У Міёрах па вуліцы Камуністычнай, 76 узводзіцца 40-кватэрны жылы дом. Ён бу-дзе ўяўляць сабой двухсекцыйны пяціпавярховы будынак з газаселікатных блокаў з папярэчнымі нясучымі сценамі з цэглы. Ацяпленне ў ім прадугледжваецца цэнтральнае, улік цяпла — пакватэрны, жыхары атрымаюць магчымасць карыстацца каналізацыяй, газам, тэлефонамі і іншымі сучаснымі зручнасцямі. Праект распрацаваны Наваполацкім філіялам абласнога ДУП "Інстытут Віцебскграмадзянпраект", дакументацыя прайшла дзяржаўную экспертызу. Заказчыкам аб'екта з'яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства "УКБ Міёрскага раёна".
Пры дастатковым фінансаванні ўвод дома намечаны на сёлетні лістапад. Будуецца ён на ўмовах дзяржзаказу, у адпаведнасці з указам ад 8.05.2013 года №215 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні будаўніцтва (узвядзення, рэканструкцыі) жылых памяшканняў". Кошт аднаго квадратнага метра з улікам праектных работ на 1.03.2015 года складае па зводным каштарысным разліку 8929,02 тыс. рублёў у цяперашніх цэнах, а без уліку праектных работ — 8740,95 тысячы.
Грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і маюць права на атрыманне крэдытаў, крэдытуюцца ў адпаведнасці з указам ад 6.01.2013 г. №13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў"у памеры 6600,0 тыс. рублёў за адзін метр квадратны.
Выдаткі, не ўключаныя ў зводны каштарысны разлік, але адносімыя на кошт будаўніцтва, і затраты на выраб праектнай дакументацыі пакрываюцца грамадзянамі за кошт уласных сродкаў.
Для магчымых прэтэндэнтаў на новае жыллё паведамляем, што агульная плошча 40 кватэр ва ўзводзі-мым доме 2303,9 кв. метра. Аднапакаёвых тут будзе 5 па 42,86 кв. м кожная; двухпакаёвых — 10 па 58,06 кв. м і столькі ж — па 57,55, па пяць у 56,75 і 57,78 кв. метра; пяць трохпакаёвых па 72,17 кв.м.
Пра магчымасці ўдзелу ў будаўніцтве і ўмовах крэдытавання грамадзян, што стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымаеце тлумачэнні ў наступных аддзелах райвыканкама: архітэктуры і будаўніцтва (тэл. 4-17-03), жыллёва-камунальнай гаспадаркі (тэл. 4-12-46).
Валерый ПАДАЛЯКА, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "УКБ Міёрскага раёна".