Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Праздник национальных культур в Миорах(+Видио)

$
0
0

13 верасня Міёры сталі сапраўднай шматнацыянальнай дзяржавай. Сюды з Віцебшчыны з'ехаліся прадстаўнікі розных дыяспар. Доўгія прыталеныя грузінскія сукенкі, аздобленыя бісерам, залатой тасьмой, жэмчугам, аксамітавым поясам, халаты і цюбецейкі народаў Сярэдняй Азіі, польскія жаночыя спадніцы з квяцістай тканіны, суконныя ці аксамітныя карсажы, упрыгожаныя залатым шыццём, карункавыя з вышыўкай яўрэйскія сукенкі. Увесь гэты і нашмат большы каларыт можна было ўбачыць у нядзелю на гарадскім паўвостраве

У пралогу, які падрыхтавалі мясцовыя культработнікі, госці ўбачылі не толькі ўбранні розных народаў, але і пачулі шматнацыянальныя вітанні. Нашы артысты сустракалі і песняй, праз якую лейтматывам праходзіла думка, што на свяце сабраліся сябры, паяднаныя беларускай зямлёй. Творчы фэст адкрылі начальнік аддзела культуры Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Галіна Баркевіч і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак.

Распачалі свята прадстаўнікі рускай нацыянальнасці. Станіслаў Казлоў з Расон трымаў у трымценні сэрцы прысутных, ладна выводзячы ноты пра поле памяці, якому няма канца. Крыніцы пад ім глыбокія і нябёсы над ім высокія. Дарэчы, тэма Вялікай Айчыннай вайны і сёлетняга юбілейнага года Перамогі стала першачарговай у святочным сцэнарыі. Літаральна адразу яе закранулі вядучыя з абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Рускую дыяспару прадставіла і міярчанка Дзіна Юдзіцкая. Даўно рыхтавалася яна да прэзентацыі "Ваколіцы". Лагода і спагаднасць струменілі з погляду нашай артысткі, званочкамі пераліваўся голас.

Навапалачане спявалі пра вандроўніка, пра качачку і малодачку, расонец—пра мары, нібыта караблі. Хвалюючы і прыемны момант для міярчан. На сцэну ў белых убраннях выходзяць дочкі Анастасія, Марына і тата Сяргей Арсеньевіч Філіпавы. Іх песня "Шукаю цябе"з кіна-фільма "31 чэрвеня". "Заўжды быць побач не могуць людзі. Нельга зямному каханню пылаць без канца". Мяркую, па перакладзе вы прыгадалі матыў.

Ярка, відовішчна, велічна. Госці з Чашніцкага і Аршанскага раёнаў прадставілі грузінскую нацыянальнасць і прызналіся ў любові да роднага Тбілісі. У іншых краях не знайсці такой прыгажосці—сцвярджалі грузіны. Армянская мова гучыць прыгожа, але, на жаль, незразумела. Таму прыйшлося ўдакладніць у выканаўцаў, аб чым баліць іх творчая душа. Георгій Маміканян з Полацкага раёна прысвяціў песню дзяўчыне, якую называе сваёй узнагародай і надзеяй, душой і кветачкай. Школьніца Дзіяна Ерацян з Лепельшчыны таксама спявала пра каханне. Прасіла даць ёй крылы, каб лётаць, дыханне, каб дыхаць—і ўсё для светлага і непаўторнага пачуцця. Нездарма Азербайджан называюць "краінай агню", бо там насамрэч вогненныя танцы. У гэтым пераканаў сямейны дуэт з Сенненскага раёна, дэманструючы ажыўленыя рухі з ходам па кругу і лірычным застываннем на месцы.

Аршанскі казах Яраслаў Еўтушэўскі выконваў кампазіцыю "Пра цябе", якая зноў жа распавядала пра каханне да любай дзяўчыны, падобнай да месяца і зорак. Яраслаў упэўнены, што гэтая прыгажуня, да якой звяртаўся, і стане яго абранніцай. Ён прызнаўся, што перад выхадам на сцэну крышку хваляваўся, але пасля першага куплета трымценне знікла, бо вельмі ўдзячныя гледачы, прыемная атмасфера. Паміж канкурсантамі пануе не канкурэнцыя, а добразычлівае сяброўства. І гэта для хлопца вельмі важна. Таджычка Манувара Акрамава выступала разам з нявесткай. Сваю нацыянальнасць яны любяць па-роднаму, але і Беларусь для іх стала другім домам. Манувара прыехала ў нашу краіну ў 1988-м годзе па камсамольскай пуцёўцы і засталася назаўсёды. У Міёрах на фестывалі выступае тройчы. Сюжэт іх кампазіцыі не зусім звычайны, але таксама адлюстроўвае каханне. Хлопец просіць дзяўчыну, каб тая заспявала, бо ў яе вельмі зычны, прыгожы голас. Па словах выканаўцаў, гэты твор звычайна ў іх нацыі выконваюць на вяселлях. Узбек Шухрат Саідаў—чацвёртакурснік Віцебскага медуніверсітэта. І зноў жа яго песня пра калючую і недаступную дзяўчыну. Шухрат прыехаў у Беларусь вучыцца, сям'я жыве на радзіме. Яму на свяце падабаецца, паспрабаваў ласункаў. Асабліва прыйшліся даспадобы чачэрскія беляшы. У прынцыпе, гэтае блюда блізкае да страў яго народнасці.

Яўген Клемят і Раіса Петаленка—яўрэі, муж і жонка. Жывуць у Віцебску, выступаюць і кіруюць тэатрам сваёй абшчыны "Мінора". На сцэне пара з 17 гадоў. Яўген—паэт, чытаў уласную кранальную паэму на ваенныя матывы, як малады яўрэй вярнуўся дадому, а ўсю сям'ю знішчылі нямецкія карнікі. Раіса ў вобразе бабулі расказвала герою, як адбываліся ў іх вёсцы страшныя падзеі. У размове даведваюся, што гэта ўсяго восьмая частка аўтарскага твору, напісанага па душэўным парыванні, бо дзядуля Яўгена Клемята прайшоў усю вайну і загінуў на фронце ў 1945-м. Народны яўрэйскі ансамбль "Віцебскія дзяўчаты"танчыў на характэрныя нацыі рытмы Хава Нагілы, што ў перакладзе азначае—давайце весяліцца. У віцяблян масавае выступленне адладжана, але, па яўрэйскіх перакананнях, нават калі хто-небудзь забудзе патрэбны рух, дружны тупат ног нагадае элемент, а злучаныя ў моцным поціску рукі самі рушаць услед за агульнай хваляй, якая падхоплівае кожнага танцора адзіным рытмам. У музычных інструментах, верагодна, так не атрымаецца. Але не буду сцвярджаць, пра гэта ведае інструментальны ансамбль Верхнядзвінскай ДШМ, што граў на яўрэйскія матывы.

Палячка Ганна Краўчонак з Ушач, жыве там вельмі даўно. Усё свядомае жыццё прысвяціла культурнай сферы. У песні жыццё параўноўвала з балем, выдатна размаўляе па-польску, але падтрымлівае са мной размову і па-беларуску. Не дзіва. Беларусь—яе другая радзіма. Яна Павініч з Браслаўшчыны выводзіла "Каляровыя ярмаркі", вядома, на польскай мове. На фестывалі жанчына ўпершыню. Радуецца, што надвор'е цешыць цеплынёй. Эстэла Тумашэвіч з Талачыншчыны—хоць светлаватая, але чыстакроўная цыганка, студэнтка аднаго з каледжаў. Вельмі ганарыцца сваёй нацыяй, добра ведае родную мову. Выконвала кампазіцыю з фільма "Табар сыходзіць у неба", які вельмі даспадобы яе бабулі. І зноў жа—песня пра каханне. Дзяўчына зайшла ў сад, каб спакусіць хлопца, які можа застацца без кашулі і штаноў. Тут, па словах Эстэлы, падкрэсліваецца вядомая цыганская якасць. Але ёй валодаюць зусім не ўсе цыганы.

Завяршыла фестываль творчасць украінскай народнасці. Анатоль Пашчанка—масціты ўдзельнік, шматразовы пераможца рэспубліканскага этапа фестывалю. Ён ваенны афіцэр, у Полацку жыве 40 гадоў, а наогул у Беларусі больш за 50. Цяпер яму 70. Ды на свой узрост зусім не выглядае, відаць, малодзіць творчасць. Ала Краўчанка з Чарнігава—чыстакроўная ўкраінка. Чытала на фестывалі творы вядомага айчыннага гумарыста Паўло Глазавога. Акрамя таго, прадстаўляла і рукадзелле, якому навучыла бабуля. Яе вырабы пабывалі не толькі на Міёршчыне, але захоўваюцца ў Германіі, Казахстане, Таджыкістане, Англіі. Чараваў вакальны гурт "Вадаграй"з Лепельшчыны, малявала зоры выканаўца з Ушаччыны, гучала "Чірівна скріпка"з Талачыншчыны—і ўсё ва ўкраінскім стылі. Напрыканцы зноў выступалі землякі Філіпавы, па-за конкурсам дэманструючы беларускую культуру песняй "Касіў Ясь канюшыну", якую ведаюць і выконваюць не толькі ў нашай краіне.

У складзе журы—прафесары сталічнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, беларускага саюза майстроў народнай творчасці і іншыя кампетэнтныя асобы. Старшыня—мастацкі кіраўнік народнага хору імя Г.І. Цітовіча, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, народны артыст нашай краіны, прафесар Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі. Па рашэнні судзейскай брыгады ўсе выступоўцы ўзнагароджаны дыпломамі за папулярызацыю родных культур. На трэцім месцы азербайджанцы-танцоры з Сенненшчыны і інструментальны калектыў Верхнядзвінскай школы мастацтваў з яўрэйскім танцам. Другім стаў дуэт таджычак з Лёзненшчыны, казах з Аршанчыны, полька з Браслаўшчыны. Прызнаны лідарамі дзяўчынка-армянка Дзіяна Ерыцян з Лепельшчыны і сям'я Філіпавых з Міёршчыны. Значыць, у заключным этапе фестывалю нацыянальных культур у Гродне выступяць і нашы землякі.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles