаўся мацнейшым за “ДЮСШ-1”. У выніку на групавым раўндзе па 3 ачкі ў 3-х каманд. Праз няхітрыя матэматычныя падлікі у "паспяховы вагон"да станцыі “паўфінал” сеў мясакамбінат за кошт лепшых паказчыкаў прапушчаных і забітых мячоў.
Другі дзень пачаўся са стыкавых матчаў, у якіх сустрэліся “Любінова” з “ДЮСШ -2” і “ААСіТ” з мясакамбінатам. Супрацоўнікі гаспадаркі і адукацыйна-спартыўнай сферы даказалі, што невыпадкова сталі першымі ў групах, абыграўшы сапернікаў адпаведна 5:3 і 4:2. І вось доўгачаканыя паядынкі, да якіх імкнуліся на працягу 2-х дзён. За 3-е месца пазмагаліся мясакамбінат і “ДЮСШ-2”, асноўны гульнёвы час так і не выявіў пераможцу, не жадалі саступаць ні тыя ні іншыя. Вынік—2:2. Далей, як лічаць многія, умяшалася спадарыня фартуна, так званая серыя пенальці, у якой лепшымі апынуліся выхаванцы ДЮСШ. У іх трэцяе месца ў Кубку раёна па міні-футболе. У фінале сышліся адукацыйна-спартыўны аддзел і “Любінова”. Вырашальны матч меў стацца ўпрыгожаннем, ды, на жаль, не стаў. Так, першы тайм выдаўся насычаным на галявыя моманты ля абодвух варот, але ўпэўненыя галкіперы не дазвалялі змяніць “абаранкі” на табло. Але… памылка напрыканцы тайма прывяла абаронцаў ААСіТ да забітага мяча ў іх вароты. Можна сказаць, гэты гол стаў снежным камячком, які ў другім туры ператварыўся ў вялізны саперніцкі ком. Гаспадарка камандзе ААСіТ “адгрузіла” 5 неўзаемных мячоў. У выніку ўпэўненае першае месца ў “Любіноўцаў”, другі—аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Вось тыя хлопцы, хто зляпіў пераможны ком: (ніз—злева направа) Максім Антанёнак, Віталь Смалякоў, Сяргей Мышко, Андрэй Канаховіч , (верх-злева направа) Аляксандр Юдзіцкі, Раман Чубрэвіч, Сяргей Чарняўскі, Вадзім Каранеўскі, Андрэй Чарняўскі, Аляксей Сіўко. Ім уручаны медалі за першае месца і Кубак.
Максім ПЛАТОНАЎ,
старшыня ФСК “Атлант”.
Даслана zet17, 28.11.15