На Міёршчыне застаюцца зімаваць лебедзі і іншыя пералётныя птушкі, чым іх можна карміць? Такое пытанне нярэдка вырашаюць для сябе не толькі жыхары райцэнтра. З ім звяртаюцца і ў рэдакцыю
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.П. Рунда папярэджвае:
— Лепш дзікіх птушак дамашняй ежай не карміць, бо яна ўтрымлівае соль, цукар і розныя прыправы, шкодныя для пярнатых. Для іх не надта падыходзіць нават камбікорм для курэй, у якім таксама ёсць дабаўкі. Падкормліваць лебедзяў, як і дзікіх качак, магчыма толькі ў перыяд бяскорміцы, калі ім пагражае гібель. Для гэтага спецыялісты рэкамендуюць бадай што толькі пшаніцу, у тым ліку прарошчаную. Але і зерне трэба сыпаць не ў ваду, а на лёд.
Лебедзі некалькі дзён могуць абыходзіцца без корму, у такім стане яны нерухома сядзяць на лёдзе. Калі ім становіцца зусім некамфортна, адлятаюць у пошуках ежы, іншы раз за сотні кіламетраў. Большую небяспеку для іх уяўляюць знешнія пашко-джанні, аб чым сведчаць выдранае пер'е, плямы крыві, вывернутае крыло. Пры выяўленні такіх выпадкаў звяртайцеся ў райінспекцыю, РАНС, міліцыю. І ўлічвайце, што самастойнае перамяшчэнне дзікіх птушак у дамашнія ўмовы забаронена.
Даслана zet17, 26.12.14