Рэдакцыя раённай газеты "Міёрскія навіны"заняла першае месца ў аглядзе-конкурсе рэгіянальнага друку Віцебшчыны па ўжыванні беларускай мовы. Ушанаванне адбылося 20 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна на літаратурных чытаннях, прысвечаных памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Пры падвядзенні вынікаў улічвалася выкарыстанне роднага слова ў публікацыях творчага і афіцыйнага характару, тэкстах віншаванняў, рэкламы і аб'яў, на літаратурных старонках, а таксама культура мовы. У склад журы ўвайшлі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі, прафесійныя журналісты, пісьменнікі, кіраўнікі абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Скрупулёзна прааналізаваўшы ўсе перыядычныя выданні вобласці, судзейская калегія канстататуе, што ў цэлым найлепшыя газеты паводле вынікаў мінулых конкурсаў пацвердзілі свой высокі ўзровень выкарыстання мовы і цяпер. Так, сярод раённых выданняў першае месца прысуджана адразу чатыром: "Міёрскім навінам", "Браслаўскай звяздзе", шумілінскай раёнцы "Герой працы", ушацкаму "Патрыёту". Не менш за 90% інфармацыі ў іх падаецца па-беларуску, а журналісты дэманструюць прафесійнае валоданне родным словам, шукаюць нестандартныя шляхі ўздзеяння на чытача, гаварыў старшыня журы, дацэнт ВДУ імя П.М. Машэрава Юрый Бабіч. Рэдакцыі-пераможцы, а таксама іх лепшыя карэспандэнты ўзнагароджаны дыпломамі і поўным зборам твораў Быкава. Сярод ушанаваных бралі ўдзел у імпрэзе і прадстаўнікі "Міёрскіх навін".
Наогул, ушацкая зямля незвычайна багатая на знакамітасці: Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Генадзь Гарбук, Сяргей Законнікаў… і, канечне ж, Васіль Быкаў, імпрэза да памяці якога адбылася ля роднага дома-музея. Спачатку паслухалі аўдыёзапіс расповеду Быкава пра ўласна ініцыяваны прыезд кіношнікаў у Бычкі. Вядомы паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык Анатоль Вярцінскі ў выступленні прыгадаў сябра Быкава і прачытаў прысвечаныя яму вершы. "Ён тут, хаця яшчэ ў 44-м Яго ўжо абвяшчалі мёртвым, Ды ён ажыў-уваскрашаў другіх Вадою жыватворных сваіх кніг. Ён недзе тут, ён з намі-Такі, якім яго мы зналі…",-сцвярджаў Вярцінскі. Выступалі і іншыя творцы, артысты, выкладчыкі ВНУ. Госці паўдзельнічалі ў віктарыне пры жыццё і творчасць народнага паэта, наведалі сядзібу-музей, фатаграфаваліся на памяць.
Алена БАСІКІРСКАЯ.