Перад намі здымкі ўсім вядомага будынка на вуліцы Камуністычнай у райцэнтры. Ну хто не наведвае фірменны магазін мясакамбіната "Гурман"! Не застаецца без увагі і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, што на другім паверсе. А размову павяду пра першапачатковае прызначэнне пабудовы, якая была ўзведзена як Дом быту, вытворчае памяшканне камбіната бытавога абслугоўвання
Прадпрыемства бытавога абслугоўвання — РКБА, як яго тады называлі скарочана, утворана ў лістападзе 1967-га. Не цяжка вызначыць час фатаграфавання, калі ўлічыць, што 50-годдзе БССР адзначалі 1 студзеня 1969 г. Тады адразу за дзвярыма першага паверха злева знаходзілася фотаатэлье, дзе гаспадарыў Іван Труновіч. Справа была каса, рабочае месца Даны Корсак, якая прыкладна ў той час прыняла прозвішча мужа — Валеўка. Побач працавалі вязальшчыцы, а таксама майстры па рамонце гадзіннікаў, тады ім хапала спраў, усе ведалі ўмельства Эдуарда Балабана.
Лесвіца па цэнтры памяшкання вяла на другі паверх, дзе панавалі швейнікі. Яны таксама былі запатрабаваныя заказчыкамі. Модніцы, якія жадалі мець абноўкі, адразу звярталіся за парадай да закройшчыц, сярод якіх бясспрэчны аўтарытэт мелі Сара Хацкелеўна Фрэйдкіна (казалі і прасцей—Фрыдкіна), Яўгенія Вячаславаўна Валеўка, пазней — Грэцкая. Да яе і цяпер можна наведацца ў "Пралеску".
А ўсёй гэтай гаспадаркай камандавала цвёрдай і ўмелай рукой Паліна Герасімаўна Баравікова, як назвалі б яе цяпер—"першая ледзі", жонка першага сакратара райкама партыі В.А. Агеева.
Вялікія перамены пачаліся ў гэтым будынку з уводам ў эксплуатацыю цяперашняга Дома быту на той жа Камуністычнай. Многія майстэрні памянялі адрас, пераарыентаваліся і наведвальнікі-заказчыкі.
Паступова болела гатовага адзення ў гандлі, менела работы ў краўчых КБА. Але быў попыт на трыкатаж, і швейныя машыны памянялі на вязальныя. Потым яны запаланілі амаль што ўсе памяшканні. Як напоўнілі вырабамі мясцовы рынак, то накіроўвалі іх у Прыбалтыку.Тэхнолагам вязальнага цэха тады працавала Марыя Міхайлаўна Унучак. Але і гэты перыяд аказаўся не надта працяглым. З развалам СССР рэалізацыю трыкатажнай прадукцыі спачатку абмежавалі, а потым і прыпынілі ўстаноўленыя граніцы. Ды і попыт зменшыўся.
У 2004 годзе быў утвораны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, новай службе давялося шукаць вялікагрузныя аўтакраны, каб вывезці на металалом грувасткае вязальнае абсталяванне з другога паверха. Крыху пазней мясакамбінат выкупіў з камунальнай уласнасці раёна першы паверх будынка, у якім неўзабаве паявіўся папулярны цяпер "Гурман". Але гэтыя падзеі ўжо адбываліся на вачах большасці нашых цяперашніх чытачоў. Пра іх нагадаем праз колькі дзесяцігоддзяў.
Здымкі да друку падрыхтаваў Казімір БЛАЖЭВІЧ,
каменціраваў іх Леанід МАТЭЛЕНАК.