19 снежня ўвойдзе ў гісторыю дзіцячага санаторыя "Расінка"як дата афіцыйнага адкрыцця новых аб'ектаў, што занялі пачэсныя месцы на яго тэрыторыі. Сімвалічную чырвоную стужку пераразалі ў гэты дзень аж тры разы: перад корпусам "Маці і дзіця", магазінам-кафэ і набярэжнай. Ва ўрачыстай цырымоніі прымалі ўдзел генеральны дырэктар ААТ "Белаграздраўніца"І. Ф. Аверчанка, генеральны дырэктар КУП "Віцебскмеліяводгас"Э. М. Герасіменка, дырэктар рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Г. М. Балбатоўскі, старшыня Міёрскага райвыканкама І. В. Кузняцоў, дырэктар дзіцячага санаторыя "Расінка"І. У. Паплаўскі і яго калегі з іншых здраўніц. Цёпла, з музычнымі прывітаннямі пад баянны акампанемент сустракаў ганаровых гасцей персанал, а таксама юныя і дарослыя пацыенты санаторыя. Гучалі шчырыя словы прыязнасці за створаныя камфорт і ўтульнасць.
Дзякаваць сапраўды ёсць за што. Санаторый "Расінка"ўжо шматлікія гады з'яўляецца адным з узорных філіялаў ААТ "Белаграздраўніца". Для таго каб утрымліваць заваяваныя пазіцыі, калектыў забяспечвае сваім пацыентам станоўчыя эмоцыі не толькі абслугоўваннем і лячэннем, але і ўмовамі адпачынку.