Прабачце за нясціплае пытанне, але колькі вам год? Ці памятаеце вы нашую краіну да Лукашэнкі? Стаіць у стырна нашай дзяржавы ён ужо 21 год. Сёння роўна 20 год таму адбыўся першы рэферэндум, які ён правёў прыйшоўшы да ўлады. Рэферэндум той цалкам перафарматаваў нашую дзяржаву, змяніўшы ейныя геапалітычныя, культурныя арыентыры.
У тых, хто тады меў права голаса прасілі адказаць сапраўды на лёсавызначальныя пытанні:
1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй?
4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?
Пасля гэтага рэферэндума мы пачалі жыць у іншай сістэме каардынат. Адны кажуць, што рэферэндум раз’яднаў грамадства, іншыя – што ён кансалідаваў беларускі народ. У любым разе лукашэнкаўская Беларусь пачыналася менавіта з таго рэферэндума. Скасаваннем рашэнняў, прынятых у выніку яго, скончыцца эпоха лукашызму. Калі гэта адбудзецца – гэта ўжо зусім іншае пытанне. Але арганізм, атручаны таксінамі, павінен ачысціцца. Толькі потым можа быць яго нармальнае, здаровае функцыянаванне.
Прыгадайма Беларусь і свет 20-гадовай даўніны. Глыбоцкая “хітрушка” яшчэ была на іншым месцы – ля воданапорнай вежы. Тое месца яшчэ звалі “біржа”. Айфонаў, андроідаў, як у прынцыпе і любых смартфонаў, няма. Няма і інтэрнэту. Прынамсі ў нашых краёх. Толькі ў жніўні ў свет выйдзе Windows 95. Прэзідэнтам Францыі абралі Жака Шырака, толькі-толькі стварылі Сусветную гандлёвую арганізацыю. Еўрапейскі саюз утварыўся ўсяго 2 гады таму, але толькі зараз пачала на практыцы ажыццяўляцца шэнгенская дамова (і тое толькі ў Заходняй Еўропе). Расіяй кіруе Барыс Ельцын, а Пуцін яшчэ не стаў нават прэм’ер-міністрам.
Такія прыгадкі – добры reality check. Колькі ўсяго было за гэтыя гады. Некаторыя нашыя чытачы нарадзіліся, скончылі школу і нават універсітэт пры гэтым прэзідэнце. Яны не бачылі іншай Беларусі, ды і ці была яна іншай? Ёсць тыя, хто зняверыўся ў магчымасць зменаў, кінуў палітыку, грамадскую дзейнасць, з’ехаў на чужыну. Ёсць тыя, хто па-ранейшаму пхаюць сізіфавы камень угару.
Але ёсць і тое, што цяпер як ніколі адчуваецца ў Мінску, ды нават і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі. Можна жыць, ствараць, займацца важнымі для сябе і для краіны справамі насуперак гэтай уладзе. Людзі знаходзяць спосабы і сэнсы рэалізаваць сябе ў гэтых варунках, ствараюць свае ўнутраныя крэпасці сваёй ідэнтычнасці, шукаюць аднадумцаў, адчыняюць новыя цікавыя для сябе і такіх, як яны, кропкі, пляцоўкі. І гэта немагчыма спыніць, як бы каму не хацелася. У гэтай краіне, якой бы недабудаванай яна камусьці не падавалася, жывуць грамадзяне, якія жывуць на сваёй зямлі. І гэтае адчуванне не зломіш ніякім рэферэндумам. Нават калі ты ў меншасці, ты не адзін. Ты маеш сваю тоеснасць, адчуванне сябе і свайго і ты гатовы за гэта змагацца і дзеля гэтага жыць. Улады змяняцца, змяняюцца сімвалы, парадыгмы. Ворагі становяцца сябрамі, а сябры – ворагамі. А ты застаешся сабой. Ты ўнутрана ведаеш, што сваё, а што чужое. І часам дзіву даешся, што насамрэч такіх як ты – шмат, і што мы – сіла. Насуперак усяму.