Юбілейны дзень нараджэння раённага аддзела ўнутраных спраў яго супрацоўнікі адзначылі разам са сваімі ветэранамі і добрымі сябрамі. Урачыстаць праходзіла сёмага лістапада ў РДК. Праваахоўнікі прымалі віншаванні, атрымлівалі ўзнагароды і падарункі.
— 75 год для аддзела — цудоўны узрост. Назапашаны багаты вопыт, ёсць традыцыі і цудоўны калектыў. І, вядома, усё лепшае яшчэ наперадзе, — заўважылі вядучыя святочнага мерапрыемства Аляксей Гайдзель і Святлана Гайдзель. Яны нагадалі этапы фарміравання міёрскай міліцыі, чыя гісторыя бярэ адлік з 2 лістапада 1939 года. Спачатку гэта была міліцыя Дзісенскага павета Вілейскай вобласці, праз год — міліцыя Міёрскага раёна Вілейскай вобласці, яшчэ праз некаторы час раён увайшоў у склад Полацкай вобласці, пасля — Маладзечанскай. З 20 студзеня 1960 года замацавалася сучасная назва — аддзел унутраных спраў Міёрскага райвыканкама Віцебскай вобласці.
Гартаючы старонкі мінулага, спыніліся на трагічнай для аддзела даце 15 лістапада 2004 года. У гэты дзень пры затрыманні ўзброенага правапарушальніка загінуў малады ўчастковы інспектар лейтэнант міліцыі Аляксандр Кісялеўскі. Памяць таварыша і ўсіх, хто, на жаль, назаўсёды пакінуў рады міліцыянераў, ушанавалі хвілінай маўчання.
Разам са шматлікімі пераменамі, што адбываліся ў аддзеле за час існавання, пастаянным заставаўся прынцып работы — умацаванне правапарадку і захаванне законнасці.
— Дзякуючы добрасумленнай службе супрацоўнікаў міёрскай міліцыі забяспечваецца грамадская стабільнасць, бяспека і спакой у раёне, — адзначыў выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Вячаслаў Анатольевіч Бялько. Да слоў віншавання і ўдзячнасці дабавіліся ўзнагароды. Ганаровая грамата райвыканкама ўручана маёру міліцыі Дзмітрыю Паўлавічу Хомічу, падзяка аб'яўлена старшаму лейтэнанту Сяргею Пятровічу Міхайлаву. Каштоўныя падарункі атрымаў РАУС ад райвыканкама і ўпраўлення сельскай гаспадаркі.
Віншавальную эстафету пераняла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Мікалаеўна Баніфатава. Добрыя пажаданні прагучалі ў адрас былых і цяперашніх супрацоўнікаў аддзела. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны ўчастковы інспектар Аляксандр Канстанцінавіч Малыш.
Са словамі ўдзячнасці і каштоўным падарункам павіншаваць РАУС ад імя абласнога кіраўніцтва прыехаў намеснік начальніка штаба УУС палкоўнік міліцыі Дзмітрый Іванавіч Броўка. Плюс да таго — уручэнне ўзнагарод асобным супрацоўнікам. Нагрудным знакам "За адзнаку"ўзнагароджаны старшы інспектар ДПС Аляксандр Фёдаравіч Савейка. Ганаровай граматай УУС аблвыканкама — начальнік аддзялення ДАІ Мікалай Мікалаевіч Шамёнак і яго намеснік Уладзімір Іосіфавіч Лапыр. Падзяка абласнога ўпраўлення аб'яўлена вадзіцелю Генадзю Віктаравічу Турзёнку.
Віншавалі праваахоўнікаў начальнік раённага аддзела следачага камітэта Аляксандр Раманавіч Фурс, першы намеснік камандзіра ваеннай часці 2034 (полацкі пагранатрад) Максім Уладзіміравіч Прыбачэнка, раённы ваенны камісар Сяргей Іванавіч Жабёнак.
Ваенны камісар адзначыў, што з аддзелам унутраных спраў іх звязвае цеснае ўзаемадзеянне, і узнагародзіў тых, хто найлепшым чынам зарэкамендаваў сябе ў агульнай справе. Юбілейныя медалі ўручаны маёру міліцыі Дзмітрыю Паўлавічу Хомічу, старшаму лейтэнанту Сяргею Сяргеевічу Матэленку, маёру Віктару Альбертавічу Галузу. Ганаровай граматай адзначаны маёр Аляксандр Мікалаевіч Капусцін, старшы лейтэнант Павел Аляксандравіч Танкавід, лейтэнант міліцыі Сяргей Ігаравіч Касімоўскі, маёр міліцыі запасу Аляксандр Уладзіміравіч Слізень.
Міліцыянерам не знаёма слова "былы". Нават калі надыходзіць пара заслужанага адпачынку, яны застаюцца са сваімі таварышамі. Толькі ў іншай якасці. Зусім нядаўна звольнены ў адстаўку намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Пятровіч Чапулёнак. Падчас мерапрыемства яго прынялі ў рады ветэранскай арганізацыі. Старшыня аб'яднання Раман Браніслававіч Фурс уручыў "навічку"ветэранскі білет, а калегі-саслужыўцы — падарунак на памяць.
Ветэранам міліцэйскай службы, чый вопыт і традыцыі сталі трывалым фундаментам для маладога пакалення, адрасаваліся асобныя словы ўдзячнасці і добрыя пажаданні. На свяце прысутнічалі былыя начальнікі РАУС Раман Браніслававіч Фурс, Іван Пятровіч Рунда, Іван Мечыслававіч Фурс. Ім ад калектыву аддзела ўручаны памятныя падарункі.