Такую назву носіць конкурс каляднай песні, які традыцыйна ладзіць Мёрская парафія.
У гэтым годзе мерапрыемства адбылося ў сераду, 3 студзеня ў Мёрскім раённым Доме культуры.
Арганізатарам гэтага штогадовага конкурсу з’яўляецца ксёндз Кшыштаф Мянкіна, мясцовы пробашч. Ужо ад самай раніцы ў Мёры сталі прыбываць маладыя таленты з розных куткоў Віцебскай дыяцэзіі. Усяго ў гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі дванаццаці парафій, а калі ўлічыць тую акалічнасць, што ў Паставах ужо дзве каталіцкія парафіі, то можна сцвярджаць, што ў Мёрах прысутнічалі трынаццаць прадстаўнікоў.
Ганаровымі гасцямі фестывалю ў гэтым годзе сталі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч і канцлер дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч. Ксёндз Віктар у гэтым годзе ўзначаліў журы, у склад якога ўвайшлі таксама выкладчык музыкі Галіна Грабоўская і мастачка Вольга Чарняўская. Для святара гэта быў дэбют на пасадзе кіраўніка журы, але ён годна з гэтым справіўся.
Самай эмацыйнай часткай праграмы было ўручэнне дыпломаў і аб’яўленне вынікаў. Журы нікога не пакінула без падарункаў і прызоў. А як жа інакш? Гэта дзеці, якія могуць і пакрыўдзіцца, калі ім не ўдзяліць належнай увагі.
Таму былі вызначаныя тры прызы глядацкіх сімпатый, тры трэція месцы, тры другія і тры першыя.
Прызы глядацкіх сімпатый атрымалі Крысціна Багушэвіч і Андрэй Малатоўнік з Варапаева, Маша Шаура з Паставаў і Дзіяна Гуйдо з Наваполацка.
Трэція месцы дасталіся гурту віяланчэлістаў з Бешанковічаў, фальклорнаму гурту з Мёраў і Паліне Сіняўскай з Глыбокага.
Другія месцы падзялілі Сафія Пацянкоўская з Верхнядзвінску, гурт “Ex anima” з Браслава і Мікіта Рабухін з Паставаў.
Лепшымі сталі гурт “Музыкі Хрыста” з Шаркаўшчыны, Злата Ярашэвіч з Лучая і Анастасія Пазняк і Антон Анецько з Мёраў. Пераможцы атрымалі гітары. А напрыканцы ад дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” усе ўдзельнікі атрымалі салодкія падарункі.
А Мёры развіталіся з удзельнікамі і гасцямі свята да наступнага года.