Вынікі дзейнасці за 2018 год падвялі ў сістэме аховы здароўя Міёршчыны. Медыка-санітарны савет прайшоў з удзелам начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрыя Дзеркача і старшыні Міёрскага райвыканкама Ігара Кузняцов
У пачатку выступлення галоўны ўрач Міёрскай ЦРБ Алена Сівая адзначыла, што 2018-ы ў сферы аховы здароўя прайшоў як год выяўлення карупцыйных злачынстваў. Гэта не лепшым чынам паўплывала на давер насельніцтва да медыцыны. Выпраўленне сітуацыі залежыць ад кожнага медыцынскага работніка. Важныя як прафесійныя якасці, так і асабістыя.
НА Міёршчыне галоўная падзея мінулага года — увядзенне ў эксплуатацыю новай бальніцы. Як расказала Алена Фёдараўна, на будаўніча-мантажныя работы затрачана 18,8 мільёна рублёў. Набылі абсталяванне на суму 2,8 млн. рублёў. У тым ліку інкубатар для нованароджаных, апараты ўльтрагукавой дыягностыкі, інгаляцыйнай анэстэзіі, штучнай вентыляцыі лёгкіх для дзяцей і дарослых і іншае. На тры аўтамабілі папоўніўся аўтапарк. Палепшыліся ўмовы працы, узраслі магчымасці якаснага і своечасовага аказання медыцынскай дапамогі.
У РАЁНЕ пражывае 19 тысяч 921 чалавек. З іх 51,6% складае працаздольнае насельніцтва, 32% — людзі пенсіённага ўзросту. 1 тысяча 147 дасягнулі васьмідзесяці і больш год. Такая ўзроставая структура непасрэдна ўплывае на паказчык агульнай смяротнасці. У мінулым годзе памерлі 365 чалавек. Амаль у палове выпадкаў прычынай смерці сталі захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. У працаздольным узросце пайшлі з жыцця 66 чалавек. З іх 24 памерлі ад знешніх прычын: сем учынілі суіцыд, чацвёра атруціліся алкаголем, трое загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях, яшчэ дзесяць — ад іншых траўм.
Інвалідамі ў працаздольным узросце ў мінулым годзе прызнаны 44 чалавекі. З іх 15 — па анкалагічных захворваннях, 11 — па хваробах сістэмы кровазвароту.
Павялічыліся выпадкі захворваемасці з часовай стратай працаздольнасці ў параўнанні з 2017 годам. Асноўныя прычыны—хваробы органаў дыхання, траўмы і атручванні, пераломы. Часцей за ўсё ў такіх сітуацыях аказваліся работнікі Міёрскага ПМС, мясакамбіната, ПМК-55, СУП “Цітова” і санаторыя “Расінка”.
ЗА 2018-Ы ў раёне нарадзілася 187 дзяцей. 98 родаў правялі ў акушэрскім аддзяленні Міёрскай ЦРБ. Як заўважыла Алена Сівая, колькасць жанчын фертыльнага ўзросту памяншаецца. За апошнія дзесяць год іх стала менш амаль на дзве тысячы.
З 1965 школьнікаў раёна першую групу здароўя маюць 11%. Найбольш распаўсюджаныя захворванні ў дзяцей — зніжэнне зроку, плоскаступнёвасць, гастрыт, хваробы скуры.
Для акушэрска-гінекалагічнай і педыятрычнай служб прыярытэтнай задачай застаецца паляпшэнне якасці прафілактычных аглядаў, санітарна-асветніцкая работа з дзецьмі і бацькамі. Трэба актывізаваць работу па выяўленні непаўналетніх, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
СА з’яўленнем спецыяліста наладзіла работу наркалагічная служба. Па стане на пачатак 2019 года, на ўліку знаходзіцца 645 чалавек. З іх 130 упершыню ўзяты пад кантроль. 31 аматар спіртнога накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, 67 — на лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Праблема алкагалізацыі насельніцтва застаецца актуальнай. У мінулым годзе ў раёне прадалі 1 мільён 142 тысячы 690 літраў гарачыльных напояў. Гэта 56,9 л на душу насельніцтва.
НА ВАРЦЕ здароўя жыхароў раёна — 64 урачы і 259 медработнікаў сярэдняга звяна. Па мэтавым накіраванні ў медуніверсітэтах вучацца пяцёра студэнтаў, двое паступілі ў мінулым годзе.
УРАЧЫСТЫ МОМАНТ
Пастаянны складнік выніковых справаздач — узнагароджанне лепшых работнікаў.
Начальнік абласнога ўпраўлення па ахове здароўя Юрый Дзеркач уручыў заслужаныя ўзнагароды старшай медсястры Язненскай участковай бальніцы Асі Басянок і загадчыцы акушэрскага аддзялення Міёрскай ЦРБ Ганне Ерафеевай.
Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў узнагародзіў Ганаровай граматай урача-тэрапеўта аддзялення прафілактыкі Міёрскай паліклінікі Людмілу Прышчэп і аб’явіў удзячнасць загадчыцы Чапукоўскага ФАПа Валянціне Пяткевіч.
Многія работнікі атрымалі ўзнагароды ад кіраўніцтва раённай бальніцы.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.