Набліжаецца святочны ліпень, калі ўся рэспубліка, у тым ліку наш раён, будуць святкаваць 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як ідзе падрыхтоўка да гэтай знамянальнай падзеі — з такім пытаннем "Міёрскія навіны"звярнуліся да старшыні раённага Савета дэпутатаў М. М. Баніфатавай.
— Падрыхтоўчая работа атрымала шырокі размах, — адзначыла Марыя Мікалаеўна, — у яе даўно ўключыліся аддзелы і ўпраўленні райвыканкама, гарсельвыканкамы, грамадскія арганізацыі, працоўныя калектывы, установы культуры і медыцыны, школы, музеі, краязнаўцы. Не першы год ідзе пошукава-даследчая экспедыцыя "Не было безыменных салдат…"Устаноўлены імёны 95 ваеннаслужачых, што загінулі пры вызваленні Міёршчыны. Засталося выявіць прозвішчы дзесяці ў пахаваннях вёсак Лупаўшчына, Каменполле і Узмёны, гарадоў Міёры і Дзісна. Скла-дзены спіс 868 ахвяр фашызму, што ляжаць у брацкай магіле ў Дзісне, 106 прозвішчамі дапоўнены жалобны пералік расстраляных у райцэнтры. І гэтая работа працягваецца.
Члены "БРСМ"правялі патрыятычныя акцыі "Я памятаю! Я ганаруся!", "Мой падарунак ветэрану", "Моладзь — ветэранам"па аказанні шэфскай дапамогі. Юнакі і дзяўчаты пастаянна займаюцца добраўпарадкаваннем помнікаў, месц пахаванняў, магіл загінулых у гады вайны. У памятныя дні там арганізоўваюць Вахты памяці.
Падкрэслю, што гэтая работа праводзіцца і на дзяржаўным узроўні. На ўвекавечванне памяці абаронцаў Айчыны выдзяляюцца значныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца поўнасцю. Аб гэтым можаце меркаваць хаця б па абнаўленні помніка ў райцэнтры, добраўпарадкаванні пахаванняў і памятных месц ў Масеўцах, Чэрасах, ва ўсіх аграгарадках і не толькі. Гэта вынік іх замацавання за гарсельвыканкамамі, школамі, пярвічкамі "БРСМ", арганізацыямі і прадпрыемствамі.
Каманда раёна заняла прызавое другое месца ў абласной ваенна-спартыўнай гульні "Зарніца".
Па месцах баявой славы распрацаваны турыстычныя маршруты.
На Міёршчыне ўжо няшмат непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай — гэта 5 інвалідаў, 29 франтавікоў і партызан, 2 працаўнікі тылу, 4 сям'і загінулых ваеннаслужачых, 38 былых вязняў канцлагераў. Нядаўна ў чарговы раз абследаваны сацыяльна-бытавыя ўмовы іх жыцця, на сакавіцкім пасяджэнні райвыканкама вызначаны меры падтрымкі. Дадаткова за кожным ветэранам замацаваны школы, працоўныя калектывы для штодзённай дапамогі. Усім маючым патрэбу забяспечана сацыяльнае абслугоўванне, у тым ліку ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання. Ім выдзяляюцца сродкі рэабілітацыі, аказана матэрыяльная дапамога.
Комплекснае медыцынскае абследаванне ўсіх ветэранаў правялі нашы медыкі, у абласным шпіталі лячылася 11, у рэспубліканскім — 2.
Раённы савет ветэранаў віншуе заслужаных людзей раёна са знамянальнымі датамі, наведвае іх дома, уручае падарункі. Сардэчныя словы ўдзячнасці за спонсарскую падтрымку ў гэтых пытаннях выказваю калектывам ААТ "Міёрскі мясакамбінат" (кіраўнік В. В. Бандарэнка), УП ЖКГ (У. І. Мяцеліца), райпа (С. Д. Лясовіч). Не застаюцца у баку ад такой важнай справы кіраўнікі ПМК-55, Міёрскага і Язненскага ПМС, хлебазавода, лясгаса, сельгаспрадпрыемстваў "Мікалаёўскі", "Чэрасы", "Цітова", "Павяцце", "Гвардзейскі"і іншых.
Члены раённай арганізацыі РГА "Белая Русь"падрыхтавалі для ветэранаў святочную праграму, неаднаразова ўручалі ім сувеніры. Спартсмены праводзяць спаборніцтвы і эстафеты, прысвечаныя Дню Перамогі і Дню вызвалення. Цяпер працягваецца конкурс музеяў і куткоў баявой славы "Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем", вынікі якога будуць падведзены ў наступным годзе. Між тым гэта толькі адзін з момантаў патрыятычнага выхавання моладзі, якое праводзяць установы адукацыі.
Сярод мерапрыемстваў устаноў культуры — канцэрты, "круглыя сталы", гутаркі, вусныя часопісы, кніжныя выставы і многае іншае для ветэранаў і з іх удзелам.
Гарсельвыканкамы і кіраўнікі працоўных калектываў клапоцяцца, каб не толькі удзельнікі вайны, усе ветэраны не мелі асаблівых праблем з апрацоўкай агародаў, уборкай ураджаю, забеспячэннем палівам.
Работа па падрыхтоўцы да 70-годдзя вызвалення Беларусі працягваецца, гэта пачатковы этап грандыёзнага святкавання юбілейнай даты Вялікай Перамогі.