Падбіраючы тэмы для чарговай тэлеперадачы, Ігар Пазняк убачыў на інтэрнэт-сайце раённай газеты праграму святкавання 500-годдзя Міёр і падумаў: чаму б не спалучыць прыемнае з карысным? Ужо не першы год збіраўся прыехаць у родны горад. А тут прадставілася магчымасць і панастальгіраваць, і папрацаваць адначасова. У Міёрах правёў два дні пасля 17-гадовага перапынку.
Славуты зямляк 12 гадоў працуе на сталічным тэлебачанні. Вядзе інфармацыйную праграму "24 часа"і выніковую грамадска-палітычную—"Неделя"на тэлеканале СТБ. 7 гадоў кіруе службай навін, афіцыйна—дырэктар дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання.
што не падыходжу па тыпажы, бо маю вельмі суровы вобраз. Доўгі час быў карэспандэнтам, за што вельмі ўдзячны лёсу. Перакананы: расказваць людзям інфармацыю ў кадры ад сваёй асобы трэба, калі ёсць за плячыма журналісцкі вопыт, калі стаптаў не адну пару чаравікоў і пабіў каленькі да крыві будучы рэпарцёрам. Такая палітыка нашага тэлеканала. Ёсць, канечне, выключэнні, але, як правіла, усе вядучыя навін практыкавалі журналістамі.
—Што Вас прывяло да выбару шляху тэлевядучага?
—Уласна кажучы, чыстая выпадковасць, ніякіх спецыяльных планаў і намераў не было. Хоць прыгадваю, як на раённай алімпіядзе па геаграфіі на пытанне "што б я змяніў у Міёрах?", сказаў, што тут ёсць раённая газета, радыё, а я б яшчэ адкрыў тэлебачанне. Напэўна, у гэтых словах прыхаваны нейкі сакральны сэнс. З раённым тэлебачаннем не атрымалася, аказаўся на рэспуб-ліканскім. Журналістыка мне падабалася заўсёды. Была нават неажыццявімая мара—каб мой артыкул надрукавалі ў газеце "Сцяг працы" (былая назва раёнкі). Нараджаліся думкі: ці не паступіць на журфак ці філфак. З падачы настаўніцы геаграфіі Тамары Піліпаўны Лонскай удзельнічаў у алімпіядзе па гэтым прадмеце. Пасля таго, як дайшоў да рэспубліканскай прыступкі, іншых варыянтаў у выбары прафесіі не заставалася. Скончыў геафак Белдзяржуніверсітэта (дарэчы, вучыўся ў адной групе з Георгіем Калдуном), затым—аспірантуру, напісаў дысертацыю па геаграфіі і мог стаць кандыдатам геаграфічных навук, але ўбачыў па тэлебачанні адзін з першых выпускаў навін тады яшчэ маладога тэлеканала СТБ, дзе вядучая Ірына Марцьянава (зараз мая калега) аб'-явіла пра набор журналістаў і вядучых. Я падумаў, чаму б не паспрабаваць? Аднак асаблівай надзеі на ўдачу не было. Адбыўся кастынг. Усім сказалі стандартную фразу: "Дзякуй, вам ператэлефануюць". Я на гэта ўжо паспяхова забыўся, як тыдні праз два паведамілі: "Вы нам падышлі". З таго часу і застаўся на тэлебачанні.
—Раскажыце што-небудзь цікавае пра сваю працу.
У навінах так не бывае, што ўсё гатова дакладна да эфіру. Напрыклад, ідзе "шапка", а першы сюжэт яшчэ манціруецца. Вядучы праз навушнік чуе, што адбываецца ў апаратнай. Могуць крычаць: "Цягні час, сюжэт не гатовы, яшчэ дзве секунды!"Тады даводзіцца нешта расказваць ад сябе. Тэксты на памяць не вучым. У студыі працуюць тры камеры, і над кожнай тэлевізійны суфлёр (на чорным фоне ідуць цітры). Аднак на ўсякі выпадак перад вядучым ляжаць матэрыялы. Праўда, вельмі рэдка, аднак бывала пару раз, што суфлёр гаснуў. Тэксты (ці як мы называем—падводкі) вядучыя пішуць самі. У дзень сем выпускаў навін. Асноўны—у 19.30—называем прайм-таймам. Вядучы пачынае яго рыхтаваць прыкладна з дзвюх гадзін. Наш асноўны вячэрні выпуск навін выходзіць раней за іншыя тэлеканалы. З аднаго боку, знахо-дзімся ў самым выгадным становішчы, а з другога—нам складаней, бо менш часу на падрыхтоўку. Цікава працаваць не толькі тэлевядучым, але і наогул журналістам. Падчас маёй вучобы на геафаку адмянілі дальнюю практыку. Я гэты прабел папоўніў, калі стаў рэпарцёрам—пабываў у Кітаі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Венесуэле, Вялікабрытаніі, не гаворачы пра краіны СНД. Прафесія журналіста—гэта кожны дзень новыя эмоцыі, новыя людзі, новыя знаёмствы, новыя факты.
—Вы лічаце сябе публічным чалавекам?
—Тэлевізійныя наваснікі, можа быць, і публічныя, але не настолькі, як артысты, акцёры. Наша вядомасць—вынік прафесіі. Шчыра кажучы, не хочацца, каб пазнавалі на вуліцах.
Ігар Аляксеевіч, Вы—сямейны чалавек?
Так. Дачцэ 12 гадоў. Жонка—настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
—Прыемна наведаць радзіму пасля доўгага перапынку?
Канечне. Кіраўніцтва цэнтральнай бальніцы прадставіла мне ўнікальную магчымасць убачыць, на якім радзільным стале я з'явіўся на свет. Паглядзеў раддом, пабываў у палаце, куды мяне прынеслі з радзалы. У ЗАГСе паказалі запіс аб маім нараджэнні: нядзеля 11 красавіка 1976 года. Як зараз памятаю (жартуе субяседнік).
Дзе Вы за гэты час пабывалі ў Міёрах?
Першай здымачнай кропкай быў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Дарэчы, радуе мноства для невялікага горада спартыўных аб'ектаў. Тры полі са штучным пакрыццём. У маім дзяцінстве не было ніводнага. Ёсць і невялікі басейн, трэнажорная зала. Словам, зараз няма праблемы, куды растрачваць сілы і неўтаймоўную энергію. Ездзілі на Ельню. Уразіла паўтаракіламетровая экалагічная сцежка. Ад дырэктара заказніка Івана Іванавіч Барка ўпершыню даведаўся, што калі чалавек атручваецца ўгарным газам, закладваюць у вушы журавіны. Першы раз убачыў гадзюку. Аказваецца, Ельня—кавалак тундры Беларусі, мае прыроду, характэрную не для нашай краіны, а для наваколля паўночнага Архангельска. Хоць я географ па адукацыі, такога факта не ведаў. Адчуў смак дзяцінства, паспрабаваўшы журавіны. Наведаў школу №3, дзе вучыўся. Вітольд Антонавіч Ермалёнак паказаў музеі. А завуч Іосіф Станіслававіч Кашкур прадставіў мне ўнікальную магчымасць правесці ўрок геаграфіі ў дзесяцікласнікаў на тэму "Выгоды геаграфічнага становішча Міёрскага раёна". Здымачная брыгада схадзіла ў кінатэатр. Уразіў кошт білетаў—3 тысячы рублёў. У сталіцы—ад 50-ці і вышэй. Да таго ж, далі магчымасць выбраць фільм. Калегі засталіся вельмі задаволеныя. Пабылі на чыгунцы. Я прыкмеціў, што наш горад прачынаецца і засынае пад гудок цягніка. Ля касцёла звярнулі ўвагу на помнік ненароджанаму дзіцяці. Урач бальніцы расказала, што цяжарная жанчына, якая збіралася зрабіць аборт, падышоўшы да гэтага помніка, змяніла сваё рашэнне. Адметна, што вокны рэанімацыі выходзяць на касцёл. Наша цудоўная Набярэжная—адна з самых доўгіх у Беларусі. Ды справа не ў даўжыні, а ў прыгажосці. Старшыня райвыканкама Ігар Валер'евіч Кузняцоў расказаў: для яе будаўніцтва разабралі ўзлётна-пасадачную паласу з аэрадрома. Таму называюць аэрадромнай. Прываблівае паўвостраў.
Што хочаце пажадаць роднаму гораду ў яго 500-годдзе?
Я памятаю, што ў маім дзяцінстве Міёры адзначалі 350 год, зараз—500. Вітольд Антонавіч Ермалёнак сказаў, што на гэтай лічбе не спыніцца, будзе шукаць новыя факты больш глыбокай старажытнасці. Таму свайму роднаму гораду жадаю, каб яго ўзрост павялічваўся, а выгляд толькі маладзеў.