Дзякуючы выдавецкай ініцыятыве “Сумежжа” з Паставаў пабачылі свет першыя дзве кнігі з задуманай пастаўскім краязнаўцам Міхалам Гілём серыі “Honoris causa” (лац. – дзеля пашаны): “Асветнікі і мецэнаты” і “Талент і сэрца аддалі Палоніі”.
Серыя задумана для ўганаравання імёнаў людзей нарадзіўшыхся на Пастаўшчыне, ці лёс якіх быў звязаны з нашай мясцовасцю і якія дасягнулі нейкіх вяршынь у сваёй прафесійнай, навуковай, культурніцкай, душапастарскай, грамадскай, палітычнай дзейнасці, удзельнікаў ІІ сусветнай вайны, якія змагаліся з фашызмам у Войску Польскім, Арміі Краёвай, корпусе генерала Андэрса.
Першая кнігі серыі - “Асветнікі і мецэнаты”, распавядае пра найбольш вядомых і выбітных прадстаўнікоў арыстакратычных родаў, якія ў розныя часы насялялі Пастаўшчыну. І якія ўнеслі значны ўклад у развіццё эканомікі і культуры гэтага рэгіёна, сваімі сродкамі падтрымлівалі рэлігійнае жыццё і адукацыю простага насельніцтва. Гэта – Тызенгаўзы – Пшаздзецкія, Хамінскія, Пузыні, Бішэўскія, Даўгялы, а таксама выбітны інжынер-пуцеец, грамадскі дзеяч князь Баляслаў Ялавецкі.
Другая кніга “Талент і сэрца аддалі Палоніі” распавядае пра землякоў, якія воляй лёсу апынуліся ў Польшчы і звязалі сваё жыццё і прафесійную дзейнасць з гэтай дзяржавай, праславілі сваімі дасягненнямі нашу Пастаўшчыну ў суседняй краіне.
Гэта: прафесар медыцыны, рэктар Ягелонскага універсітэта Напалеон Нікодэм Цыбульскі, прафесар музыкі, сусветна вядомы арганіст, кампазітар, рэктар Кракаўскай вышэйшай школы музыкі (зараз Акадэмія музыкі) Браніслаў Руткоўскі; прафесар музыкі, кампазітар, рэктар Варшаўскай кансерваторыі Станіслаў Казура; прафессар медыцыны, рэктар Гданьскай медыцынскай акадэміі Веслаў Макарэвіч; прафесар, рэктар Познаньскай політэхнічнай акадэміі Баляслаў Вайцяховіч; прафесары медыцыны Элеанора Янковіч і Зыгмунт Пашко, доктар медыцынскіх навук, эпідэміёлаг Ян Макарэвіч, выбітны архітэктар, доктар навук Збігнеў Ігнатовіч; вядомы польскі рэстаўратар, ганаровы грамадзянін Гданьска Казімір Мацур; выбітныя польскія артысты тэатра і кіно Станіслаў Ясюкевіч і Зыгмунт Кенстовіч; прафесар гісторыі Люблінскага Каталіцкага універсітэта Ганна Дылянгова; вядомы пісьменнік, ваенны гісторык Збігнеў Сямашка; выбітны пасляваенны мастак-рэаліст Альгерд Бервячонак.
У кнігах утрымліваюцца не толькі біяграфічныя звесткі, але ўрыўкі інтэрв’ю з героямі нарысаў і некаторыя з публіцыстычных працаў.
Зараз рыхтуюцца чарговыя кнігі “Святары”, “Палітыкі і грамадскія дзеячы”, “Літаратары, мастакі і краязнаўцы”.
Укладальнікам кніг і перакладаў матэрыялаў з польскай мовы з’яўляецца Міхал Гіль.