ААТ "Міёрскі мясакамбінат"рэалізуе гандлёвым установам і прадпрыемствам грамадскага харчавання каля 150 відаў прадукцыі. Найбольш шырока прадстаўлена група вараных каўбасных вырабаў, сасісак і сардэлек — 30 найменняў. У ліку асабліва папулярных каўбаса "Доктарская грант","Руская водарная"з сальцам, сардэлькі "Калабкі"з сырам. Дзецям прапануюцца мясныя вырабы, абагачаныя лактулозай і кальцыем. Карыстаюцца попытам не толькі каўбасы вышэйшага гатунку, але і другога, якія, як запэўніваюць на камбінаце, па якасці не горшыя: "Народная са шпікам", "Чайная", "Сакавітая", "Хутарская"…
Як паведаміў тэхнолаг Андрэй Мікалаевіч Завадскі, на камбінаце вырабляецца 20 найменняў сыравэнджаных і сыравяленых салямі, а варана-вэнджаных і паўвэнджаных каўбас — 15. Столькі ж найменняў і ў групе далікатэснай мясной прадукцыі .
Пашырыўся асартымент за кошт перапрацоўкі мяса птушкі — вэнджаныя крылы, бёдры, голені… У апошнія гады нарошчваецца выраб і рэалізацыя паўфабрыкатаў — шніцэляў, катлет, пельменяў... Штодзённа адгружае мясакамбінат спажыўцам каля 600 кілаграмаў ахалоджанага фаршу і свежавырабленых каўбас, за якімі раней многія накіроўваліся на Верхнядзвіншчыну.
— Цяпер жыхары суседніх раёнаў едуць да нас, — расказваюць прадаўцы фірменных мясакамбінатаўскіх магазінаў у Міёрах і Дзісне. — Купляюць мясныя выразкі, ахалоджаны фарш, марынаванае мяса для шашлыкоў. Падоўгу затрымліваюцца ля вітрын, выбіраючы каўбасы пад брэндам "Міёры — мясныя прасторы". А сярод мясцовага насельніцтва дастаткова запатрабаваная прадукцыя, якую перапрацоўшчыкі адносяць да няфондавай, — каўбаса ліверная і крывяная, розныя віды паштэтаў, зельцы. А за свежымі субпрадуктамі іншы раз нават чарга.
Калі гаварыць пра аб'ёмы вытворчасці, то штомесячна на прадпрыемстве вырабляюць каля 130 тон варанай каўбасы, 40 тон паўфабрыкатаў. А сыравэнджаных і сыравяленых салямі зыходзіць з канвеера па 15-20 тон, хаця абсталяванне дазваляе выпускаць і больш, аднак не хапае сыравіны, якая паступае на мясцовае прадпрыемства ў асноўным з сельгасарганізацый Міёрскага, Шаркаўшчынскага і Верхнядзвінскага раёнаў.
— Наш мясакамбінат ідзе курсам мадэрнізацыі. Ужо вельмі многае зроблена, што дало магчымасць і якасць прадукцыі павялічыць, і асартымент выпускаемай прадукцыі абнавіць і пашырыць. На каўбасным участку ўстанавілі новыя імпартныя апараты для здрабнення фаршу, шпрыцавання каўбасных вырабаў, — расказвае А. М. Завадскі. — Вялікія магчымасці адкрыліся пасля будаўніцтва цэха па вытворчасці сыравяленай і сыравэнджанай каўбасы, у якім "прыпісалася"новае сучаснае абсталяванне нямецкай вытворчасці. Калі яго ўстанавілі, Міёрскі мясакамбінат быў адзіным у рэспубліцы, дзе выкарыстоўвалася такая прагрэсіўная тэхналогія. За вопытам да нас прыязджалі спецыялісты ажно з Брэстчыны.