Сяброўства і мужнасць — не проста словы. У гэтым хутка ўпэўняцца маладыя хлопцы Міёршчыны, якіх з 15 лістапада родныя і сябры будуць выпраўляць на службу ў армію. Каля 40 юнакоў адправяцца ў ваенныя часці роднай краіны, каб абараняць яе спакой і прайсці школу мужнасці. Напярэдадні важнай падзеі для сёлетніх прызыўнікоў 3-га лістапада ў РДК прайшло святочнае мерапрыемства.
На сустрэчу з будучымі абаронцамі Радзімы прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Алегаўна Стальмачонак, ваенны камісар раёна Сяргей Іванавіч Жабёнак, старшыня раённага савета ветэранаў Часлаў Станіслававіч Кашкур. Усе жадалі хлопцам упэўненасці ў сваіх сілах, годнай службы і новых надзейных сяброў.—Адгортваецца новая старонка ў вашым жыцці,—звярталася да прызыўнікоў Таццяна Стальмачонак.—Вы ідзяце служыць у асаблівы год, калі святкуецца 70-годдзе Перамогі. Да таго ж 2015-ы названы Годам моладзі. Каму як не вам працягваць слаўныя традыцыі пакаленняў. —Любая дзяржава павінна мець моцную, падрыхтаваную сучасную армію, што з'яўляецца гарантыяй яе суверэнітэту і незалежнасці,—працягваў Сяргей Жабёнак.—Касцяк арміі—гэта звычайныя хлопцы, якія штогод адпраўляюцца ў яе рад
Сяргей Іванавіч нагадаў будучым салдатам пра дысцыпліну і падпарадкаванне ў воінскім калектыве і даў наказ абавязкова пісаць дадому пісьмы, бо гэта куды больш важна і памятна для блізкіх, чым тэлефонны званок.Пра тое, што моладзь павінна быць годнай подзвігу сваіх дзядоў і прадзедаў, гаварыў Часлаў Кашкур. У нашым раёне засталося толькі 20 ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Самаму старэйшаму з іх споўнілася 97, а малодшыя хутка адзначаць 90-годдзе. Захаваць здабыты імі мір і памножыць моц Радзімы—задача нашчадкаў.
Мірнай службы, цярплівасці і вытрымкі ад імя ўсіх матуль жадала хлопцам Ірына Антонаўна Чарняўская:—Служыце годна. А мы будзем маліцца за вас, ганарыцца вамі і чакаць дадому.Наперадзе ў хлопцаў армейскія будні, прызвычаіцца да якіх адразу будзе няпроста. На гэтым жыццёвым этапе спатрэбяцца і фізічная загартоўка, і псіхалагічная ўстойлівасць, і бадзёрасць духу. Добры настрой дарылі прызыўнікам маладыя салісткі Святлана Атопкіна, Дар'я Шук і Дзіяна Маляўка, танцавальны калектыў "Азарт".
Падчас забаўляльных конкурсаў правяралі будучых салдат на знаходлівасць, кемлівасць і моц. Як адзначыў адзін з прызыўнікоў, любоў да Радзімы пачынаецца з любові да маці. Таму заступіўшы на варту спакою і міру ў краіне, у першую чаргу салдат абараняе родных і дарагіх людзей. І абавязак гэты—пачэсны.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.