Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Айцец Аляксандр Надсан і гісторыя Паазер'я. Піша Кастусь Шыталь

$
0
0
  • Кнігі - невялікая частка спадчыны, якую беларускаму народу пакінуў айцец Аляксандр Надсан.

Мінулай ноччу прыйшла сумная навіна з Лондану. Памёр грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы Аляксандр Надсан. Яму было 88 год.

Айцец Аляксандр Надсан быў рукапакладзены на святара ў 1958 годзе. Усё ягонае святарскае і грамадскае служэнне прайшло за мяжой, у Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лондане. Ён сабраў бібліятэку імя Францішка Скарыны – 40.000 выданняў па-беларуску і пра Беларусь. Ён пераклаў на родную мову літургічныя тэксты, якімі сёння карыстаецца Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. Пасля Чарнобыльскай катастрофы адзін з першых кінуўся дапамагаць пацярпелым ад радыяцыі.

У 1986 годзе айцец Аляксандр Надсан быў прызначаны апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы. Ягоныя калядныя і велікодныя віншаванні перадрукоўвалі беларускія газеты не толькі на эміграцыі, але і ў Беларусі. Не ў прыклад беларускім іерархам, аматарам даўжэзных пастырскіх лістоў, айцец Аляксандр пісаў коратка – але ў яго словах адчувалася глыбокая вера ў Бога і любоў да свайго народа.

Які знак айцец Аляксандр Надсан пакінуў у нашым рэгіёне, паміж Вільняй і Полацкам? Здаецца, ён ніводнага разу сюды не прыязджаў. Але на паліцы, дзе я трымаю краязнаўчую літаратуру, стаяць тры цудоўныя выданні, напісаныя айцом Аляксандрам Надсанам.

“Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятар і беларус” (Менск, МГА “Белфранс”, 2004). Біяграфія першага за 200 год беларускага каталіцкага біскупа, які нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Дзедзінка Дзісненскага павета (цяпер Мёрскі раён). Грунтоўная, 300-старонкавая праца, якая раскрывае жыццё і дзейнасць нашага славутага земляка.

“Pro patria aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924-1938)” (Менск, 2006). У гэтай працы аўтар раскрывае драматычную беларускага рэлігійнага асяродка, дзейнасць якога ў значнай меры паралізавалі дзяржаўная, дыяцэзіяльная і ордэнская ўлады. Марыяне марылі працаваць для беларусаў, а былі змушаныя аддавацца pro patria aliena – для чужой Бацькаўшчыны – для расейцаў у Харбіне і для польскай культуры ў Друі.

“Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі” (2-е выданьне, Менск, 2009). Аляксандр Надсан разблытаў складаную і скандальную гісторыю калье княгіні Магдалены Радзівіл - дару, прызначанага на стварэнне грэка-каталіцкай калегіі для беларусаў у Рыме. Але ўпрыгожванні былі прададзеныя і скарыстаныя на іншую мэту. Гэтая праца а. Надсана дужа дапамагла мне пры падрыхтоўцы артыкула пра кс. Францішка Будзьку, які прыняў ахвяраванне ад Радзівіліхі – той святар быў нашым земляком, з-пад Параф’янава родам.

f

Адзначаць 50-гадовы юбілей святарства айцец Аляксандр Надсан прыехаў у Беларусь. Гэта было ў 2008 годзе, я тады быў студэнтам першага курса гістарычнага факультэта БДУ. Запомніўся адзін прыкры выпадак. Нехта з арганізатараў папрасіў мяне занесці афішу сустрэчы з а. Надсанам, што планавалася ў Чырвоным касцёле, у касцёл Катэдральны– каб там павесілі на дошку аб’яваў.

Святар у закрыстыі сустрэў мяне халодна, і афіша ў Катэдры не з’явілася. Можа, праз бел-чырвона-белы значак на піджаку айца на фота – пабаяўся пробашч, каб які супрацоўнік КДБ не паківаў за гэта пальцам. Страх аказаўся большым за гасціннасць і павагу да заслужанага святара.

На сустрэчу з айцом Надсанам 25 лістапада 2008 года сабралася чалавек пад сотню – студэнты, інтэлігенцыя. Святар прамаўляў коратка, але ў яго словах адчувалася простасць, пачуццё гумару, глыбокая любоў да Бога і Бацькаўшчыны.

Сёння я адшукаў на кніжнай паліцы брашурку “Пра Боскае і людское” – збор выказванняў а. Надсана – з аўтографам легендарнага святара.

f

Вечны адпачынак дай яму, Госпадзе, а Святло вечнае няхай яму свеціць. Амэн.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles