Па старой добрай традыцыі ў фізкультура-спартыўным клубе “Атлант” прайшоў адкрыты Кубак раёна па валейболе сярод жаночых каманд.
Да нас прыехалі госці з Варапаева, Наваполацка і суседзі з Себежа (Расія). З года ў год складаней сабраць удзельнікаў, уплывае шэраг фактараў: у адных цяжкае матэрыяльнае становішча, у іншых не збіраецца асноўны склад з-за хваробы ігракоў, але шчыра дзякуем тым камандам, якія па першым кліку з радасцю адгукаюцца.
Пад чуйным кіраўніцтвам галоўнага суддзі спаборніцтваў Валянціна Шумілава пасля жараб’ёўкі пачалося ўрачыстае адкрыццё. Гучалі гімны Расійскай Федэрацыі і Беларусі, добрым словам віталі ўдзельнікаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Малецкая. Традыцыйным стала і ўручэнне караваяў капітанам. Пачаліся гульні…
Адкрыць турнір воляй жэрабя давялося міярчанам, якія схапіліся на пляцоўцы з варапаеўскімі сапернікамі. Хоць, па шчырасці, схапіліся—гучна сказана. Відавочна, што нашы дзяўчаты, дзякуючы свайму высокакваліфікаванаму трэнеру Уладзіміру Вішнякову, на галаву вышэйшыя за канкурэнтаў, якім таксама трэба аддаць павіннае—прыехалі не ў асноўным складзе.
У другой гульні спаткаліся навапалачанкі і расіянкі. Беларускі гасцінна сустрэлі саперніц па-за пляцоўкай, на ёй жа разгарнуліся спартыўныя баталіі. Так, фаварыткі турніру з нафтавага горада выйгралі ў Себежа. Праблема з перамогай узнікла толькі ў першай партыі, дзе расіянкі паказалі, што такое камандны дух і характар, але ўсё роўна саступілі з лікам 25-21, і як вынік матчу—2-0 на карысць навапалачанак.
Пасля першых гульняў выявіліся яўныя прэтэндэнты на перамогу: Міёры і Наваполацк. Гэты паядынак і стаў самым відовішчным, менавіта ў ім вырашылася, хто вып’е шампанскага з пераможнага кубка, а хто задаволіцца медалямі за другое месца.
На жаль, удача аказалася на баку нафтавых валейбалістак. Абыграўшы нашых з лікам 2-1 і ўпэўнена ўзяўшы рэванш у варапаеўцаў, яны і атрымалі першынство. Міярчанкі пераважылі расіянак, якія былі на трэцяй пазіцыі, і сталі ганаровымі другімі.
Студэнтка, камсамолка, спартсменка і проста прыгажуня—крылатае выслоўе з савецкай кінакамедыі Леаніда Гайдая “Каўказская палонніца, ці Новыя прыгоды Шурыка” якраз выдатна падыходзіць да нашых удзельніц. Усім даволі вядомыя іх імёны і прозвішчы, ды хочацца пазнаёміць дасканалей. Вольга Жук—студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава, Юлія Грэцкая вучыцца ў ВДМУ, бронзавы прызёр Чэмпіянату Беларусі па валейболе ў вышэйшай лізе, Таццяна Арсоба вучыцца ў Мінскім эканамічным універсітэце, Ірына Грыгор’ева—у ВДУ імя П.М. Машэрава, Ксенія Алісеенка—у Наваполацкім універсітэце, Крысціна Кузьміна—дзесяцікласніца СШ №3, Дар’я Кавалёва—дзесяцікласніца СШ №2, Ксенія Жук—васьмікласніца СШ №3, капітан каманды дзяўчат 2001-02 г. нараджэння, сярэбраны прызёр сёлетняга першынства вобласці, кандыдат у абласную зборную па валейболе.
Пасля турніру падзяліліся меркаваннямі капітаны наваполацкай і себежскай каманд. Дзіяна Маліноўская (Наваполацк):
—Турнір прайшоў на высокім узроўні. Не магу сказаць, што на 100 % запэўніваліся ў сваёй перамозе, таму што сапернікаў ніколі нельга недаацэньваць, тое пацвердзілася ў матчы з міярчанамі, моладзь не давала нам расслабляцца: другую і трэцюю партыю гулялі ачко ў ачко. Дзякуй, што рэгулярна запрашаеце. Такая традыцыя нам надта даспадобы. На жаль, мала дзе ў нашым рэгіёне праводзяцца падобныя спаборніцтвы. Заўжды чакаем гэтага турніру з нецярпеннем, для нас гэта нагода сабрацца сваёй камандай, завесці знаёмствы, сустрэцца з таварышкамі, пагуляць ад душы ў любімую гульню. Сустракаюць у Міёрах заўжды вельмі гасцінна: хлебам-соллю, танцамі, песнямі, асабліва падабаецца ваша завядзёнка ўручэння вымпелаў з камандным фота. Ідэя—супер. Крыху засмуціла, што з кожным годам зніжаецца колькасць каманд, ды малайцы, што расіян запрашаеце, усё ж гонар удзельнічаць у міжнародным турніры. З мінулых спаборніцтваў запомнілі пскоўскую каманду, з якой прыйшлося пазмагацца. Мы гуляем дзеля эмоцый і на вашым Кубку атрымліваем іх спаўна. Вельмі задаволены, дзякуй вялікі, запрашайце яшчэ—з задавальненнем прыедзем!
Вольга Ларывонава (Себеж):
—Вельмі падабаецца ваша гасціннасць. Прыязджаем заўсёды з задавальненнем. Усё арганізавана надта дастойна. Убачыўшы склад каманд, зразумелі: будзем як мінімум трэцімі. Хацелася лепш пазмагацца за другое месца, ды мы сабралі не самы моцны склад. Дзякуй вялікі за запрашэнне, клічце яшчэ, завітаем з радасцю!
***
Што тычыцца ўпадабанай традыцыі ўручэння памятных персанальных вымпелаў , за іх шчыра дзякуем кіраўніку папячыцельскага савета ГА “Валейбольны клуб “Чайка” Валерыя Рабцаву.
Чытайце таксама