Вёска Вісяты Новапагосцкага сельсавета знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Міёр на мяжы з Браслаўскім раёнам. Тутэйшая мясцовасць узгорыста-градзістая, парослая хмызняком і лесам, месцамі багністая. Побач — невялікае возера, багатае на рыбу. Максімальная яго глыбіня—14,5 м, даўжыня берагавой лініі 4,1 км. У вадаём упадае 5 ручаёў і 2 каналы, ён злучаны з меліярацыйнай сеткай каналаў і большым возерам Укля.
Менавіта геаграфічныя асаблівасці і прыродная прыгажосць спрыялі ў даўнія часы замацаванню ў Вісятах людзей. Мясцовыя хлопцы прыводзілі ў бацькоўскія хаты маладых жонак, а затым браліся за ўзвядзенне побач уласнага жылля. Аднак грукат сякер і візгат піл паступова сціхаў. З-за аддаленасці ад цэнтральных дарог, вытворчых і сацыяльных аб'ектаў моладзь не стала заставацца ў вёсцы.
— У Вісятах цяпер толькі дзевяць чалавек, большасць з якіх — шаноўнага ўзросту, — расказавае старшыня Новапагосцкага сельсавета Раіса Аляксандраўна Гернат. — У вёсцы пяць дамоў, у двух з іх жывуць сямейныя пары, якія ўжо адсвяткавалі залатое вяселле. Гэта цёзкі па прозвішчы Сухоўскія — Франц Данатавіч з Эміліяй Станіславаўнай і Стэфан Янавіч з Альдонай Мечыславаўнай.
Сям'я Стэфана
Стэфана Янавіча Сухоўскага сустрэлі на вуліцы. Гаспадар гасцінна запрасіў у хату. З невялікай веранды трапілі ў прасторную прыхожую, адтуль — у светлы пакой. У куце паміж вокнамі — абразы. Тут жа стол, накрыты абрусам. У другой палове ложак, засланы саматканым пакрывалам, шафа. У пакоі чысценька і акуратна. Бачна, што гаспадыня Альдона Мечыславаўна, незважаючы на ўзрост, дбае пра парадак.
— Дзякаваць Богу, здароўе яшчэ дазваляе ў хаце прыбірацца, ля статка хадзіць і ў агародзе корпацца,—расказвае гаспадыня.—Гэта ў пэўнай ступені дапамагае і хваробы перамагаць, а дакладней, не засяроджваць на іх увагу.
— Можа варта лягчэйшай работай заняцца, напрыклад, дываны ткаць ці "палавічкі"?
Альдона Мечыславаўна расчыніла дзверы шафы, дастала саматканкі. Аднак са шкадаваннем адзначыла, што цяпер такія вырабы ўжо нікому не патрэбны і не цэняцца, бо ўсе спяшаюцца за таварам у магазіны ці на рынак.
— А даўней жа кожная жанчына мела ткацкія і іншыя навыкі, патрэбныя для сяльчанкі, пераймала іх ад маці. Дарэчы, пры сватанні жаніхоў заўсёды ўлічваліся такія якасці дзяўчыны.
— І гэта дапамагала стварыць трывалую сям'ю?
— Канечне, важна, каб такімі гаспадарлівымі былі абое—і муж, і жонка. Мне, дарэчы, пашчасціла.
Субяседніца прыгадала, што пасля заканчэння школы збіралася атрымаць прафесію бухгалтара, нават падала дакументы ў навучальную ўстанову, атрымала выклік, але бацька, які працаваў брыгадзірам, не пусціў, сказаў, што яму патрэбна памочніца, каб весці дакументы. Вось так і стала калгаснай улікоўшчыцай.
Са Стэфанам Альдону пазнаёміў брыгадзір Пётр Мікалаевіч Смулькевіч. З ім аднойчы прыехала дзяўчына на поле ў Вісяты, дзе мясцовыя мужчыны касілі траву. Усяго каля 30 чалавек, у тым ліку і хлопец, які нядаўна вярнуўся з арміі. Прыгледзеліся, пасябравалі. Не спалохала, што жаніх старэйшы на дзевяць гадоў. Наадварот, гэта ўсяляла надзею, што намер у яго сур'ёзны, бо ўжо перарос той узрост, калі "вецер у галаве". Абое кіраваліся не толькі пачуццямі, але і розумам, што, магчыма, і стала асновай сямейнага жыцця.
— Распісаліся ў верасні 1964 года у сераду. У сельсавет нас завезлі на двух матацыклах. А на наступны дзень на веласіпедах паехалі ў Міёрскі касцёл, каб павянчацца. Перад ксяндзом Грабоўскім і Богам далі клятву быць усё жыццё разам, і не парушылі яе, — адзначае Альдона Мечыславаўна. — Вялікага застолля не спраўлялі. У суботу крыху пасядзелі ў маіх бацькоў, якія жылі ў суседняй вёсцы, адтуль на машыне ГАЗ-51 калгасны шафёр прывёз мяне з Дворышча з "прыданым"ў дом да мужа ў Вісяты.
На наступны год у сям'і з'явіўся сыночак. Затым нарадзілася дачушка, пасля яшчэ дзяўчынка. Ужо дзеці даўно пакінулі бацькоўскі дом. Уладзіслаў жыве ў Браславе, Тарэза—у Дзісне, Лена—у Міёрах. У кожнага—дзеці. А дзякуючы старэйшаму 26-гадоваму ўнуку Ільі, ёсць ужо праўнук.
Унучкі Вераніка і Юля — студэнткі Полацкага ўніверсітэта, Алеся вучыцца ў дзявятым класе. Усе дзяўчаткі нярэдка прыязджаюць на машыне разам з матулямі. Дзякуючы жаночай грамадзе і справы спорацца. Нядаўна, напрыклад, сямейнай талакой бульбу садзілі.
—Сапсаваўся аднойчы тэлевізар. Папрасілі Лену адвезці яго ў майстэрню. Замест сапсаванай апаратуры прывезлі нам новы, плоскі "тэлек", які радуе цяпер не толькі якасцю выяў, але і светлым адчуваннем таго, што дзеці выраслі клапатлівымі.
Альдона Мечыславаўна не толькі выхоўвала дзяцей, але і на працу ў калгас хадзіла. Давялося розныя работы выконваць і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Зарабляла мала. Галоўным "забеспячэнцам"у сям'і быў Стэфан Іосіфавіч, які шмат гадоў у складзе будаўнічай брыгады ўзводзіў розныя вытворчыя аб'екты ў калгасе. Многім вяскоўцам дапамагаў уласныя дамы будаваць.
— Апошніх 9 гадоў даглядаў маладняк на адкорме, вырошчваў бычкоў па 450-500 кілаграмаў. За сумленную працу атрымліваў узнагароды, у ліку адметных — медаль ВДНГ,—расказвае Альдона Мечыславаўна.
На стале стаяла міска з яблыкамі. Гаспадыня, прапанавала пачаставацца імі, і ў гэты момант на яе руцэ бліснуў залаты заручальны пярсцёнак. Бачна, што каштоўны ювелірны выраб служыць вясковай жанчыне не ўпрыгожаннем, а пацвярджэннем важнага сямейнага статусу на працягу 50 гадоў.
Сям'я Франца
Крыху дзіўна, што карэспандэнты прыехалі пагутарыць да пенсіянераў, якія ціха і непрыкметна жывуць у аддаленай вёсцы, — шчыра прызнаўся Франц Данатавіч Сухоўскі і запрасіў у хату. На пытанні адказваў скупа, пры гэтым нярэдка яго твар асвятляла прыемная ўсмешка. Эмілія Станіславаўна таксама далучылася да размовы, і ёй прыемна было даведацца, што хтосьці акрамя родных ведае пра іх залаты юбілей.
— Жаніліся мы 20 красавіка 1965-га,—адзначае гаспадыня.
— Перад сяўбой, — дадае Франц Данатавіч. — Пазнаёміліся на танцах. Закахаўся, прапанаваў быць жонкай, і яна не адмовілася.
Узаконілі шлюб актавым запісам у сельсавеце ў Новым Пагосце. А на другі дзень павянчаліся ў касцёле. Ад Вісятаў да вёскі, у якой жыла Эмілія, каля трох кіламетраў, адтуль пешшу Франц Данатавіч і прывёў каханую ў свой дом.
Абодва працавалі ў калгасе. Яна—у жывёлагадоўлі і на паляводстве. А ён — трактарыстам на гусенічных трактарах "ДТ-74"і "ДТ-75". Тэхнікі тады было нямнога, а таму яе задзейнічалі ў дзве змены. Днём, як правіла, адзін з механізатараў вёў ворыва, а другі ноччу дыскаваў глебу, затым мяняліся. Зімой нарыхтоўвалі торф, які выкарыстоўвалі ў калгасе для прыгатавання кампосту. А восенню перасаджваліся на камбайны. Францу Данатавічу падчас жніва давялося працаваць на "СК-4"і "Ніве". На работу сённяшніх механізатараў ён глядзіць з зайздрасцю, бо сучасная тэхніка лёгкая у кіраванні і вельмі камфортная, у кабінах зімой цёпла. А ў "гусаку", за рычагамі якога адпрацаваў 37 гадоў, зімой рукі і ногі заходзіліся ад холаду. Аднак гэта не перашкаджала ставіць рэкорды і выходзіць у лік пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва. Пра выніковасць работы вясковага механізатара сведчаць граматы — іх у яго цэлы стос, у тым ліку абласныя, рэспубліканскія. Ёсць і ордэны Працоўнай Славы.
Вырасшы ў беднасці, Франц Данатавіч стараўся шмат працаваць, каб мець грошы. Першыя накапленні патраціў на будаўніцтва новага дома. Справіў наваселле ў 1968-ым і забраў да сябе матулю з хутара. Хутка прасторныя пакоі напоўнілася галасамі дваіх дзяцей.
Дарэчы, дачушка Рэгіна жыве цяпер непадалёку — у Волкаўшчыне. Спяшаецца да іх калі патрэбна дапамога па хатняй рабоце, калі занядужаць. Па адукацыі настаўніца. Вучылася ў Расіі. Некалькі гадоў адпрацавала на Пскоўшчыне, а затым вярнулася ў родныя мясціны. Настаўнічала ў Волкаўшчынскай школе, а цяпер вучыць дзяцей у Новапагосцкай. Шчаслівае сямейнае жыццё ў Рэгіны неспадзявана азмрочыла трагічная смерць мужа. У няпростай жыццёвай сітуацыі надзейнай апорай засталіся яе бацькі.
Сын Іван пэўны час працаваў у мясцовай гаспадарцы трактарыстам, а затым паехаў у Віцебск, дзе жыве і цяпер. Хаця дарога да бацькоў няблізкая, іх не забывае. Бярэ водпуск на два тыдні вясной і восенню, каб дапамагчы з агародамі справіцца. Ды і ў іншыя дні прыязджае, на гадавыя рэлігійныя святы.
Калі завялі размову з Сухоўскімі пра дабрабыт і матэрыяльную забяспечанасць у сталым узросце, Франц Данатавіч расказаў пра набалелае:
— Усё наша жыццё прайшло на калгасных палетках. Не дазвалялі з жонкай патраціць лішнія грошы. Адкладвалі кожную капейку, каб дапамагчы дзецям самастойнае жыццё распачаць. Сабралі 30 тысяч савецкіх рублёў. Аднак у канцы 90-ых яны абясцэніліся, і за іх змаглі купіць толькі пластыкавую бочку для гаспадарчых патрэб.
Цяпер Сухоўскія жывуць на пенсію, але не скардзяцца, прытрымліваюцца дэвізу: "Нічога, перацерпім, было і горш!"
— Вось і летась бяда да нас прыйшла — трое свіней загінула, ветурачы парэкамендвалі часова ўстрымацца ад набыцця жыўнасці. На пэўны час і без каровы засталіся, бо старую давялося здаць. А як жа ў вёсцы без жывёлы? Вось мы і купілі маладзейшую карову,—кажа гаспадар сядзібы.
— Каб унукоў малаком і смятанай частаваць!?! Шмат іх у вас?
— Унучкоў пакуль толькі двое — гэта дзеці Рэгіны. Сяргей, вучыцца ў будаўнічым каледжы. А Віка нарадзіла дачушку Міланку, — тлумачыць прабабуля, якой ўжо даводзілася няньчыць праўнучку, калі ўнучка ездзіла на сесію.
Залатыя юбіляры кранулі сваёй сціпласцю, адкрытасцю і прастатой у зносінах.
Калі Франца Данатавіча папрасілі прытуліцца бліжэй да Эміліі Станіславаўны з вуснаў яго зляцела: "Даўно я жонку вось так не абдымаў!"
— Можна сказаць тысячы лагодных слоў, штодзённа абдымацца і мілавацца, а не пражыць разам і дзесятка гадоў. Напэўна лепш, калі людзі без лішніх слоў адчуваюць павагу і любоў адно да аднаго, калі дзеляць разам складанасці паўсядзённага быту і яго радасці, калі даруюць крыўду і апраўдваюцца ўчынкамі, — прыкмячаю я, і гаспадары дома сцвярджальна ківаюць галавой.
Невялікая вандроўка ў Вісяты прынесла станоўчыя эмоцыі, аднак на працягу многіх дзён свідруюць галаву думкі: "Ці многія з тых, хто ў наш час бярэ шлюб, змогуць, як залатыя юбіляры з Вісятаў, прайсці поплеч 50 гадоў?"А можа мае сумненні дарэмныя? Не будзем губляць надзею. Яшчэ хочацца, каб вёсачка, дзе цяпер жывуць працавітыя людзі, ніколі не знікла з карты нашага раёна.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымках: залатыя юбіляры сямейнага жыцця з в. Вісяты — Стэфан Янавіч і Альдона Мечыславаўна Сухоўскія;
Франц Данатавіч і Эмілія Станіславаўна Сухоўскія.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.