На працягу ўсяго лета з касцёла ў касцёл у Беларусі будуць перавозіць рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцяці Ісуса (Тэрэзы Малой; Тэрэзы з Лізьё). Гэтая простая манахіня з ордэна кармелітак стала адной з самых яскравых постацяў у гісторыі Касцёла апошніх стагоддзяў.
Тэрэза ад Дзіцяці Ісуса (сапраўднае прозвішча: Мартэн) нарадзілася ў Францыі ў 1873 і адышла ў вечнасць у 1897 годзе. Пакінула пасля сябе некалькі рукапісаў, вядомых як “Гісторыя адной душы”. Гэта не выкшталцоныя тэалагічныя разважанні – Тэрэза не мела тэалагічнай адукацыі – а простае і шчырае апісанне ўласнага жыцця і адносінаў з Богам.
Твор гэты насамрэч уражвае. Тэрэза ўмела ўбачыць Божае дзеянне ў кожнай сітуацыі свайго жыцця, і з захапленнем распавядае, як Бог навучаў і кшталтаваў яе цягам жыцця. Яна распавядае, як у многіх, дробязных на першы погляд, справах, яна старалася адмаўляцца ад сваёй волі, каб выявіць любоў да бліжняга і да Бога. Тэрэза прызнаецца ў любові да Бога – такой, што хацела б нават пакутваць дзеля Яго.
“Гісторыю адной душы” чытаюць хрысціяне на ўсіх кантынентах. У 1997 годзе Папа Ян Павел ІІ надаў Тэрэзе ад Дзіцяці Ісуса статус Настаўніка Касцёла.
Такія творы немагчыма пераказаць. Іх трэба чытаць.
Знаёмства з духоўнай спадчынай Тэрэзы ад Дзіця Ісуса было б найлепшай падрыхтоўкай да сустрэчы яе рэліквій на нашай глыбоцкай, браслаўскай, пастаўскай etc зямлі.
Спампаваць “Гісторыю адной душы” на расійскай мове >>>
* * *
Расклад перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы па Віцебскай дыяцэзіі
Браслаў – 17 жніўня — прыбыццё рэліквій у 09.30
Відзы - 18 жніўня — прыбыццё рэліквій у 10.00
Паставы - 19 жніўня — прыбыццё рэліквій у 10.00
Мёры - 20 жніўня — прыбыццё рэліквій у 12.00
Шаркоўшчына - 21 жніўня — прыбыццё рэліквій у 10.00
Глыбокае - 22 жніўня — прыбыццё рэліквій у 10.00
Параф’янава - 23 жніўня — прыбыццё рэліквій у 11.00
Полацк - 24 жніўня — прыбыццё рэліквій у 10.00
Лепель - 25 жніўня — прыбыццё рэліквій у 11.00
Орша - 26 жніўня — прыбыццё рэліквій у 12.00
Віцебск (катэдра) - 28 жніўня — прыбыццё рэліквій у 18.00.
Расклад пададзены паводле Catholic.by
* * *
Рэліквіярый св. Тэрэзы. Фота Catholic.by