Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Аграрная палітыка Лукашэнкі правальваецца. Піша Кастусь Шыталь

$
0
0
  • Ілюстрацыйнае фота

Днямі я пабываў на ўчастку зямлі, які належыць аднаму з дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Гэта аддаленае ад вялікіх дарог поле, плошчай каля сотні гектараў, да якога можна дабрацца, толькі пераехаўшы ўброд ручай. Па полі, якое было засеяна канюшынай і скошана, ляжалі раскіданыя цюкі сена. Дзяржаўная гаспадарка скасіла канюшыну, высушыла, сабрала ў цюкі – і пакінула гніць.

На такім жа аддаленым ад дарог полі, ужо ў іншай гаспадарцы, я бачыў кінутыя цюкі гэтай вясной. Сена ці салома (быў далёка, разгледзець не мог) гнілі цягам усёй зімы.

Гэтыя невялікія прыклады красамоўна паказваюць вынікі аграрнай палітыкі Лукашэнкі.

На працягу дваццаці год свайго прэзідэнцтва Лукашэнка падтрымліваў нерэнтабельны аграрны сектар, што застаўся ад Савецкага Саюза, улады якога адабралі зямлю ў прыватных уласнікаў і арганізавалі калгасы ды саўгасы. У гады эканамічнага росту гэта атрымлівалася лепей, і госці з іншых краін захапляліся засеянымі беларускімі палямі, а дзяржаўныя медыі дзень і ноч расказвалі пра надоі, намалоты і будаўніцтва жылля ў аграгарадках.

Летась эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася, і дзяржаўныя субсідыі прадпрыемствам сельскай гаспадаркі скараціліся. Гэта адразу стварыла вялікія праблемы. Вясной многія гаспадаркі сутыкнуліся з недахопам паліва і запчастак. Яшчэ цяжэй прыйшлося работнікам, бо затрымкі заробкаў у большасці гаспадарак Віцебскай вобласці дасягалі некалькіх месяцаў. Частку заробку выдавалі чэкамі на набыццё тавараў у крамах дзяржаўнага рытэйлера “Белкаапсаюз”, дзе кошты большыя, а асартымент горшы, чым у прыватных гандлёвых сетках. Разлічваліся і прадуктамі, незалежна ад таго, патрэбныя яны работніку ці не. Многія трымаюць у прысядзібных гаспадарках жывёлу і забяспечваюць сям’ю мясам, аднак на працы ім даюць каўбасы і кураціну.

Сітуацыя з кадрамі ў сельскай гаспадарцы робіцца штораз цяжэйшай. Работнікаў, якія сыходзяць на пенсію, болей, чым выпускнікоў вясковых школаў, якія маглі б замяніць пенсіянераў. Дэфіцыт кадраў мясцовыя ўлады вырашаюць, мабілізуючы на палявыя працы інтэлігенцыю і навучэнцаў, адпраўляючы ў калгасы рабочых з райцэнтраў. Але сітуацыя штораз горшая.

Вось і атрымліваецца, што прадпрыемствы сельскай гаспадаркі не маюць магчымасці звезці з поля скошанае сена. Пакуль што такое можна назіраць толькі на далёкіх участках, куды не даязджае начальства. Былы старшыня калгаса з Шаркоўшчынскага раёна расказваў, што недалёка ад ягонай вёскі парасло кустамі поле, на якім пры Саветах намалочвалі пад сорак цэнтнераў з гектара.

Краіны Балтыі ў 90-х правялі рэформу, аддалі зямлю прыватным уласнікам. Фермеры атрымліваюць субсідыі ад Еўрапейскага Саюза. Літва сёння экспартуе збожжа, малочную і мясную прадукцыю. Праўда, каля Вільні можна ўбачыць кінутыя палі, і вяскоўцы не жывуць там багата, і тэхніка ў многіх старая. Але прыватны ўласнік лепш здольны ўправіцца з зямлёй, якая яго корміць.

Лукашэнка адмовіўся ад рэформаў. І мы назіраем, што прадпрыемствам сельскай гаспадаркі ўсё цяжэй апрацоўваць зямлю. Перад аграрным сектарам стаіць перспектыва немінучай дэградацыі.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578