25 сакавіка ў райвыканкаме адбылася семінар-вучоба па пытаннях арганізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашым раёне. На ім абмеркавалі метадычную базу адказным за работу з моладдзю ў працоўных калектывах. Мэты і задачы семінара, які набудзе штоквартальную перыядычнасць, акрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Т. А. Стальмачонак.
У нашым раёне пражывае 3498 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае 16,2 % ад усіх жыхароў. Шматколькасныя маладзёжныя працоўныя калектывы — Дзісенскі лясгас, ПМК-55, райспажыўтаварыства, ААТ "Пад'ельцы", "Гвар-дзейскі", ЛПДС "Дзісна", РАНС і іншыя. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Пяткевіч гаварыла пра рэалізацыю ў раёне праектаў, мерапрыемстваў, накіраваных на грамадзянска-патрыятычнае, духоўна-маральнае, спартыўнае, экалагічнае выхаванне маладых. Яна сфарміравала электронную базу асноўных матэрыялаў, якія павінны быць на інфармацыйных стэндах або ў асобнай папцы. Адказным за работу з моладдзю неабходна ведаць сацыяльныя льготы і гарантыі маладых, наладжваць мерапрыемствы ў калектыве, праводзіць індывідуальную работу і настаўніцтва з маладымі спецыялістамі, спрыяць іх прафесійнаму росту, арганізоўваць падпіску на перыядычныя выданні. Унесена прапанова прэміравання або даплаты адказных, каб яны мелі стымул.
Першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ"Марына Кашкур адзначыла, што ў нашай раённай арганізацыі больш за тысячу самых актыўных, ініцыятыўных і крэатыўных маладых людзей, якія аб'яднаны ў 70-ці пярвічных арганізацыях. БРСМаўцы вядуць работы па добраўпарадкаванні помнікаў, месц пахаванняў, магіл загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну і воінаў-інтэрнацыяналістаў, нясуць вахты памяці. Традыцыйнымі сталі грамадска-патрыятычныя акцыі да 9 Мая, Дня Незалежнасці, Дня дзяржаўнага герба і сцяга, удзел у мітынгах, святочных шэсцях, аўтапрабегах, урачыстыя провады прызыўнай моладзі ў армію, уручэнне членскіх білетаў у знамянальныя і памятныя дні, шматлікія валанцёрскія акцыі. Фарміруюць здаровы лад жыцця турыстычныя злёты, спаборніцтвы, круглыя сталы з запрашэннем святароў, супрацоўнікаў РАУС, аховы здароўя і псіхолагаў. Насычаюць вольны час інтэлектуальны конкурс "Брэйн-рынг", спаборніцтва сярод маладых аўтааматараў, зімовая рыбалка (сёлета запланавана і летняя).
Летась адбылося святочнае адкрыццё мотасезона. Сёлета яно прызначана на 25 красавіка. Дзейнічае клуб маладой сям'і. Папулярны штогадовы праект "Уладар сяла", спаборніцтва сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня. З нагоды 75-годдзя утварэння раёна адбыўся дыялог пакаленняў. Актыўнічаюць нашы БРСМаўцы і ў абласных мерапрыемствах.
Адказная за арганізацыю ідэалагічнай работы у ВУПКУ "Міёрскі"Таццяна Гайдзель расказала, як будуецца ўзаемасувязь з маладымі ў яе гаспадарцы, дзе заняты 42 чалавекі да 31 года. Яны ўдзельнічаюць у шматлікіх раённых мерапрыемствах. На чале з загадчыцай клуба наладзілі міні-аэробіку. Словам, імпэт ёсць — і справы ладзяцца. Кіраўніцтва падтрымлівае актывістаў маральна і фінансава.
Дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Васіль Мядзюха нагадаў пра арганізацыю культурнага абслугоўвання. У раёне 24 установы клубнага тыпу, 25 бібліятэк, школа мастацтваў, гісторыка-этнаграфічны музей, кінавідэацэнтр. Развіццю творчых здольнасцей спрыяюць гурткі, калектывы, якіх на Міёршчыне каля 160-ці па розных жанрах. 12 маюць ганаровае званне народных. Толькі летась міярчане па-ўдзельнічалі ў 35-ці абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, сярод якіх "Славянскі базар", "Дажынкі", свята нацыянальных культур, "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"і іншыя. Перамог у адпаведнай намінацыі містэр-Беларусь міярчанін Сяргей Чарвінскі. Развівае майстэрства і выяўляе таленты раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Паслугамі бібліятэк карыстаюцца больш за 12 тысяч чытачоў — 57,6% жыхароў раёна. У Міёрскай школе мастацтваў і яе філіялах у Язне і Дзісне займаюцца 345 вучняў па 10 спецыяльнасцях. Акрамя вучэбнага працэсу яны вядуць актыўную культурна-масавую, канцэртную дзейнасць.
Намеснік старшыні фізкультурна-аздараўленчага комплекса "Атлант"Максім Платонаў расказаў пра ФСК "Атлант", дзе шмат трэнажораў, ладзяцца заняткі па аква- і аэробіцы, ёзе, плаванні, атлетычнай гімнастыцы, валейболе, футболе. Плануецца ўвядзенне новых паслуг і відаў спорту. У арганізацыях і сельскагаспадарчых прад-прыемствах раёна створана 48 клубаў па фізічнай культуры і спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, а таксама круглагадовая спартакіяда, у якой летась прынялі ўдзел 340 чалавек (ад 18 да 30 гадоў — 268). У нашым раёне 156 спартыўных збудаванняў, магчымы пракат спецыяльнага інвентару.
Галоўны спецыяліст Беларусбанка Марына Тычко расказала пра крэдыт для набыцця тавараў першай неабходнасці і хатняй маёмасці. Яго могуць атрымаць маладыя спецыялісты, якія прыступілі да работы па размеркаванні і пражываюць асобна ад бацькоў. Льготная пазыка даецца на пяць гадоў, выплата пачынаецца праз 6 месяцаў. Акрамя гэтага, існуюць крэдыты: "На адпачынку", якімі аплочваюцца турыстычныя, аздараўленчыя, курортныя паслугі, "Вясна анлайн"— заяўка складаецца праз інтэрнэт — і шэраг іншых. Працэнты, як запэўнівала спецыяліст, ніжэй, чым у іншых банках.
Прадастаўляюцца крэдыты і на будаўніцтва. На 20 гадоў пад 3 % для тых, хто працуе, пражывае і вырашыў атабарыцца ў нашым населеным пункце. Для шматдзетных сем’яў на 40 гадоў пад 1%.
Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Міёрскага РАУС Андрэй Ільніцкі папярэджваў пра небяспеку курыльных сумесей, сярод якіх — спайс. Асноўныя іх спажыўцы і распаўсюджвальнікі—маладыя людзі ад 15 да 30 гадоў. Артыкул 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за абарот такімі рэчывамі карае пазбаўленнем волі да 13 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці. Для спажывальнікаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, за паўторнасць — крымінальная.
Пры падвядзенні вынікаў семінара намеснік старшыні райвыканкама Т. А. Стальмачонак адзначыла, што ад маладых чакаюць прапаноў, каб іх вольны час ладзіўся з карысцю.
Алена БАСІКІРСКАЯ.