5 мая ў Мінску затрыманы актывіст арганізацыі «Малады фронт» (зарэгістравана ў Чэхіі) Мікалай Дземідзенка. Аб гэтым БелаПАН паведаміла Наста Дашкевіч, жонка былога палітвязня Змітра Дашкевіча.
Яна расказала, што Дземідзенка паспеў патэлефанаваць сябру, сказаць, што яго затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі, потым тэлефон адключыўся. Сябар таксама выключыў тэлефон. Дзе цяпер знаходзіцца Дземідзенка, невядома.
Варта адзначыць, што зараз розныя тэрміны адміністрацыйных арыштаў адбываюць каля дзясятка грамадскіх актывістаў, затрыманых да і пасля акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях», якая адбылася ў Мінску 26 красавіка.
Праваабаронцы расцэньваюць гэтыя затрыманні як прэвентыўныя напярэдадні старту чэмпіянату свету па хакеі.
Мікола Дземідзенка нарадзіўся 8 сакавіка 1989 года, да 2007 года жыў разам з бацькамі ў Мёрах. Адлічаны за палітычную дзейнасць з гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага універсітэта. Намеснік старшыні Маладога Фронту - моладзевай арганізацыі, якая найбольш прынцыпова і найбольш гучна выступае за нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасці. Дзясяткі разоў затрымліваны міліцыяй, неаднаразова атрымліваў штрафы і арышты за ўдзел у масавых акцыях і па ілжывых абвінавачаннях у брыдкаслоўі.