Ігар Віктаравіч Бунта не шкадуе, што пайшоў па музычным шляху. Ён ужо шосты год выкладае майстэрства ігры на акардэоне і фартэпіяна ў Дзіцячай школе мастацтваў.
— У чалавеку закладзена, што хоць аднойчы ў жыцці хочацца нешта памяняць, але я задаволены: работа цікавая, творчая, па мне.
У Наваполацкім музычным вучылішчы (зараз каледж) атрымаў некалькі спецыяльнасцяў: артыст ансамбля і аркестра, дырыжор, але асноўная з іх — выкладчык па класе акардэона. Дадатковы інструмент — фартэпіяна. Пасля заканчэння вырашыў працягваць адукацыю і паступіў на завочнае аддзяленне факультэта музычнага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.
Я вучыцца люблю, — заўважае Ігар Віктаравіч, — і яшчэ б паступіў, аднак пакуль няма часу: сям'я, дачка маленькая. Не скажу, што набываць адукацыю цяжка. Да таго ж, вельмі цікава: новыя веды, знаёмствы.
Малады музыкант ужо пяць гадоў у шлюбе, яго жонка Галіна Пятроўна зараз вядзе музычны курс у Павяцкім філіяле ДШМ. Дачцы Валерыі тры з паловай, але ўжо праяўляецца цікавасць да музыкі. Тата прыводзіць яе на экскурсію ў школу мастацтваў, садзіць за інструменты, прывівае музычны густ.
— Мне чамусьці здаецца, што дачка будзе танцаваць або спяваць, бо для ігры патрабуецца шмат уседлівасці, якой ёй пакуль не хапае.
Спецыяліст прыехаў на малую радзіму па размеркаванні, аднак прапаноўвалі застацца ў Наваполацку, бо паралельна з вучобай працаваў у агульнаадукацыйнай школе з музычным ухілам.
— Я адчуваў, што там не будзе перспектывы. І сапраўды, праз два гады калега паведаміў, што спецыялізаваныя школы рэарганізавалі ў звычайныя. Да таго ж, для мяне вельмі важнае пытанне — жыллё. У Міёрах актыўна ўзводзіліся новыя дамы. Мы з жонкай сталі на чаргу і праз два гады пачалі будавацца.